Напярэдадні свята Жыровіцкага абраза Божай Маці на Слонімшчыне прайшоў «Манастырскі забег». Арганізатарам мерапрыемства выступілі Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі, Навагрудская епархія БПЦ і Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр.
Сёлета «Манастырскі забег», які стаў візітнай карткай Слонімшчыны, адзначыў свой першы сур’ёзны юбілей — ён прайшоў у пяты раз. У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за тры тысячы чалавек. Сярод аматараў здаровага ладу жыцця было і кіраўніцтва Слонімскага раёна, ветэраны спорту, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь, школьнікі і госці Слонімшчыны з іншых рэгіёнаў краіны. Забег стартаваў у цэнтры Жыровічаў каля Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра. Удзельнікі маглі выбіраць дыстанцыі — працягласцю ў 3 і 10 км.
Традыцыйна адной з самых згуртаваных і актыўных каманд на старце стала пярвічная прафсаюзная арганізацыя Бальшэшылавіцкай базавай школы Слонімскага раёна. Для педагогаў і супрацоўнікаў прафсаюзу — гэта не проста барацьба за секунды на секундамеры. Гэта шлях пераадолення, які праходзіць па маляўнічых і святых месцах, побач са сценамі Свята-Успенскага манастыра і купелямі.
Удзел у такіх мерапрыемствах — яскравы прыклад таго, як прафсаюз можа аб’ядноўваць людзей не толькі ў прафесіянальнай, але і духоўнай сферах. Гэта новая традыцыя дазваляе звярнуцца да вытокаў і пры гэтым адчуць сябе часткай вялікай і моцнай краіны, дзе шануюцца агульныя каштоўнасці.
Вераніка КРЭЧЫК, старшыня ППА ДУА «Бальшэшылавіцкая базавая школа Слонімскага раёна».