Top.Mail.Ru

Удзельнікі навагодняга балю ў Палацы Незалежнасці — пра свае чаканні і ўражанні

«Не толькі каштоўна, але і на самай справе пачэсна быць тут»


Самы прыгожы і чароўны вечар у сераду прайшоў у цэнтры Мінска. У Палацы Незалежнасці з размахам прагрымеў традыцыйны навагодні баль. Вось ужо ў восьмы раз ён праходзіць у нашай краіне. Традыцыю, так упадабаную маладымі беларусамі, заклалі пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы ў 2018 годзе. І з таго часу апынуцца ў Палацы Незалежнасці сярод запрошаных на баль — мара і мэта для юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў краіны. Менавіта з імі, найлепшымі прадстаўнікамі нашай моладзі, карэспандэнты «Звязды» пагутарылі ў кулуарах самага чароўнага і захапляльнага мерапрыемства гэтага года.


Студэнтка 3 курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Руслана Дуброўская расказала, што падрыхтоўкай да балю яго ўдзельнікі займаліся больш за месяц. «Вядома, гэта неймаверная праца. Мы ўдзячныя сваім педагогам, якія ўклалі часцінку сябе ў нас. Вельмі прыемна прысутнічаць тут, бо калі я была маленькая, глядзела на гэта ўсё па тэлевізары і ніколі нават не думала, што калі-небудзь траплю ў Палац Незалежнасці на баль. Але вось гэты момант надышоў, і я вельмі шчаслівая».


Паводле слоў дзяўчыны, для яе апынуцца на балі ў Палацы Незалежнасці — гэта велізарны гонар. «З Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі нас сюды прыехалі чатыры чалавекі. І сёння я тут, таму што добра вучуся, з’яўляюся актывісткай, удзельнічаю ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах. У будучыні я планую звязаць сваё жыццё з аграпрамысловым комплексам краіны — буду працаваць эканамістам у сельскагаспадарчай арганізацыі». 


Руслана прызналася, што вельмі хвалюецца. «Прысутнічае мандраж, вельмі перажываю, але думаю, што ўсё пройдзе добра, бо мы ўпарта рэпеціравалі, танец ведаю. Танцаваць для мяне, у прынцыпе, нескладана, паколькі я займаюся танцамі ў Палацы культуры ў Горках. Я думаю, што з першымі гукамі музыкі ўсё перажыванне пройдзе і ўсё абавязкова будзе добра», — рэзюмавала яна.

А для студэнта 5 курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Мацвея Ляйчонка, які ў гэтым навучальным годзе заканчвае сваю вучобу, трапіць на навагодні баль у Палац Незалежнасці было вельмі значнай падзеяй. «І я вельмі ўдзячны нашай Акадэміі мастацтваў за тое, што мне падарылі такую магчымасць. На маю думку, важна і трэба апынуцца кожнаму ў гэтым знакавым месцы для таго, каб лепей зразумець, у чым каштоўнасць нашай дзяржавы і 30 гадоў суверэнітэту, за якія было дасягнута шмат чаго ва ўсіх сферах. І зусім нядаўна можна казаць у нашай краіне з’явіўся ўласны навагодні баль. За гэта вялікі дзякуй кіраўніку нашай дзяржавы», — адзначыў суразмоўца. 


«Для мяне не толькі каштоўна, але і на самай справе пачэсна быць тут сёння ў гэты вечар, таму што я разумею: гэта вялікая падзяка і вялікае заахвочванне ад дзяржавы за тое, што я ўжо чагосьці дамогся. Мне гэта дапамагае адчуваць такую важную ацэнку з боку не проста калег або аднагодкаў, а з боку вышэйшых прадстаўнікоў нашай дзяржавы, якія думаюць перш за ўсё пра нашых студэнтаў і пра моладзь, — выказаў меркаванне Мацвей. — А трапіў на навагодні баль у Палац Незалежнасці таму, што часта ўдзельнічаю ў арганізацыі і правядзенні розных выставак ад нашай Акадэміі мастацтваў. Таксама дапамагаю з арганізацыяй самых розных прафесійных мерапрыемстваў і мастацкіх інсталяцый, перфомансаў, выставачных праектаў. Удзельнічаю актыўна ў грамадскай дзейнасці, наведваю розныя мерапрыемствы, дапамагаю з асвятленнем дзейнасці нашай Акадэміі мастацтваў у СМІ, паколькі з’яўляюся журналістам Белтэлерадыёкампаніі. Ну і ў тым ліку рады, што мой канал мяне падтрымаў: у аўторак выходзіў выдатны рэпартаж, прысвечаны генеральнай рэпетыцыі».

Мацвей прызнаўся, што хваляванні, вядома, былі, але зніклі на генеральнай рэпетыцыі. «Па-першае, таму што ўсё прайшло добра. І сёння з раніцы рэпетыцый не было, значыць, напэўна, мы з усім справіліся. Ну і важна яшчэ адзначыць, што калі ты апынаешся тут, у гэтай выдатнай зале, у касцюме, акружаны журналістамі, — гэта надае ўпэўненасці. Ты знаходзіш шмат сяброў, якія табе заўсёды падкажуць, калі ты зрабіў не той рух, дзесьці хтосьці за руку пацягне, калі не туды пайшоў. Таму і адчуваеш сябе маленькай шасцярэнькай вялікага механізму, дзе калі нешта не атрымаецца, то табе адразу дапамогуць». 


Студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Сафія Смолікава з’яўляецца тройчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Мой сярэдні бал на сённяшні дзень складае 10.0. Я ўзначальваю студэнцкі савет у сваім універсітэце, актыўна займаюся навукай і ў тым ліку грамадскай дзейнасцю. Менавіта таму, хутчэй за ўсё, я сёння знаходжуся ў гэтым цудоўным месцы», — лічыць яна. 

Паводле слоў Сафіі, ва ўдзельнікаў балю было вельмі шмат рэпетыцый. «Мы рэпеціравалі на працягу двух месяцаў, таму сёння адчуваем сябе абсалютна спакойна. Ёсць такое лёгкае хваляванне, таму што мы ў прадчуванні гэтага вялікага мерапрыемства. А паслухаць прамову Прэзідэнта нашай краіны — гэта вельмі ганарова». 


Студэнт 3 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Уладзіслаў Смансер узначальвае Жодзінскую гарадскую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі», актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, падтрымлівае палітыку нашага Прэзідэнта. «Я вельмі хачу ў далейшым звязаць сваё жыццё з грамадскай дзейнасцю. І для мяне вельмі ганарова не проста пабываць, а паўдзельнічаць у сённяшнім навагоднім балі, тым больш з удзелам нашага Прэзідэнта».

Уладзіслаў шчыра прызнаўся, што для яго гэта ўсё вельмі хвалююча. «Я ніколі раней не танцаваў і не стаяў на сцэне. Тым не менш я спрабую пераадолець гэта хваляванне і ведаю, што ўсё абавязкова атрымаецца». 



Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Чытайце таксама: Лукашэнка — моладзі на навагоднім балі: Наперадзе ў вас вельмі шмат канкрэтных спраў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю