У цэлым у паўднёва-ўсходнім рэгіёне «тытульнай» для беларусаў культурай засеяна каля 2500 гектараў. Ураджай бульбы выдаўся добры — трэба сабраць яго, не губляючы часу і клубняў. Кіпіць праца і ў ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна, якое ўваходзіць у лік перадавых прадпрыемстваў АПК краіны. Карэспандэнт «Звязды» пабывала там і зрабіла свае «нататкі на палях».
Здаровы ўраджай
Пад бульбу ў гэтай гаспадарцы апошнія гады стабільна адводзяць да 200 гектараў. Аб’ёмы пасадкі разлічваюць, зыходзячы з магчымасцяў бульбасховішча — да 6 тысяч тон. Увесь ураджай «другога хлеба» з Ціхінічаў у асноўным ідзе на экспарт — у Расію, Азербайджан, Малдову, Сербію.
— Стаўку робім на правераную беларускую селекцыю. Сёлета вырошчваем шэсць сартоў бульбы. Традыцыйна частку плошчаў займаюць насенныя пасадкі, а частку — харчовыя, — удакладняе галоўны аграном ААТ «Ціхінічы» Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ. — У нас вельмі строга выконваюцца патрабаванні севазвароту. На ўчастку, дзе расла бульба, саджаем яе зноў не раней чым праз чатыры гады. Для абароны бульбы ад фітафтарозу і розных вірусаў строга выконваецца прасторавая ізаляцыя — каб побач не было ніякіх бульбяных палёў.
У адной счэпцы
З Аляксандрам Пятровічам выязджаем на поле, дзе якраз ідзе ўборка бульбы на насенным участку.
— Ён адрозніваецца гушчынёй пасадкі. Тут каля 70 тысяч клубняў на гектар у параўнанні з 50 тысячамі на харчовых палях. Каб бульба не перарастала, праводзім дэсікацыю, а патрэбны аб’ём насеннага матэрыялу дабіраем менавіта за кошт высокай шчыльнасці, — тлумачыць галоўны аграном.
Па полі ў сваім вывераным працоўным рытме рухаюцца трактары ў счэпцы з прычапнымі бульбаўборачнымі камбайнамі. Таму ў адным экіпажы разам працуюць трактарыст і камбайнер. Знаёмлюся з адным такім тандэмам — трактарыстам Віталем ПАЛАВІНКІНЫМ і камбайнерам Мікалаем ГРЫНАМ.
— Ураджайнасць у гэтым сезоне добрая. Пройдзеш 350–400 метраў — і пад завязку, — паказвае на ўжо запоўнены пяцітонны бункер Віталь.
На камбайне ўспыхвае сігнальны маячок, і вадзіцель другога трактара з прычэпам пад’язджае для выгрузкі бульбы. Ёсць час для невялікага інтэрв’ю.

— Працуем з сямі раніцы да сямі вечара, у сярэднім за дзень выходзіць 120–130 тон бульбы, — расказвае Віталь. — Мая задача выставіць і адрэгуляваць прыкатачныя каткі — яны захопліваюць адразу два рады. І потым — толькі пайшоў і пайшоў!.. А камбайнер ужо глядзіць, як клубні рухаюцца па стужцы транспарцёра, сочыць, каб усё было ў парадку.
Вечарам разам абавязкова ачышчаюць усе механізмы, каб паставіць у гараж трактар і камбайн у поўнай гатоўнасці да чарговай змены.
— У нашым мехпарку ўсё асфальтавана, паўсюль чысціня, тэхніка чыстая і гатовая да працы, — з гонарам адзначае Віталь Палавінкін. — Я ў гаспадарцы з 1994 года, і нават параўноўваць тыя часы з цяперашнімі немагчыма — неба і зямля, працуй і радуйся!
Ён і напарнік вяртаюцца да сваёй працы, а мы, каб прасачыць далей уборачны ланцужок, накіроўваемся на сартавальную базу.
Прыбраць — паўсправы, трэба захаваць
Пры ратацыі палёў пад пасадку бульбы ў гаспадарцы разлічваюць і аптымальную адлегласць ад участка да сховішча. Тут імкнуцца не займаць на адвозцы шмат тэхнікі і максімальна аптымізаваць працэс. У бульбасховішчы ў гэтыя дні прымаюць больш за 200 тон бульбы.
— Вязуць бульбу з поля — і мы адразу ж, дзень у дзень, усю яе сартуем і адпраўляем на захоўванне, — падкрэслівае загадчык бульбасховішча ААТ «Ціхінічы» Людміла ШУТАВА.
На ўездзе ў бульбасховішча размешчана лінія, на якой бульба калібруецца на насенную і буйной фракцыі. На транспарцёрах работніцы паляводчай брыгады праводзяць першасную ачыстку, прыбіраюць бацвінне і смецце, а таксама рэзаныя, бітыя і гнілыя клубні.
— Адсартаваную бульбу адпраўляем у камеры захоўвання. Камера для буйной фракцыі змяшчае каля 950 тон, для насеннай — 530 тон. Для захоўвання бульбы ў іх падтрымліваецца неабходная тэмпература — плюс 3 градусы, — тлумачыць Людміла Шутава.
Пасля завяршэння ўборкі на затарачнай лініі бульбасховішча пачнуць фасаваць прадукцыю ў сеткі для далейшай рэалізацыі.
Яблычны год
У ААТ «Ціхінічы» ў самым разгары і духмяная яблычная ўборачная. Прамысловы сад у гаспадарцы займае 124 гектары, 90 гектараў — пладаносны, каля 70 гектараў забяспечаны кропельным палівам.
— Вырошчваем 12 сартоў яблыкаў як беларускай, так і еўрапейскай селекцый. Галоўная мэта — вырабляць добры таварны яблык, забяспечваць якаснай прадукцыяй спажыўцоў у міжсезонне, для чаго ў нас ёсць сховішча з неабходным мікракліматам. Яно разлічана на 3 тысячы тон, і яблыкі ў ім могуць захоўвацца да позняй вясны, хоць, як правіла, раскупляюцца значна раней, — адзначае вядучы аграном-садавод ААТ «Ціхінічы» Дзмітрый ГЕРАСІМ.


Па яго словах, у гаспадарцы штогод абнаўляюць каля 10 гектараў саду. Ёсць і ўласны малады гадавальнік, некаторыя яблыні ўласнай вытворчасці ўжо даюць ураджай.
— Летнія сарты яблыкаў убралі яшчэ ў сярэдзіне жніўня, а ў пачатку верасня пачалі масавы збор зімовых сартоў. Гэты год — яблычны, — сведчыць вядучы аграном-садавод. — Калі летась з-за замаразкаў сабралі ўсяго каля 70–90 тон яблыкаў, то цяпер упэўнены, што нарыхтуем не менш як 1,5 тысячы тон.
Назіраю, як выгадаваны духмяны ўраджай здымаюць з дрэў уручную. Работнікі акуратна перакладваюць яблыкі ў кантэйнеры, усталяваныя на трактарах, якія рухаюцца па міжраддзі. На ўборцы яблыкаў па дагаворы падраду працуюць жыхары саміх Ціхінічаў і найбліжэйшых населеных пунктаў.
— Работа арганізавана ў дзве змены. Мы працуем у першую — з васьмі раніцы да трох дня. Вельмі добра працаваць у такой брыгадзе, бо ўсе вельмі старанныя, — без адрыву ад працэсу каментуе жыхарка аграгарадка Азяраны Людміла ШУТКОВА.
Яна — былы настаўнік, цяпер на заслужаным адпачынку, аднак, як і многія іншыя яе равеснікі, па дагаворы падраду з задавальненнем збірае яблыкі. Сезонныя работнікі шчыра ўдзячныя за магчымасць добра падзарабіць на пенсіі. Узгадалі, як самі ў дзяцінстве працавалі ў калгасе на ўборцы бульбы і яблыкаў, а потым ужо ў якасці настаўнікаў займаліся гэтым разам са сваімі вучнямі. Падтрымліваюць гэту традыцыю і ў Ціхініцкай сярэдняй школе імя А.А. Осіпава.
Моцны задзел
У самым разгары ў гаспадарцы і кампанія па нарыхтоўцы кармоў.
— Для забеспячэння жывёлагадоўлі вельмі важна стварыць трывалую кармавую базу.
Таму мы імкнёмся пастаянна шукаць новыя падыходы і ўдасканальваць севазварот сельгаскультур, укараняць новыя віды, — гаворыць член Савета Рэспублікі, дырэктар ААТ «Ціхінічы» Юрый ВАСІЛЬЦОЎ. — Сёлета валавы збор збожжавых і зернебабовых разам з рапсам склаў каля 26 тысяч тон. Асаблівы акцэнт робім на вырошчванні рапсу — сабралі 5,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 41 цэнтнер з гектара. Трэці год паспяхова вырошчваем сою і сланечнік. Упершыню ў гэтым сезоне пасеялі беларускі белы лубін і таксама атрымалі выдатны ўраджай.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара