На далейшае сістэмнае развіццё галіны, ад якой залежыць штодзённы камфорт грамадзян, нацэліў камунальныя службы рэгіёна старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Выкананне Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на Гомельшчыне разгледзелі ў аблвыканкаме. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
Кіраўніцтва вобласці дало ацэнку работы жыллёва-камунальнага комплексу па двух ключавых кірунках, замацаваных у праграме: зніжэнне затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг і забеспячэнне спажыўцоў якаснай пітной вадой.
Як было адзначана, па першым паказчыку дасягнута значнае перавышэнне плана: затраты арганізацый ЖКГ за дзевяць месяцаў 2025 года зніжаны на 71,2 % ад гадавога задання. Што датычыцца забеспячэння насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі, то тут мэтавыя паказчыкі выконваюцца: водазабеспячэннем забяспечаны 95,2 % жыхароў вобласці, водаадвядзеннем — 73 %.
На пасяджэнні былі агучаны і канкрэтныя лічбы, якія характарызуюць аб’ёмы праведзеных работ. За справаздачны перыяд у рэгіёне капітальна адрамантавана больш за 380 тысяч квадратных метраў жылля, праведзена замена 61 ліфта. У сферы абыходжання з адходамі гадавое заданне па зборы другаснай сыравіны выканана на 72,4 %, сабрана 103,5 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Істотны крок на Гомельшчыне зроблены ў вырашэнні праблемы якасці пітной вады. У вобласці ўжо ўведзены ў эксплуатацыю 17 станцый абезжалезвання. Дзякуючы гэтаму да канца года доступ да чыстай вады атрымаюць жыхары яшчэ 101 населенага пункта, у якіх жыве больш за 21 тысячу чалавек. Паралельна вядзецца мадэрнізацыя цеплавых сетак — заменена 59,8 кіламетра зношаных камунікацый. У аблвыканкаме падкрэслілі, што работы працягваюцца і па выніках года план будзе выкананы ў поўным аб’ёме.
Па выніках абмеркавання старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на тым, што пытанне ўдасканалення сістэмы ЖКГ напрамую вызначае якасць жыцця грамадзян.
— Да гэтага пытання мы падыходзім як да справы, ад якой залежыць штодзённае жыццё кожнага чалавека. Наперадзе не менш задач, праграма патрабуе сістэмнага падыходу. У прыватнасці, неабходна актуалізаваць графікі капітальнага рамонту дамоў і дарог на найбліжэйшую пяцігодку, забяспечыць няўхільнае яго захаванне, — падкрэсліў губернатар.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»