Даведацца больш аб подзвігу народаў СССР і выпрабаваннях, якія давялося пераадолець для Вялікай Перамогі, наведаць мемарыяльныя і гістарычныя аб’екты, а таксама далучыцца да памятных мерапрыемстваў. Пераадолеўшы не адну тысячу кіламетраў, яднаючы юных сяброў, у Беларусь вярнуліся ўдзельнікі міжнароднага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці — 2026». Іх чакала Гомельшчына.
Са сцягамі ў колерах нацыянальнай сімволікі ў знак урачыстай сустрэчы школьнікаў віталі на пероне Жлобіна. Удзельнікі «Цягніка памяці» наведалі знакавае месца — мемарыял рэспубліканскага значэння, прысвечаны дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Чырвоны Бераг. Наведванне мемарыяла на Жлобіншчыне — аднаго з найбольш пранізлівых сімвалаў трагедыі мірнага дзяцінства ў гады Вялікай Айчыннай — традыцыйная частка праграмы культурна-адукацыйнага праекта. Удзельнікі ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, далучыліся да акцыі «Сцяна памяці», падчас якой на інтэрактыўнай пляцоўцы пакінулі зоркі з імёнамі сваіх родных — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і пакінулі пажаданні для будучых пакаленняў.
Для юнакоў і дзяўчат у Чырвоным Беразе правялі таксама экскурсіі на сядзібным комплексе XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх, размешчаным непадалёк ад мемарыяльнага комплексу.
«Цягнік Памяці» застаецца ў сэрцах і працягвае аб’ядноўваць людзей. Так, на ўрачыстай сустрэчы ў Гомелі яркія эмоцыі перажывалі ўдзельнікі мінулых сезонаў праекта. Юнакі і дзяўчаты сабраліся, каб узгадаць самыя яркія моманты падарожжа, перадаць лісты і памятныя падарункі арганізатарам, праваднікам і важатым.
Як падкрэслілі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, каардынатар праекта Аляксандр Лук’янаў і намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Алена Пісарава, сапраўды, удзельнікі «Цягніка Памяці» за час паездкі становяцца адзінай камандай.

— Маршрут цягніка — гэта не проста кіламетры дарог, гэта жывая нітка, якая злучае пакаленні і брацкія народы. Кожны горад на вашым шляху захоўвае памяць аб мужнасці савецкага салдата. У гады Вялікай Айчыннай вайны мы не дзяліліся на нацыянальнасці, а плячом да пляча абаранялі адну вялікую Радзіму. Гэты дух саюзніцтва і сяброўства важна захаваць і сёння, бо памяць аб мінулым — гэта шчыт у сучаснасці, — звярнулася да юнакоў і дзяўчат член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега.
У Гомелі для ўдзельнікаў праекта таксама была арганізавана сустрэча і працяг экскурсійнай праграмы. Школьнікі пазнаёміліся з горадам і наведалі памятныя мясціны горада над Сожам, а таксама на свае вочы пабачылі прамысловую і культурную моц Гомеля. Юнакі і дзяўчаты наведалі буйны прамысловы гігант абласнога цэнтра, адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгастэхнікі — ААТ «Гомсельмаш», пазнаёміліся з работай кандытарскай фабрыкі «Спартак», а таксама ацанілі адзін з галоўных гістарычных архітэктурна-паркавых комплексаў краіны — палацава-паркавы ансамбль і помнік архітэктуры XVIII–XIX стагоддзяў палац Румянцавых і Паскевічаў.
З году ў год адной з кранальных асаблівасцей праекта застаецца магчымасць дзяліцца і слухаць гісторыі сем’яў ўдзельнікаў праектаў, што звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Арсеній Саламатаў з Паўночнай Асеціі, горада Маздок распавёў пра лёс свайго прадзеда, франтавы ліст якога беражліва захоўваюць у іх сям’і.
— Прадзед нарадзіўся ў Беларусі, але на фронт ішоў ужо ў Пермскай вобласці. На развітанне ён сказаў цяжарнай жонцы: «Калі народзіцца хлопчык, назаві яго Іванам, калі дзяўчынка — Мальвінай». Дачку ён так і не ўбачыў. Гэта было ў 1943 годзе. Ён загінуў на Курскай дузе і пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Сяргееўка Белгарадскай вобласці. Цяпер, калі мая бабуля, Мальвіна Аляксандраўна даведалася, што я прайшоў у праект і паеду ў Беларусь, — гэта было проста да слёз! Так атрымалася, што я першы з маёй сям’і, хто змог прыехаць у вашу краіну і пабачыць радзіму прадзеда. Бабуля як і ўсе родныя актыўна сочыць у СМІ за праектам, таму ад маёй сям’і вялізная падзяка арганізатарам за гэта ўнікальнае падарожжа, — падзяліўся школьнік.
Удзельнік з Самарскай вобласці Андрэй Грыбанаў распавёў, што прысвяціў конкурснае эсэ свайму прадзеду, якія ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён» і быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
— Пасля ў час баёў у Польшчы ён атрымаў цяжкае раненне. Яго засыпала зямлёй. Калі пасля бою шукалі загінуўшых, заўважылі яго руку, намацалі пульс, змаглі выратаваць, адправілі ў шпіталь, дзе ён і сустрэў Вялікую Перамогу. Пасля вайны прадзед пражыў доўгае шчаслівае жыццё, хаця асколак у лёгкім застаўся з ім назаўжды. Ведаю, што менавіта на гомельскай зямлі пачалася аперацыя «Баграціён». Таму апынуцца тут, дзе ваяваў мой прадзед, для мяне асабліва хвалююча, — распавёў уюнак. — Беларусы для мяне — брацкі народ. Адчуваецца, што мы адна вялікая сям’я, — перадаў сваё адчуванне школьнік.
Як падзялілася Дар’я Зімніус з Краснаярска, яна вельмі хацела прайсці адбор у праект «Цягнік Памяці», бо даўно марыла пабываць у Беларусі.
— Мяне заўсёды цікавілі ваша гісторыя, архітэктура, культура. Хацелася ўбачыць краіну, якая блізкая нам па духу, мове і агульнай гістарычнай памяці, —распавяла дзяўчына. Эсэ для ўдзелу ў адборы ў праект яна прысвяціла прадзеду Васілю Канстанцінавічу Ягораву.
— Ён прайшоў усю вайну, ваяваў спачатку на заходнім фронце, але да Берліна не дайшоў, бо яго падраздзяленне перакінулі на Далёкі Усход у час уступленні ў вайну з Японіяй. Пасля вайны ён вярнуўся дадому, і мама да гэтага часу з цеплынёй успамінае свайго дзядулю. Прыехаць у Беларусь для мяне асабліва важна яшчэ і таму, што, акрамя прадзеда, ніхто з нашай сям’і ў вас раней не быў. Атрымліваецца, я нібы працягваю яго шлях. Я пад вялікім ўражаннем, якая ў вас прыгожая краіна, уразіла гасціннасць беларусаў, як нас цёпла сустракаюць, якія ў вас таленавітыя дзеці. Гэтыя шчырыя эмоцыі, атмасферу добразычлівасці і павагі да агульнай гісторыі абавязкова перадам на радзіме, — паабяцала дзяўчына.
Многія школьнікі дзяліліся, што «Цягнік памяці», сапраўды, вучыць адчуваць сувязь пакаленняў.
— Нашы народы вельмі падобныя і менавіта гісторыя нас аб’ядноўвае, памяць аб подзвігу, аб людзях, якія абаранялі сваю агульную вялікую Радзіму. Гэта адчуваецца ў расказах маіх равеснікаў аб іх гераічных продках, — сваім меркаваннем падзялілася ўдзельніца «Цягніка Памяці» з беларускага боку, Яраслава Гракава са Светлагорска.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара