Top.Mail.Ru

Удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь плануюць прыняць 85,5 % беларусаў

Беларусы дэманструюць электаральную актыўнасць: апытанне Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта пацвярджае, што абсалютная большасць жыхароў нашай краіны збіраецца пайсці на выбары, падтрымлівае палітыку, якую праводзіць дзеючы кіраўнік дзяржавы, і з аптымізмам глядзіць у будучыню. Атрыманыя даныя сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася ў снежні 2024 года, прадставіла кіраўнік Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ Ірына Лашук.


Высокая электаральная актыўнасць

У прыватнасці, рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Калі б выбары прайшлі сёння, за каго б вы прагаласавалі?» «За дзеючага кіраўніка дзяржавы» — так адказалі 82,5 % апытаных, «за альтэрнатыўнага кандыдата» — 2,9 %, «супраць усіх» — 7,9 %, «не буду галасаваць» — 6,7 %.

— Красамоўны факт: дзеючага кіраўніка дзяржавы гатовы падтрымаць на найбліжэйшых выбарах 82,5 % апытаных рэспандэнтаў. Адпаведна, беларускае грамадства ўпэўнена ў дзяржаўным курсе, які рэалізоўваецца, у выбудоўванні міжнародных адносін, што стварае спрыяльную аснову для развіцця стратэгічнага ўзаемадзеяння з іншымі краінамі. Знешнепалітычнай формулай беларусаў з’яўляецца значнасць культурнай агульнасці краіны-партнёра ў спалучэнні з высокім узроўнем эканомікі і развіцця гандлёвых адносін, — заявіла Ірына Лашук.

Таксама яна агучыла даныя, згодна з якімі ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь плануюць прыняць 85,5 % беларусаў.

Так, рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Ці збіраецеся вы прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах?». «Так» адказалі 85,5 % апытаных, «не» — 4,8 %. Яшчэ не вызначыліся — 9,7 %.

— Людзі збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, зрабіць свой усвядомлены палітычны, стратэгічны выбар. Даследаванне паказала ўстойлівасць грамадска-палітычнай абстаноўкі і з’яднанасць грамадства, — пракаментавала Ірына Лашук.

Адным са складнікаў гэтага з’яўляецца эканамічны аптымізм, які пануе ў грамадстве. Кіраўнік Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ пацвярджае гэты факт данымі, згодна з якімі больш за 73 % беларусаў лічаць, што эканамічная сітуацыя ў краіне праз пяць гадоў застанецца такой жа або стане яшчэ лепшай.

Напрыклад, рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Як, на вашу думку, зменіцца эканамічная сітуацыя ў краіне праз пяць гадоў?». Застанецца такой жа або палепшыцца — так лічаць 73,1 % апытаных. Крыху пагоршыцца — 2,4 %, істотна пагоршыцца — 1,3 %.

— Гэта сведчыць аб тым, што эканоміку краіны беларусы ўспрымаюць даволі стабільна. Яны ўпэўнены ў развіцці эканомікі, — адзначыла Ірына Лашук. — Аб’ектыўныя паказчыкі развіцця эканомікі з’яўляюцца пераканаўчымі для фарміравання думкі грамадзян. Яны арыентуюцца на аб’ектыўныя эканамічныя паказчыкі і робяць уласныя высновы, якія сведчаць аб упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Не змаглі адказаць 23,2 % апытаных.

— Гэта людзі, якія не вельмі валодаюць аб’ектыўнымі паказчыкамі, не вельмі імі цікавяцца. А наогул тое, што людзі не задумваюцца, як будзе развівацца эканоміка, — таксама станоўчы момант. Паколькі калі ўсё добра, то навошта пра гэта думаць? Гэта сведчыць аб адсутнасці крызісу, — дапоўніла эксперт.

Ад выбранага Прэзідэнта беларусы чакаюць стабільнага і бяспечнага жыцця, актыўнага развіцця эканомікі.

Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Чаго вы чакаеце ад выбранага Прэзідэнта?». Стабільнага і бяспечнага жыцця — так адказалі 57,3 %, актыўнага развіцця эканомікі — 12,9 %, павышэння сацыяльных гарантый для грамадзян — 7,8 %, павышэння ролі і статусу Беларусі на міжнароднай арэне — 6,8 %, стварэння ўмоў для самарэалізацыі моладзі — 6,3 %, паляпшэння супрацоўніцтва з іншымі краінамі — 5,7 %, больш цесных адносін са славянскімі краінамі — 1,5 %, далейшага развіцця партый і грамадзянскай супольнасці — 0,7 %, іншага — 0,9 %.

— Першую пазіцыю займае стабільнае і бяспечнае жыццё. Гэта тое, чаго не хапае Еўропе. Беларусы разумеюць і ўсведамляюць каштоўнасць стабільнага і бяспечнага жыцця і чакаюць гэтага ў найбліжэйшыя пяць гадоў, — падкрэсліла эксперт.

Сербы бачаць у беларусі стратэгічнага партнёра

Трэба сказаць, што ў снежні 2024 года было праведзена сустрэчнае сацдаследаванне паміж Беларуссю і Сербіяй. У Сербіі даследаванне арганізавана Інстытутам міжнароднай палітыкі і эканомікі з прыцягненнем незалежнага даследчага цэнтра House of Wіn. У Рэспубліцы Беларусь апытанне правёў Цэнтр сацыяльна-гуманітарных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У Беларусі апытанне праводзілася метадам пакватэрнага інтэрв’ю (выбарка — 1500 рэспандэнтаў). Асноўная мэта — выявіць асаблівасці ўзаемнага ўспрымання беларусаў і сербаў, вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва і развіцця дружалюбных адносін паміж дзвюма краінамі. З улікам супадзення часу даследавання з выбарчай кампаніяй у Беларусі асобны блок пытанняў беларускай часткі даследавання датычыўся ацэнкі грамадзянамі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі і прыярытэтных электаральных установак грамадзян.

Што паказаў аналіз сербскага блока апытаных? 

Галоўны вынік — санкцыйны націск Захаду не ўплывае на ўспрыманне сербамі Беларусі як стратэгічна значнага партнёра.

У прыватнасці, сербы лічаць найбольш перспектыўнымі кірункамі супрацоўніцтва з Беларуссю сельскую гаспадарку, прадукты харчавання, гандаль. Такія даныя сацыялагічнага даследавання агучыў старшы навуковы супрацоўнік, дырэктар Цэнтра еўразійскіх даследаванняў Інстытута міжнароднай палітыкі і эканомікі Сербіі Душан Прарокавіч.

Перспектыўным у вачах сербаў бачыцца развіццё доўгатэрміновых адносін паміж Сербіяй і Беларуссю, асабліва ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання (51,3 %), гандлю (28,6 %) і машынабудавання (26,6 %). У рамках эканамічных адносін сербы падкрэсліваюць значнасць развіцця гандлю і больш шырокай прадстаўленасці прадукцыі абедзвюх краін на рынках Беларусі і Сербіі. У ліку найбольш вядомых беларускіх брэндаў названы лідары машынабудавання (МАЗ, МТЗ), флагманы бытавой тэхнікі («Атлант», «Гефест»), вытворцы касметычных сродкаў («Беліта») і кандытарскіх вырабаў («Камунарка»).

Характэрна, што санкцыйны ціск Захаду, які аказваецца на Беларусь, не ўплывае на ўспрыманне сербамі Беларусі як стратэгічна значнага партнёра. 

Прыярытэтнымі кірункамі развіцця супрацоўніцтва ў сацыяльнай сферы, на думку сербаў, выступаюць адукацыя, турызм, культура і рэлігія.

Сербы таксама лічаць неабходным развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю ў такіх сферах, як вытворчасць (80,9 %), адукацыя і навука (78,7 %), гандлёва-эканамічная сфера (77,8 %), турызм (70,2 %), культура (67,3 %), грамадства (64,1 %), рэлігія (56,4 %), сфера фінансаў (40,1 %).
— Было вельмі цікава ўбачыць, што наша грамадства думае пра Беларусь. Для мяне самае важнае, што гэта першы крок для наступных даследаванняў. Нам трэба падумаць не толькі на палітычным, але і на навуковым узроўні, як дасягнуць прагрэсу, развіцця двухбаковых адносін з дружалюбнымі дзяржавамі. Беларусь тут — на першай лініі. І першы крок — гэта даследаванне, — расказаў Душан Прарокавіч. — Наша грамадства падтрымлівае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. Сербія можа быць акном для беларускай прадукцыі ў Еўрасаюз з-за дагавораў, якія ў нас існуюць з ЕС. А Беларусь можа быць акном для нашай вытворчасці ў ЕАЭС. Прастора для супрацоўніцтва шырокая. Можна рабіць сумесныя праекты ў эканоміцы. У Сербіі добра працуюць вашы МАЗы, БЕЛАЗы. У Сербіі ведаюць, што Беларусь — гэта аграіндустрыяльная сіла. У вас вельмі моцны аграпрамысловы комплекс. А развіццё сферы турызму дапаможа нам больш даведацца адзін пра аднаго.

Краіна з высокім чалавечым капіталам

Таксама ў рэспандэнтаў пацікавіліся: якія перавагі Беларусі ствараюць аснову для ўзаемадзеяння з Сербіяй і іншымі славянскімі краінамі? Беларусь — краіна з высокім чалавечым патэнцыялам — так адказалі 43,5 % апытаных, Беларусь — экалагічна чыстая краіна — 41,5 %, Беларусь — аграрная краіна з сельскай культурай — 35,5 %, Беларусь — надзейны саюзнік і партнёр на міжнароднай арэне — 31 %, Беларусь — мост паміж цывілізацыямі, Захадам і Усходам — 29,8 %, Беларусь — міжнародная перагаворная пляцоўка — 22,5 %, Беларусь — донар міру і стабільнасці ў рэгіёне — 21,9 %, Беларусь — дзяржава сацыяльнай справядлівасці — 21,1 %.

— У час даследавання мы замяралі пазіцыю беларусаў у адносінах не толькі да сербаў, але і да сябе. І тут выявіліся некаторыя адрозненні. 

«Калі сербы гавораць, што Беларусь — больш аграпрамысловая краіна, то самі беларусы лічаць, што гэта краіна з высокім чалавечым патэнцыялам. Гэта вельмі добрая пазіцыя, якая знаходзіцца на першым месцы. 

Другая па значнасці пазіцыя — экалагічна чыстая краіна. І далей ужо ідзе сельскагаспадарчая вытворчасць як важны складнік краіны. Гэтыя даныя сведчаць аб тым, што мы сябе ўспрымаем больш глыбінна», — адзначыла Ірына Лашук.

Яшчэ адно пытанне, што ў час даследавання было зададзена беларусам і сербам: «У якіх сферах неабходна развіваць супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі?»

— І падобныя атрымаліся вынікі, што таксама сведчыць аб нашых агульных інтарэсах. Гэта ў першую чаргу вытворчасць, адукацыя і навука, гандлёва-эканамічная і турыстычная сферы, што вельмі актуальна ва ўмовах санкцый. Турызм развіваецца ў бок дружалюбных нам краін, гэта лагічна. І мы маем тут вельмі сур’ёзныя рэсурсы адзін для аднаго, — падкрэсліла эксперт.

Яна лічыць, што гэта параўнальнае даследаванне — першы крок у навуковым асэнсаванні масавай свядомасці беларусаў і сербаў.

— І далей у гэтым кірунку трэба развівацца, тут ёсць вялікія перспектывы, — адзначыла Ірына Лашук.

Развіццё адносін з дружалюбнымі дзяржавамі патрабуе пастаяннага ўліку грамадскай думкі і запатрабаванняў. Адзін са спосабаў — правядзенне сустрэчных даследаванняў: два сацыялагічныя цэнтры адначасова арганізуюць кожны ў сябе ў краіне рэпрэзентатыўнае апытанне па падобнай метадалогіі і папярэдне ўзгодненым інструментарыі (анкеце).

Па матэрыялах БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю