Top.Mail.Ru

Удары маланкі сталі верагоднай прычынай двух пажараў у Гродзенскай вобласці

У Гродзенскай вобласці за мінулыя суткі адбыліся два пажары, верагоднай прычынай якіх сталі ўдары маланкі, паведамілі БелТА ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС.


11 чэрвеня ў 9.49 выратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў садовым таварыстве «Лясное-Рыбніца» непадалёк ад вёскі Рыбніца Гродзенскага раёна.

Калі падраздзяленні МНС прыбылі да месца пажару, дах дачнага дома быў ахоплены полымем. 
Высветлілася, што на момант узгарання на ўчастку знаходзілася сваячка гаспадара. Жанчына ўбачыла, як навальнічны разрад ударыў у дом і ў будынку загарэўся дах.

Пенсіянерка патэлефанавала пляменніку, які і выклікаў ратавальнікаў. Работнікі МНС ліквідавалі пажар. Агнём знішчаны дах і перакрыцце, пашкоджана маёмасць у доме.

Яшчэ адзін пажар здарыўся ў Іўеўскім раёне. 11 чэрвеня ў 14.20 падраздзяленні МНС выязджалі ў вёску Вігушкі, дзе на прыватным падворку гарэла гаспадарчая пабудова.

Высветлілася, што на момант надзвычайнага здарэння на падворку нікога не было, відавочцы адрэагавалі на дым і паведамілі пра здарэнне ў МНС. Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Агнём знішчаны дах, пашкоджаны перакрыцце і маёмасць.

У УМНС нагадалі, што ў бліжэйшыя выхадныя на Гродзеншчыне сіноптыкі прагназуюць навальніцы і шквалістае ўзмацненне ветру. У такое надвор’е варта шчыльна зачыняць вокны і дзверы, прыбіраць з двара, адкрытых балконаў і лоджый рэчы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю