Удзельнікі VI Форуму медыйнай супольнасці Беларусі «Медыяасяроддзе сёння: сэнсы або «белы шум», які праходзіць 14 і 15 мая ў Гродне, знаёмяцца з прамысловым і турыстычным патэнцыялам горада над Нёманам, паведаміла БелТА.
Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму для дэлегацый з усіх абласцей і Мінска. Яна ў першую чаргу нацэлена на азнаямленне з работай буйных прадпрыемстваў Гродна. Так, напрыклад, прадстаўнікі Магілёўскай вобласці даведаліся, як у Гродне на прадпрыемстве «ЗОВ-ЛенЕВРОМЕБЕЛЬ» вырабляюць мэблю.
«Ужо каторы год журналісты ўсёй краіны збіраюцца ў розных рэгіёнах. І вельмі цудоўна, што сёлета мы прыехалі ў Гродна. Сёння журналісты — гэта не проста людзі, якія пішуць або здымаюць, гэта яшчэ і блогеры. Перад форумам мы наведваем розныя лакацыі, прадпрыемствы, арганізацыі. І пра ўсё гэта мы можам расказаць жыхарам сваіх абласцей. Напрыклад, я прыехала з Магілёва. Я таксама вяду свой блог, расказваю ўсёй краіне нашай і не толькі пра тое, як жыве Магілёў. Сёння падзялюся тым, што ўбачыла ў Гродне», — расказала галоўны рэдактар газеты «Веснік Магілёва» Ірына Чульцова.

Галоўны рэдактар Круглянскай раённай газеты «Сельскае жыццё» Юлія Ходас адзначыла, што экскурсія на мэблевае прадпрыемства ў Гродне была вельмі пазнавальнай. «Дэлегацыя Магілёўскай вобласці наведала адзін з флагманаў мэблевай прамысловасці Гродна. Мы на свае вочы змаглі пераканацца, як працуе беларуская прамысловасць, як робяць нашы тавары. Што больш за ўсё ўразіла, гэта чысціня на фабрыцы. Хоць, здавалася б, — даволі запыленая вытворчасць, — сказала яна. — Сапраўды, варта купляць беларускія тавары, мы, журналісты, пацвярджаем: яны зроблены якасна».
Намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты «Веснік Чэрыкаўшчыны» Надзея Казанкова пасля наведвання прадпрыемства па вытворчасці мэблі падзялілася, што такія экскурсіі вельмі важныя для пашырэння кругагляду і азнаямлення з нюансамі розных вытворчасцяў. «Я ўпершыню ў Гродне. Сёння мы прыехалі на медыйны форум, летась былі ў Гомельскай вобласці на такім форуме, наведвалі падобнае прадпрыемства „Рэчыцадрэў“. Я ў чарговы раз пераканалася, пабываўшы на дадзеным прадпрыемстве, што гэта высокатэхналагічнае інавацыйнае прадпрыемства, дзе ўжо даўно адышлі ад ручной працы, гэта значыць, літаральна — пакласці-перакласці, а ўсё астатняе выконваюць машыны. Прадпрыемства забяспечвае вельмі высокі ўзровень якасці», — сказала яна.
Прадстаўнікі іншых дэлегацый азнаёміліся з работай Гродзенскага мясакамбіната, Гродзенскай ГЭС, прадпрыемства «Контэ Спа», тытунёвай фабрыкі.
Таксама для гасцей з розных куткоў Беларусі прадумалі змястоўныя экскурсіі, каб яны змаглі акунуцца ў атмасферу горада над Нёманам. Удзельнікі медыяфоруму сёння наведваюць ключавыя турыстычныя аб’екты Гродна — Новы і Стары замкі, сінагогу, Свята-Пакроўскі кафедральны сабор і Каложскую царкву, Фарны касцёл, лютэранскую кірху (з наведваннем канцэрта арганнай музыкі), Гродзенскі абласны тэатр лялек і драматычны тэатр, Музей гісторыі рэлігіі. Удзельнікі змаглі палюбавацца на Гродна з вышыні птушынага палёту — на коле агляду. Таксама ў праграме — цырымоніі ўскладання кветак да Кургана Славы, помнікаў загінулым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны ў Гродне і раёне.
Форум аб’яднаў больш за 700 удзельнікаў — гэта прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, ідэалагічнай вертыкалі, блогасферы, будучыя журналісты і вядучыя эксперты ў сферы медыякамунікацый. Ужо заўтра ўдзельнікі абмяркуюць выклікі сучаснай журналістыкі, прыярытэты развіцця медыясферы, інфармацыйную бяспеку і трансфармацыю медыярэсурсаў. Таксама заўтра вырашыцца галоўная інтрыга — будуць названы імёны пераможцаў і лаўрэатаў XXII Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара».
Арганізатары маштабнага медыяфоруму — Мінінфарм і Гродзенскі аблвыканкам.