«Цягнік Памяці» прывёз удзельнікаў культурна-адукацыйнага праекта ў Віцебск, перадае БелТА.
Дзеці наведаюць самыя вядомыя славутасці і прадпрыемствы горада, які гэтымі днямі адзначае 1051 год з дня заснавання. У юнакоў і дзяўчат насычаная праграма, і ўсе яны жадаюць убачыць як мага больш.
Юная жыхарка Гродна Аляксандра Яшук падзялілася, што ў праекце ўдзельнічае ўпершыню і нават нягледзячы на тое, што жыве ў Беларусі, наведала не так шмат гарадоў. «Праект супер, усюды сустракаюць вельмі цёпла, добра. Спадабалася ў Брэсце. Мы там пабывалі на гістарычнай рэканструкцыі, і гэты паказ проста за душу бярэ. Пасля такога нашмат лепш разумееш тое, што адбывалася ў першыя дні вайны, якія яна прынесла жахі і гора людзям. У Віцебску я таксама ўпершыню. Ведаю аб ім не так шмат, чула, што тут вырабляюць самыя смачныя вафелькі. І яшчэ „Славянскі базар“ глядзела па тэлевізары. Наогул „Цягнік Памяці“ для нас, рабят, — гэта ўнікальная магчымасць убачыць шмат новых гарадоў, пабываць тамака, дзе мы самі або з сям’ёй маглі ніколі не апынуцца. Эмоцыі перапаўняюць!» — падзялілася дзяўчына.
Госць з Туркменістана Хікматулазода Саіда’замі ўпершыню наведаў Беларусь. Ніхто з яго родных, аж да бабуль і дзядуляў, ніколі не бываў у Сінявокай, і таму малады чалавек асабліва ганарыцца, што яму выпала такая магчымасць. «Для нас усіх вялікі гонар прадстаўляць нашу краіну ў такім вялікім праекце. Мы заўсёды шануем нашых герояў, якія загінулі ў вайне, і я бачу, што і ў вас захоўваюць гістарычную памяць. Гэта нас яднае. Маю сям’ю, на шчасце, вайна абышла бокам, дзяды і прадзеды не ваявалі на фронце, але гэта зусім не значыць, што мы не павінны аддаваць даніну памяці народу Савецкага Саюза, які прынёс Перамогу ўсяму свету. У нас моладзь заўсёды ходзіць на розныя патрыятычныя мерапрыемствы, мы ўскладаем кветкі да Вечнага агню, для нас гэта абавязак гонару», — падкрэсліў удзельнік праекта, які разам з новымі сябрамі ўсклаў кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.

З прывітальным словам да рабят падчас сустрэчы на чыгуначным вакзале звярнуліся прадстаўнікі абласной і гарадской улады. Яны пажадалі гасцям горада яркіх уражанняў і моцнага сяброўства, якое зарадзілася падчас падарожжа ў «Цягніку Памяці».
Культурна-адукацыйны праект праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.