Top.Mail.Ru

Удзельнікі Фестывалю мастацтваў беларусаў свету падзяліліся ўражаннямі

V Фестываль мастацтваў беларусаў свету аб’яднаў 250 удзельнікаў з розных куткоў свету


Некаторыя госці дабіраліся на свята яднання — менавіта так нашы суайчыннік ўспрымаюць гэту падзею — складанымі шляхамі. Так, у прадстаўнікоў беларускага зямляцтва Камчаткі на дарогу пайшло каля двух дзён, яны пераадолелі каля 10 тысяч кіламетраў. У фестывалі мастацтваў, які арганізаваны Міністэрствам культуры і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, яны ўдзельнічаюць упершыню. Госці падзякавалі за цудоўную магчымасць расказаць, што і на краі свету, на зямлі вулканаў, снягоў, землятрусаў і мядзведзяў, жывуць людзі, якія захоўваюць беларускую культуру. Па няпоўных даных на Камчатцы — каля 1600 беларусаў. Падтрымка радзімы для нашых суайчыннікаў вельмі важная, арганізацыя хоча з кожным годам прырастаць сябрамі, а новыя цікавыя праекты дапамогуць падцягнуць «сваіх», далучыць да актыўнага жыцця. Беларусы Камчаткі толькі год як наладзілі культурныя стасункі з Бацькаўшчынай, а ўжо могуць пахваліцца пэўнымі вынікамі. Веды, якія яны атрымалі падчас творчай стажыроўкі ў Мінску і рэгіёнах, ужо прымяняюць на сваіх мерапрыемствах. Напрыклад, праводзяць майстар-класы па рабоце з саломкай. Разьбяр па дрэве з Камчаткі ў беларускіх калег з Бярозы павучыўся рабіць шчэпавую птушку-абярэг. Беларусы Камчаткі падзякавалі Апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў за тое, што ім былі пашыты і перададзены нацыянальныя строі. У планах у нашых суайчыннікаў наладзіць мост сяброўства, каб на Камчатку прыязджала больш творчых людзей з радзімы, спевакоў, фальклорных калектываў, рамеснікаў, мастакоў, якім змогуць яскрава прадставіць нацыянальную культуру, а нашы суайчыннікі пры гэтым будуць набірацца новага вопыту. Прадстаўнік беларускага зямляцтва Камчаткі Анатоль Анрусюк падзяліўся ўражаннямі: «Вельмі хачу сюды прыязджаць яшчэ і яшчэ. У апошні раз я быў у Мінску ў 1984 годзе. Мая бабуля прывезла мяне сюды, калі адзначалася 40-годзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зараз я бачу зусім іншы горад. Ён вельмі чысты, дагледжаны, адразу адчуваеш, што ў яго ёсць гаспадар. Тут шчырыя людзі, нас усюды вельмі добра прымаюць. Цудоўна, калі ёсць магчымасць бачыць, як жывуць у іншых гарадах і краінах. У сваю чаргу ўсіх беларусаў запрашаю да нас. Нам таксама ёсць чым уразіць, багата прыгожых мясцін, ёсць даліна гейзераў, у згодзе жывуць прадстаўнікі розных народаў і народнасцяў». 


Старшыня беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Рэспубліцы Комі Галіна Сізых расказала, што раней на поўначы жыло багата беларусаў, але быў вялікі адток, калі многія пенсіянеры вярталіся на радзіму. Тым не менш грамадская арганізацыя і сёння застаецца адной з самых вялікіх і ўплывовых у Расійскай федэрацыі. Хутка яна адзначыць 30-годдзе. Асаблівасць работы беларускага аб’яднання — наладжванне сяброўства паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў. «Мы не зачыняем дзверы перад іншымі народамі, да нас на мерапрыемствы могуць прыйсці чувашы, удмурты, комі. Мы праводзім шэраг культурных праектаў. Адзін з самых яскравых — Фестываль нацыянальных культур, які ўжо набыў статус міжнароднага. На яго прыязджаюць у тым ліку і папулярныя артысты з Мінска», — расказала Галіна. Нашы суайчыннікі выступаюць і арганізатарамі Дзён беларускага кіно. На працягу пяці гадоў у іх вядзецца патрыятычны праект «Ад Комі да Брэста дарогай памяці і славы», у рамках якога ўжо выйшла аднайменная кніга і рыхтуецца другая. «Мы яго пачыналі да 75-годдзя Вялікай Перамогі, але і сёння не можам спыніцца», — падзялілася Галіна Сізых. Нашы суайчыннікі збіраюць інфармацыю пра воінаў, якія былі мабілізаваны з Поўначы, пайшлі на фронт і чые баявыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Гэта і партызаны, і салдаты і афіцэры, якія вызвалялі Беларусь, і тыя, хто апынуўся ў канцлагерах. Яны збіраюць інфармацыю, аднаўляюць імёны. Актывісты Комі ўдзячны беларускім абласныя ваенкаматам за дапамогу. Дзякуючы такому супрацоўніцтву нашчадкі ўдзельнікаў вайны нарэшце змогуць дазнацца, што сталася з іх роднымі, бо, на жаль, у ваеннае ліхалецце, многія сувязі былі парушаны. Часам звесткі не даходзілі да родных нават таму, што многія прозвішчы запісваліся са слоў, у іх рабіліся памылкі, якія пасля траплялі і ў надпісы на брацкіх пахаваннях. 


Міхаіл Баброў, які прадстаўляў беларускае зямляцтва Бранску, прызнаўся, што жыццё яго багата павадзіла па свету. Месца, дзе ён ужо асеў больш на 40 гадоў, вельмі падобнае на Беларусь: там такая ж прырода і гаворка людзей асаблівая, дзе і родныя словы сустракаюцца. Можа таму дзейнасць зямляцтва цікава не толькі этнічным беларусам. Прадстаўнікі арганізацыі праводзяць сустрэчы ў школах і на прадпрыемствах. Кіраўнік зямляцтва сабраў багатую калекцыю прадметаў сялянскага побыту, якімі карысталіся беларусы. Сучасным дзецям цікава паглядзець на збанкі, кросны, жарнавы, ступы, таўкачы, пралкі, бо малыя нават не ведаюць, для чаго многія з гэтых рэчаў выкарыстоўваліся. Міхаіл шкадуе, што ў свой час у яго сям’і не захавалі багатую калекцыю саматканых і вышытых рэчаў. Ён родам з Чачэрскага раёна, а на Гомельшчыне жанчыны заўсёды славіліся сваім майстэрствам. Ён часта бывае на радзіме і радуецца, што ў беларускіх музеях сабраны шыкоўныя этнаграфічныя калекцыі, дзякуючы якім можна ўзгадаць маленства, мінулае. Ён бачыць, як развіваецца краіна, як прырастае Мінск, адзначыў, як наладжваецца гарадское жыццё на ўскрайку — усё робіцца, каб стварыць людзям камфортныя ўмовы. «Калі чуеш чыстую беларускую мову — гэта ж песня, цукар, — не хавае эмоцый госць з Бранску і дзівіцца фестывалю. — Нас тут багата з розных куткоў свету. Адчуваеш, што і тыя, і іншыя, незалежна адкуль яны прыехалі, — гэта радня».


Ганна Чарнок, прадстаўніца асацыяцыі BELLARUS, прыехала з Неапаля. Жанчына расказала, што ў Італіі ствараюцца ўмовы, каб розныя народы маглі інтэгравацца і прадстаўляць сваю культуру падчас пэўных мерапрыемстваў. Кожны раз нашы суайчыннікі шукаюць новыя падыходы — то дранікамі частуюць, то мотанку паказваюць, то выцінанку вучаць выразаць, а летась падчас стажыроўкі ў Беларусі навучыліся роспісу па шклу. «Італьянцам усё цікава, у краіне багата людзей, якія займаюцца рукадзеллем. Часам і пераймаюць якія ідэі. Пагадзіцеся: усім хочацца, каб у доме было ўтульна, — заўважае Ганна. — Любоў да прыгажосці ўсіх аб’ядноўвае».


Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю