Top.Mail.Ru

Уборку збожжавых аграрыі Віцебскай вобласці поўнасцю завершаць літаральна на днях

Па стане на раніцу апошняга дня лета было ўбрана амаль 98 % плошчаў. З улікам таго, што пагоднымі днямі канца жніўня сярэдні прырост складаў да 1,4 % плошчаў, якія падлягалі ўборцы, можна меркаваць, што толькі ў некаторых раёнах засталося дажаць невялікія лапікі.



Хлебаробы, якія справіліся ў сябе, прыйшлі на дапамогу суседзям. У прыватнасці, у Браслаўскі раён накіраваны камбайны з Расонскага, Верхнядзвінскі — Полацкага, Дубровенскі і Талачынскі — Аршанскага раёнаў.

Бясспрэчны лідар сёлетняга жніва — Аршанскі раён. Тут збожжа сабрана з плошчы амаль у 28,6 тысячы га, намалот пры сярэдняй ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур 44,7 ц/га склаў звыш 127 тысяч тон. Найлепшая ўраджайнасць — 72,8 ц/га — склалася ў ордэна Леніна СВК «Ларынаўка» і ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» — 59,3 ц/га. Камбайнер гэтага прадпрыемства Максім Сярноў паказаў найлепшы ў вобласці вынік, намалаціўшы 3,7 тысячы тон збожжа. Дарэчы, як першы ў вобласці камбайнер-трохтысячнік ён атрымаў у падарунак матацыкл «Мінск» ад вытворцы айчыннай сельгастэхнікі ААТ «Гомсельмаш». Яго калега з КУСП «Межава-Агра» Уладзіслаў Лапцінскі стаў найлепшым з маладых камбайнераў Віцебшчыны. Такой інфармацыяй падзяліліся ў абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.

— Усяго ж падчас жніва-2026 273 камбайнеры і экіпажы, сярод якіх 24 маладзёжныя, сабралі па тысячы і звыш тон збожжавых і рапсу, — удакладніла старшыня арганізацыі Таццяна ДЗІКАНАВА. — Шэсць камбайнераў, у ліку якіх два маладыя, пераадолелі планку ў 3 тысячы тон. Вадзіцелямі-тысячнікамі сталі 174 чалавекі. Найлепшы вынік — 5,2 тысячы тон — у Аляксандра Маскалёнка з ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна.

Да слова, па выніках жніва-2025, калі Аляксандр Маскалёнак перавёз больш за 5,5 тысячы тон зерня, ён быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Моладзь за ўраджай» і ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».


Другі раён па валавым намалоце збожжавых — Віцебскі, дзе з плошчы 25,7 тысячы га сабралі амаль 92,5 тысячы тон збожжа. Больш за палова ўраджаю — 57 тысяч тон — вырасла на палях ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка».

— Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у нас склала 46 ц/га. Па праўдзе кажучы, разлічвалі на большае, але на прадукцыйнасць азімых паўплывалі адмоўныя зімовыя ўмовы, з-за якіх культуры былі пашкоджаны снежнай цвіллю, — патлумачыў памочнік намесніка генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы прадпрыемства Уладзімір АРТАМОНАЎ. — Тым не менш, мы захоўвалі вытворчыя тэхналогіі і дысцыпліну, з максімальнай аддачай працавалі на працягу ўсяго цыкла вырошчвання сельгаскультур, ад сяўбы, падкормкі, апрацоўкі да жніва. На жаль, дажджы, якія пайшлі падчас уборачнай, замарудзілі тэмпы завяршальнай сельгаскампаніі. І ўсё ж збожжавыя змалацілі, з 3,9 тысячы га яравога рапсу засталося ўбраць каля 600 га. Дарэчы, гэта азімая культура дала нядрэнны вынік — 38,5 ц/га, яравая — 34,7 ц/га. Герой сёлетняга жніва — Павел Грунтоў (на фота злева), які на камбайне айчыннай вытворчасці намалаціў 3,1 тысячы тон збожжа.

У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама паведамілі, што аграрыі паўночнага рэгіёна выканалі дзяржаўны заказ, 20 жніўня здаўшы звыш 32 тысяч тон рапсу, а 31 — 75 тысяч тон збожжавых.

Бітва за ўраджай працягваецца: у разгары ўборка яравога рапсу, ён убраны на плошчы звыш 5 тысяч га, што складае 27 % ад плана. Лён выцераблены на 11,3 тысячы га, а гэта 100 % ад патрэбнага, ідзе яго прэсаванне і транспарціроўка на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Адначасова аграрыі Віцебшчыны нарыхтоўваюць бульбу, агародніну, кармы другога ўкосу, пераворваюць глебу, вядуць азімую сяўбу, убіраюць кукурузу на сілас. Наперадзе — яе ўборка на зерне.

Святлана ЯКАЎЛЕВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю