Першую прыгажуню галіны вызначаць у сістэме Мінлясгаса, паведамляе БелТА са спасылкай на ведамства.
Конкурс прыгажосці сярод дзяўчат аб’яднае прыгажунь з усіх рэгіёнаў краіны ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Арганізатарамі яркага шоу выступяць Міністэрства лясной гаспадаркі і Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання. Мерапрыемства прымеркавана да Года беларускай жанчыны.
Пазмагацца за тытул першай прыгажуні галіны змогуць як сямейныя, так і пакуль незамужнія жанчыны. Спачатку конкурс пройдзе ў абласцях, потым лепшыя прадставяць свае рэгіёны ў рэспубліканскім фінале.
Пераможца конкурсу атрымае тытул «Краса лясной гаспадаркі — 2026». Выберуць таксама першую і другую віцэ-Красу і дзяўчат, якія праявілі сябе ў намінацыях «Лэдзі Чароўнасць», «Лэдзі Артыстызм», «Лэдзі Грацыя», «Лэдзі Усмешка», «Лэдзі Стыль». Удзельніца, якая пакарыла публіку, атрымае тытул «Лэдзі глядацкіх сімпатый».
Абласныя этапы конкурсу пройдуць з 7 па 15 снежня. У фінале таксама прымуць удзел прадстаўніцы рэспубліканскіх арганізацый і Міністэрства лясной гаспадаркі.
Заключны тур пройдзе ў аграгарадку Ждановічы ў Мінскім раёне 24 снежня. Фіналісткам трэба будзе ў самапрэзентацыі прадставіць сябе і свае прафесіі, паказаць творчы нумар «Мінута славы». Іх чакае таксама конкурс убораў з прыродных матэрыялаў — лісця, галін, кветак, паперы і іншых і дэфіле ў вячэрніх сукенках. У бліц-апытанні прыгажунь правераць на эрудыцыю і веды ў сферы лясной гаспадаркі і грамадска-палітычнага жыцця краіны.