Мой тата, Міхаіл Уладзіміравіч Аўдзевіч, нарадзіўся ў Заходняй Беларусі за так званым польскім часам (у 1916 годзе) у сям’і, дзе падрастала шасцёра дзяцей. Каб неяк пракарміцца, усе яны змалку мусілі працаваць. У лес у грыбы ды ягады хадзілі баючыся: на гэта трэба было браць адпаведны дазвол. Выручала хіба што рэчка Бярэзіна, якая працякала побач: здаралася, што рыбу елі дзень пры дні — двойчы, а то і тройчы...
Вайсковую службу тата праходзіў у польскай арміі. З мамай яны пабраліся шлюбам на самым пачатку вайны і ўжо з дзеткамі жылі «пад немцамі». Баяліся фашыстаў (а найбольш паліцаяў), але, рызыкуючы ўсім, дапамагалі партызанам: перадавалі ежу, адзенне.
Паводле ўспамінаў таты, ён неяк быў у брата Васіля. Туды ж заехалі партызаны. Коней завялі ў хлеў, самі селі паесці — за перагародкай на так званай чыстай палове хаты, дзе круціліся і дзеці.
У гэты час у двор, у дом уваліліся немцы (непаводдаль быў гарнізон). Убачыўшы ворагаў, цётка Ганна, што стаяла ля печы, за нейкія хвіліны пасівела...
Тым разам, на шчасце, усё абышлося: забраўшы са стала бохан цёплага хлеба, немцы штось па-свойму «пагергеталі» і сышлі.
...На фронт тата трапіў толькі ў 1944-м. Разам з братам Васілём яны апынуліся ў адной роце, нават за адным кулямётам. Але ж да той пары, пакуль у зброю (!) у адным з баёў не трапіў снарад. Братоў тады параскідала ў розныя бакі, прысыпала зямлёй... Яны цудам засталіся жывымі і вырашылі раздзяліцца, бо дома — сем’і, малыя дзеці, а другога такога выпадку магло і не быць.
...У лютым 1945-га каля польскай вёскі Зелянцін тату параніла ў нагу. Медсястрычка, перавязаўшы яго, загадала паўзці да санчасці, паказала напрамак.
Мясцовасць прастрэльвалі немцы. Каб застацца ў жывых і не трапіць у палон, паранены ўзваліў на плечы мёртвага фрыца і вось так, з перадышкамі, змог дапаўзці да медработнікаў.
Потым была аперацыя, мяняліся шпіталі, набліжаўся канец вайны.
Радасць перамогі азмрочыў ліст з дому — не стала сына.
...У пасляваенныя гады тата — адзін з радавых Перамогі — сплаўляў лес, працаваў лесніком у Іўеўскім лясніцтве. Да яго ваенных узнагарод (медалёў «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», ордэна Айчыннай вайны) дадаваліся мірныя...
Мы, дзеці, унукі, праўнукі, а цяпер ужо і прапраўнукі ветэранаў, нізка кланяемся ім, жывым, і, вядома ж, помнім тых, родных і няродных, каго ўжо няма...
Пакуль помнім, яны жывыя.
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ
Уздзенскі раён