Для 200 удзельнікаў маштабнага праекта «Цягнік Памяці» — нашчадкаў пераможцаў — прадстаўнікоў народаў былых рэспублік Савецкага Саюза, якія атрымалі ў 1945 годзе агульную Перамогу над нацызмам, а таксама прадстаўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі — Мінск стаў апошнім прыпынкам іх патрыятычнага маршруту. Стартаваўшы ў Брэсце, яны пабывалі ў 12 гарадах — сямі ў Беларусі і пяці ў Расіі. Нашы карэспандэнты пагутарылі з маладымі людзьмі ў Жлобіне і на Кургане Славы.
З году ў год адной з кранальных асаблівасцяў праекта застаецца магчымасць дзяліцца і слухаць гісторыі сем’яў удзельнікаў праектаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Арсеній Саламатаў з Паўночнай Асеціі, горада Маздок распавёў пра лёс свайго прадзеда, франтавы ліст якога беражліва захоўваюць у іх сям’і.
— Прадзед нарадзіўся ў Беларусі, але на фронт ішоў ужо ў Пермскай вобласці. На развітанне ён сказаў цяжарнай жонцы: «Калі народзіцца хлопчык, назаві яго Іванам, калі дзяўчынка — Мальвінай». Дачку ён так і не ўбачыў. Гэта было ў 1943 годзе. Ён загінуў на Курскай дузе і пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Сяргееўка Белгарадскай вобласці. Зараз, калі мая бабуля, Мальвіна Аляксандраўна даведалася, што я прайшоў у праект і паеду ў Беларусь, — гэта было проста да слёз! Так атрымалася, што я першы з маёй сям’і, хто змог прыехаць у вашу краіну і пабачыць радзіму прадзеда. Бабуля, як і ўсе родныя, актыўна сочыць у СМІ за праектам, таму ад маёй сям’і вялізная падзяка арганізатарам за гэта ўнікальнае падарожжа, — падзяліўся школьнік.
Удзельнік з Самарскай вобласці Андрэй Грыбанаў распавёў, што прысвяціў конкурснае эсэ свайму прадзеду, якія ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён» і быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
— Пазней падчас баёў у Польшчы ён атрымаў цяжкае раненне. Яго засыпала зямлёй. Калі пасля бою шукалі загінулых, заўважылі яго руку, намацалі пульс, змаглі выратаваць, адправілі ў шпіталь, дзе ён і сустрэў Вялікую Перамогу. Пасля вайны прадзед пражыў доўгае шчаслівае жыццё, хаця асколак у лёгкім застаўся з ім назаўсёды. Ведаю, што менавіта на гомельскай зямлі пачалася аперацыя «Баграціён». Таму апынуцца тут, дзе ваяваў мой прадзед, для мяне асабліва хвалююча, — распавёў юнак. — Беларусы для мяне — брацкі народ. Адчуваецца, што мы адна вялікая сям’я, — перадаў сваё адчуванне школьнік.
Анастасія Цімохава з Брэста шчаслівая, што змагла стаць часткай гэтага праекта.
— Сёлета быў конкурс на 12 тысяч чалавек. І я думаю, што гонар для кожнага прайсці ў гэты маштабны праект, знаходзіцца тут, шанаваць памяць сваіх продкаў і аддаваць доўг Радзіме, — падзялілася яна.
Паводле яе слоў, удзел у праекце прынёс ёй шмат новых знаёмстваў.
— Я думаю, што наша згуртаванне культур, дабрыня і сяброўства даюць самую вялікую матывацыю на новыя здзяйсненні. Усе ўдзельнікі праекта ўжо сталі адной вялікай дружнай сям’ёй, — падкрэсліла яна.
Дзяўчына мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і часта ўдзельнічае ў патрыятычных мерапрыемствах у сваім горадзе. Але ўскладаць кветкі каля Кургана Славы ў Дзень Незалежнасці для яе вялікі гонар.
— Я думаю, што гэта вельмі карысна для падрастаючага пакалення. Гэта вучыць ганарыцца сваёй Радзімай і любіць яе, — зрабіла выснову яна.
Удзельнікі з іншых краін з ахвотай дзяліліся і ўражаннямі аб Беларусі.
— Вельмі даўно хацела пабываць у гэтай краіне, але ўсё ніяк не атрымлівалася. І калі я даведалася, што паеду на гэты праект, то вельмі моцна ўзрадавалася, як мінімум, таму што Беларусь заўсёды для мяне была блізкай краінай, — адзначыла Дар’я Замніус (на фота) з Краснаярска. — Вельмі прыгожая краіна. Мне найбольш спадабаліся Віцебск і Полацк. Я захапляюся храмавымі пабудовамі, і таму мне архітэктура гэтых гарадоў была асабліва цікавая, — падкрэсліла Дар’я.
Мехрбону Ішанаваз Душанбэ ў Беларусі ўжо другі раз, і яна вельмі шчаслівая, што ёй зноў выпала магчымасць наведаць нашу краіну.
— Я вельмі люблю Беларусь. Тут добрыя, гасцінныя людзі і прыгожая прырода. У Таджыкістане вельмі гарыстая мясцовасць, таму на кантрасце, калі ступаеш на вашу зямлю, ёсць адчуванне, быццам бы гуляеш па небе, — падзялілася яна.
Івану Рашэтніку з Паўночнабайкальска ў Беларусі таксама вельмі спадабалася:
— Чыстая краіна з душэўнымі людзьмі, якія вельмі ветліва сустракалі нас на вакзалах. З гарадоў больш за ўсё ўразілі Брэст і Гродна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
Лізавета ГОЛАД, фота аўтараў