ДАІ правяла Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Учыніў ДТЗ — адказвай!». Акцыя была прысвечана прафілактыцы выпадкаў, калі ўдзельнікі аварый пакідаюць месца здарэння.
Як вядома, кожнае дарожна-транспартнае здарэнне, незалежна ад таго, ёсць пацярпелыя ці не, патрабуе поўнага разбору. Толькі так можна ўстанавіць абставіны і ступень адказнасці ўсіх удзельнікаў.
І, як правіла, удзельнікі ДТЗ застаюцца на месцы да прыбыцця супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Аднак ёсць выпадкі, калі нядобрасумленныя вадзіцелі, па тых ці іншых прычынах, з’язджаюць.
Пад пакіданнем месца ДТЗ разумеецца здзяйсненне ўдзельнікам такога здарэння дзеянняў, накіраваных на ўтойванне факта або абставін яго ўчынення, якія прывялі да неабходнасці правядзення супрацоўнікамі ДАІ мерапрыемстваў па ўстанаўленні гэтага ўдзельніка або вышуку транспартнага сродку.
Правілы дарожнага руху абавязваюць вадзіцеля — удзельніка ДТЗ неадкладна спыніцца і застацца на месцы здарэння, уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю і выставіць знак аварыйнага спынення, прыняць меры па аказанні даўрачэбнай медыцынскай дапамогі пацярпеламу і выклікаць «хуткую дапамогу», а калі гэта немагчыма — даставіць пацярпелага ў медустанову. Запісаць кантактныя даныя відавочцаў аварыі, паведаміць аб гэтым у органы ўнутраных спраў і чакаць прыбыцця супрацоўнікаў ДАІ.
Нагадаем, што ў дачыненні да асоб, якія пакінулі месца ДТЗ, можа прымяняцца як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць. Так, Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за пакіданне вадзіцелем месца здарэння, удзельнікам якога ён з’яўляецца (у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі), прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 25 базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да двух гадоў. Калі ж вадзіцель заведама пакінуў пацярпелага ў небяспечным для жыцця або здароўя стане, ён панясе крымінальную адказнасць. Мерай пакарання за такое дзеянне з’яўляецца арышт альбо абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам.
Таму, вадзіцелі, памятайце, што пакіданне месца ДТЗ з’яўляецца грубым парушэннем патрабаванняў Правілаў дарожнага руху, за якое прадугледжана сур’ёзная адказнасць, а іх няўхільнае выкананне — залог бяспекі на дарозе.
Ірына КАВЕЦКАЯ, старшы інспектар па АіП АДАІ МГБ Першамайскага РУУС г. Мінска