Мерапрыемства, арганізаванае Саветам Рэспублікі, стала першым у цыкле падобных семінараў і сабрала звыш 150 дэпутатаў мясцовых Саветаў з усёй Мінскай вобласці. У цэнтры ўвагі — пытанні рэалізацыі норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2021 г. № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі».
Як адзначыў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Ігар БРЫЛЕВІЧ, адкрываючы мерапрыемства, работы па ўключэнні ў гаспадарчы абарот пустуючых жылых дамоў і зямельных участкаў, якія праводзяцца з 2022 года, ужо маюць пэўныя вынікі:
— З моманту дзеяння ўказа ў цэлым па краіне ўцягнута ў гаспадарчы абарот 26 229 пустуючых жылых дамоў. З іх прададзена — 5726. Уцягнута таксама без малога 5 тысяч гектараў зямлі.
У гэтым кірунку работа вядзецца даволі дынамічна. У той жа час, звярнуў увагу парламентарый, паводле даных адпаведных рэестраў, у краіне на ўліку знаходзяцца яшчэ 27 500 пустуючых дамоў.
Ігар Брылевіч падкрэсліў, што пытанні, звязаныя з рэалізацыяй Указа Прэзідэнта № 116, нязменна застаюцца найбольш хвалюючымі на месцах.
Старшыня Старадарожскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый ДАВЫДАЎ адзначыў, што навядзенне парадку на зямлі заўсёды было і застаецца прыярытэтным кірункам дзейнасці органаў мясцовай улады:
— Зразумела, што пустуючыя і старыя дамы не ўпрыгожваюць аблічча нашых населеных пунктаў, таму тэма гэта досыць важная і актуальная. Кіраўнік дзяржавы настройвае, каб гэтыя пустуючыя дамы былі рэалізаваны за адну базавую велічыню. Сёння такая ўнікальная магчымасць у нашых людзей ёсць. Кожны жадаючы грамадзянін можа набыць дом і тым самым унесці пэўны ўклад у добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Гаворачы аб актуальнасці семінара, Дзмітрый Давыдаў упэўнены: ён дазволіць вырашыць многія пытанні па тэме.
— На практыцы мы сутыкаемся з пэўнымі цяжкасцямі. Напрыклад, доўгі час стаіць дом, уласнік якога пражывае за мяжой. Будынак прыходзіць у заняпад, а мясцовыя органы ўлады павінны шукаць пэўныя рашэнні.
Меры ўздзеяння на нядбайных гаспадароў у раёне выпрацаваны. Большасць людзей законапаслухмяныя — чуюць мясцовую ўладу, прыводзяць у парадак свае ўладанні. На тых, хто ігнаруе заўвагі, складаецца пратакол.
Кампетэнтна
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання зямельных адносін, землеўпарадкавання і зямельнага кадастру Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Вікторыя ВЕРЫНА ў ходзе семінара канстатавала: агульная дынаміка ўключэння нерухомасці ў абарот дэманструе ўпэўнены рост.
— Сістэмная работа з безгаспадарным жыллём вядзецца ў краіне з 2006 года. За гэты час заканадаўства тройчы абнаўлялася — у 2012, 2018 і 2021 гадах. Аднак ключавым драйверам працэсу стаў Указ Прэзідэнта № 116, прыняты ў 2021 годзе, а таксама запуск з 1 студзеня 2023 года Адзінага рэестра пустуючых дамоў.
Сярод асноўных спосабаў уцягвання пустуючых дамоў у абарот Вікторыя Верына назвала замацаванне за камунальнымі арганізацыямі, продаж на аўкцыёне (у тым ліку праз электронныя таргі), продаж без аўкцыёну (у асобных выпадках — за адну базавую велічыню), знос аб’ектаў, а таксама прадастаўленне зямельнага ўчастка новаму карыстальніку з умовай ажыццяўлення або фінансавання зносу.
Указ № 116 значна спрасціў працэдуру продажу: дапускаецца адчужэнне дамоў нават пры адсутнасці дакументаў, якія засведчваюць правы, прадугледжана растэрміноўка аплаты да трох гадоў без індэксацыі, а таксама магчымасць вызначаць тэрыторыі, дзе продаж магчымы адразу за адну базавую велічыню.
Дарэчы, з 2020 года новыя гаспадары з’явіліся больш чым у шасці тысячах пустуючых дамоў. Толькі за 2025 год рэалізаваны 1573 аб’екты: 580 — праз аўкцыёны, 993 — без таргоў.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ