Што прапануе турыстам прамы рэйс з Мінска ў Петразаводск, расказала старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі» Святлана Барташэвіч.
У летні сезон 2026 года паміж Беларуссю і Рэспублікай Карэлія будуць арганізаваны прамыя авіязносіны па маршруце Мінск — Петразаводск — Мінск. Новы рэйс прызначаны ўмацаваць не толькі дзелавыя і турыстычныя кантакты, але і перш за ўсё чалавечыя сувязі.
Палёты будзе выконваць ТАА «Авіяпрадпрыемства «Поўначсталь» на паветраных суднах, разлічаных на 50 пасажыраў. Рэйсы запланаваны з 3 мая па 13 верасня 2026 года і будуць выконвацца раз на тыдзень — па нядзелях. Час у дарозе складзе ўсяго 1 гадзіну 40 хвілін, што робіць пералёт зручнай альтэрнатывай іншым відам транспарту.
Святлана Барташэвіч адзначыла, што неабходнасць адкрыцця прамых авіязносін шмат у чым абумоўлена актыўнымі культурнымі і сямейнымі сувязямі паміж Беларуссю і Карэліяй, у рэгіёне пражывае вялікая колькасць беларусаў. «Мы чакалі гэтага шмат гадоў. Вялікая колькасць людзей хоча прыляцець у Беларусь з Карэліі і наадварот», — падкрэсліла яна.
Сёння ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Карэліяй прадаўжае актыўна развівацца. Адкрываюцца новыя культурныя ініцыятывы, вядзецца работа з архівамі. У рэгіёне дзейнічаюць тры нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў: у Петразаводску («Белая Русь»), Сегежы («Сябры») і Кандапожскім раёне («Крыніцы»). Гэтыя арганізацыі прадстаўляюць інтарэсы беларускай дыяспары і садзейнічаюць умацаванню сувязяў паміж краінамі.
Карэлія, паводле слоў Святланы Барташэвіч, — гэта край, які варта ўбачыць кожнаму. Сярод ключавых пунктаў — Прыладажжа, Сартавала, Валаам, Рускеала. У Петразаводску цікавасць уяўляюць Цэнтр шунгіту, музей Жар-птушкі, Дом карэлаў-людзікаў. Асаблівае месца займаюць востраў Кіжы, Залатое кальцо Карэліі і вёска Белая Гара.
Новы авіямаршрут стане важным крокам у гэтым напрамку, забяспечыўшы зручныя і даступныя зносіны паміж Мінскам і Петразаводскам. Ён адкрые дадатковыя магчымасці для падарожжаў, дзелавых кантактаў і культурнага абмену.