Top.Mail.Ru
218

Участковыя інспектары міліцыі адзначаюць прафесійнае свята

Аб якасцях, якімі павінен валодаць прадстаўнік гэтай прафесіі, разважае маёр міліцыі ў адстаўцы Дзмітрый Васілеўскі, які прысвяціў службе ў органах унутраных спраў больш за чвэрць стагоддзя. Усе гады службы прайшлі ў Ленінскім РУУС. Ён, жыхар Серабранкі, да гэтага часу наведвае апорны пункт, прапаноўваючы маладым калегам пасільную дапамогу.


«Участковы павінен быць арганізаваным, сабраным, але галоўнае — умець суперажываць, падтрымліваць у цяжкую хвіліну. Зразумець і дапамагчы — вось яго дэвіз», — адзначае маёр міліцыі ў адстаўцы.

За гады службы чаго толькі не здараецца. «Небяспечныя сітуацыі, падзяка людзей — усяго не пералічыць, — успамінае Дзмітрый Васілеўскі. — Людзі тэлефанавалі, прыходзілі са сваімі бедамі ў любы час. Міліцыянер заўсёды быў на сувязі, прыходзіў на дапамогу».

На ўчастку, дзе служыў Дзмітрый Васілеўскі, пражывалі тысячы людзей. Сямейныя сваркі, разлад паміж суседзямі, злоўжыванне спіртным — асноўныя прычыны, якія патрабавалі ўмяшання ўчастковага. Многае застаецца нязменным. 

«Але самае важнае — бачыць усмешку на твары чалавека, якому ты дапамог. Гэта найлепшы вынік», — прызнаецца Дзмітрый Васілеўскі.

Дзеля гэтых момантаў участковы і павінен быць побач, быць першай абаронай і надзеяй.

«Участковы — гэта не пра папяровую работу, — расказвае ветэран органаў унутраных спраў. — Мой дзень пачынаўся а другой палове дня, каб быць даступным для людзей, бо большасць правапарушэнняў адбываецца вечарам і ноччу. Службу пачынаў з абыходу свайго ўчастка. Заўсёды даваў людзям шанц выправіцца. Але мае „падапечныя“ ведалі, што ён даецца толькі аднойчы. Размова, вядома, аб дробных правапарушэннях, на сур’ёзныя злачынствы гэта не распаўсюджваецца».

Участковы карыстаўся аўтарытэтам, якога дабіваўся сваёй сумленнасцю і адкрытасцю. Міліцыянера настолькі паважалі, што нярэдка звярталіся да яго па параду па сямейных справах. Да гэтага часу калегі просяць «па старой памяці» пагутарыць з некаторымі жыхарамі. Дзмітрый Васілеўскі пагаджаецца, тлумачыць парушальнікам, што цяперашні ўчастковы — яго вучань, а, адпаведна, аналагічныя і прынцыпы работы. 

Ветэран міліцыі ўспамінае выпадак, калі мужчына шчыра падзякаваў яму за дапамогу ў вяртанні сям’і. «Жонка піла, і сам ён прыахвоціўся да алкаголю, — расказвае Дзмітрый Васілеўскі. — Дзяцей забралі ў прытулак, бацькоў пазбавілі правоў. Але нам удалося дастукацца да Аляксандра. Ён вырашыў змяніцца. Мы дапамаглі яму знайсці працу, і ён аднавіўся ў бацькоўскіх правах. Цяпер мужчына — прыкладны бацька, чаго, на жаль, не скажаш пра яго жонку».

Маладому пакаленню ўчастковых ветэран органаў унутраных спраў жадае цярпення, спачування да людзей, заставацца чалавекам у любой сітуацыі і не парушаць закон. Калі спатрэбіцца, ён заўсёды гатовы дапамагчы.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Ленінскага РУУС г. Мінска

Чытайце таксама: Якія звесткі падаюцца ў міліцыю на працягу трох гадзін і што рабіць, калі шумяць суседзі?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю