Удзельнікі беларускіх студэнцкіх атрадаў плануюць адправіцца ў Казахстан на будаўніцтва АЭС. Пра гэта расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская, паведамляе БелТА.
«У гэтым годзе запланавана дастаткова вялікая колькасць міжнародных абменаў. Мы ўжо апрабавалі работу не толькі з традыцыйнымі партнёрамі — Расійскай Федэрацыяй, калі ствараем атрады Саюзнай дзяржавы. У мінулым годзе да нас упершыню прыехалі рабяты з Кыргызстана, у гэтым павінны прыехаць хлопцы і дзяўчаты і з Казахстана, а нашы маладыя людзі плануюць адправіцца на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Казахстане, таму што некалі менавіта наша Беларуская атамная электрастанцыя стала той пляцоўкай, дзе сышліся студэнцкія атрады з Расіі, Беларусі і Казахстана», — сказала Надзея Шахоўская.
Паводле яе слоў, промапраект «Выбіраем студатрад!» накіраваны на прыцягненне хлопцаў і дзяўчат у склад студэнцкіх атрадаў, бо гэта выдатная магчымасць паспрабаваць сябе ў той спецыяльнасці, на якой хлопцы і дзяўчаты навучаюцца, або прайсці своеасаблівую прафарыентацыю і вызначыцца, у якім напрамку рухацца далей. Студатрады — добрая кузня кадраў, сацыяльны ліфт, пляцоўка для развіцця сяброўства і патрыятызму.
Сёлета прадоўжацца рэспубліканскія працоўныя праекты «Аўтазаводзец» на Мінскім аўтамабільным заводзе, «Трактарабудаўнік» на Мінскім трактарным заводзе, «Энергетык» на Мінскім электратэхнічным заводзе, «Атлант» на Мінскім заводзе халадзільнікаў, «Медыкус». Таксама прадоўжацца дзве ўсебеларускія маладзёжныя будоўлі: будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці і Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску.
У Год беларускай жанчыны новым студэнцкім атрадам будуць прысвойвацца імёны жанчын, якія былі адзначаны рознымі ордэнамі і ўзнагародамі, працавалі ў тыле, дапамагалі падпольшчыкам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
«На міжнароднай арэне мы ставім для сябе задачы не проста правядзення форумаў, а менавіта арганізацыі рэспубліканскіх або міжнародных працоўных праектаў, калі маладыя людзі працуюць, жывуць і бавяць час разам. Мяккая студэнцкая дыпламатыя — гэта вялікі ўклад у будучыню нашай краіны, таму плануецца сапраўды маса маштабных праектаў як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі», — падсумавала Надзея Шахоўская.