У нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» назвалі найлепшыя аздараўленчыя лагеры Беларусі. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу на найлепшы аздараўленчы лагер прайшла ў рамках рэспубліканскага семінара-нарады па падвядзенні вынікаў аздараўлення дзяцей у летні перыяд 2025 года, перадае БелТА.
Пераможцаў вызначылі ў сямі намінацыях. Найлепшым стацыянарным лагерам краіны прызнаны выхаваўча-аздараўленчы лагер «Дружба „РУП“ Віцебскаблгаз», а сярод лагераў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні аддзелаў адукацыі выканкамаў, — лагер «Буравеснік» упраўлення адукацыі Уздзенскага раёна.
Найлепшым стацыянарным лагерам у арганізацыі медыцынскага забеспячэння стаў выхаваўча-аздараўленчы лагер імя Гагарына філіяла «Санаторый «Волма» прадпрыемства «Мінсктранс». Сярод лагераў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні аддзелаў адукацыі выканаўчых камітэтаў, найлепшым у гэтай намінацыі прызнаны аздараўленчы лагер «Рось» упраўлення адукацыі Ваўкавыскага раённага выканкама.
Па выніках конкурсу лепш за ўсё харчаванне арганізавана ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Бродаўка» ўпраўлення па адукацыі Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта. Узорнай арганізацыяй спартыўна-аздараўленчай работы можа цяпер пахваліцца лагер «Дуброва» ўпраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ «Беларуськалій», а сярод лагераў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні аддзелаў адукацыі выканаўчых камітэтаў, — дзіцячы аздараўленчы лагер «Сузор’е» ўпраўлення адукацыі Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта.
На разгляд журы ў намінацыях «Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку «Зробім лета ярчэй», «Найлепшы лагер у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей "Ганаруся табой, мая краіна!" і «Найлепшая арганізацыя работы па рэалізацыі мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання» было пададзена 37 праектаў. У першай з гэтых намінацый дыпломам I ступені для лагераў з кругласутачным знаходжаннем узнагароджаны прадстаўнікі аздараўленчага лагера «Бярозка» Лідскага раёна — аўтары праекта "Патрыёцк — горад, які мы пабудуем!». Сярод устаноў з дзённым знаходжаннем найлепшым у гэтай намінацыі стаў «Новы свет» Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці за праект «PRO100 і ў кропку!». У гэтай жа намінацыі сярод лагераў працы і адпачынку дыплом пераможцы ў лагера з дзённым знаходжаннем «Новае пакаленне» Гнязноўскай сярэдняй школы.
У намінацыі «Найлепшы лагер у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей "Ганаруся табой, мая краіна!» перамог выхаваўча-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем «Усмешка» Докшыцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Перамога ў намінацыі «Найлепшая арганізацыя работы па рэалізацыі мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання» дасталася выхаваўча-аздараўленчаму лагеру з кругласутачным знаходжаннем “Ізумрудны„ Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка за праект “#Эколаг_і_Я: прапануй, стварай, дзейнічай».