Нагадаем, урад Літоўскай Рэспублікі 29 кастрычніка 2025 года прыняў пастанову «Аб абмежаванні і прыпыненні перасячэння дзяржаўнай граніцы Літоўскай Рэспублікі». Дакументам уведзеныя абмежаванні на перамяшчэнне фізічных асоб і транспарту праз пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») да 1.00 па беларускім часе 1 снежня. Афармленне фізічных асоб і транспарту ў літоўскім пункце пропуску «Шальчынінкай» («Беняконі») цалкам прыпынена. У пунктах пропуску сабраліся тысячы фур на літоўскіх нумарах, кіроўцы якіх не задаволены дзеяннямі ўласных улад: прастоі, фінансавыя страты і невядомасць — вось, з чым ім давялося сутыкнуцца.
У панядзелак на нарадзе аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:
— Народ Літвы не мае ніякага дачынення да пастановы ўлад сваёй краіны аб закрыцці граніцы з Беларуссю. Нават не хачу казаць, па якіх прычынах. Сёння мы ведаем рэакцыю літоўскага народа — грамадзян Літвы, бізнесу — на гэтыя дзеянні. Натуральна, уладам Літвы давялося варушыцца і рабіць нейкія захады. Як звычайна, яны вырашылі мышкаваць і яшчэ раз паспрабаваць нас нахіліць і абвінаваціць у гэтых ці то «шарыках» (запуску метэаралагічных зондаў з кантрабандай цыгарэт. — Заўв. рэд.), ці то яшчэ чымсьці. Хоць вычарпальны адказ на гэта пытанне быў дадзены. І расследаваннем нашых органаў, ды і Літвы пацвярджаецца, хто займаецца гэтым цыгарэтным бізнесам, хто гэтыя «шарыкі» перакідае і гэтак далей.
«Палітыкі ваююць, а мы пакутуем»
Каменціруючы сітуацыю ў пункце пропуску «Катлоўка» ўладальнік фірмы-перавозчыка з Літвы Віргініус адзначыў:
— Закрылі мяжу. Чакаем, калі якая-небудзь інфармацыя прыйдзе, калі літоўцы адкрыюць. Палітыкі ваююць, а мы пакутуем, простыя людзі, як той казаў. Бо ніхто не пытаецца, маеш што есці, грошы ёсць ці не.
Ён падкрэсліў, што кожны дзень такога прастою — удар па кашальку.
— Мы і машыны тут пакінем, — дадаў літовец.

Мужчына адзначыў, што сітуацыя, якая склалася, выклікае разгубленасць і крыўду.
— Мы гаварылі (Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў. — Заўв. рэд.) Linava Літвы, што трэба перакрываць дарогі ці нешта яшчэ. Не чуюць. Стаім як бараны, — сказаў ён.
Віргініус, дарэчы, жыве ў Вільнюсе.
— Праз агароджу — 30 км прама, а круціць трэба праз Латвію, 600 км рабіць. Дадому вярнуцца — як хочаш. Не ўлада пакутуе, а людзі простыя. Вось самае страшнае, — адзначыў ён. — Наша Літва, улада, зусім з глузду з’ехала. Яны свае інтарэсы нейкія маюць, нават не разумеем, што яны там думаюць. Пакуль не падымуць бунт (як калгаснікі ў нас прыехалі, трактарамі перакрылі), пакуль не прыедуць і не перакрыюць, яны не думаюць мазгамі. Яны толькі тады ўжо нешта робяць, калі непрыемнасці, а пакуль вось так ціха, то цярпіце, вы ведаеце, куды ехалі.
Вось такі «падарунак» да Новага года
Пэўнасці ніякай, закрыццё граніцы — своеасаблівы «падарунак» да навагодніх свят, лічыць кіроўца з Узбекістана Бахадыр Магумараў, які знаходзіцца ў пункце пропуску «Каменны Лог» (сумежны літоўскі «Мядзінінкай»).
— Ужо месяц, як стаў у чаргу. Нам і вяртанне не афармляюць, а груз у нас менавіта літоўскі. Нам, атрымліваецца, і ні туды, і ні сюды. Ні назад — дадому, ні ў Еўропу не можам заехаць, — сказаў Бахадыр Магумараў.
Кіроўца фуры дадаў:
— Якія тут могуць быць эмоцыі, калі цэлы месяц у машыне жывеш? У спартанскіх умовах, усё скончылася, не толькі ежа, але і салярка, надвор’е яшчэ «шэпча» — замаразкі наперадзе. Радавацца няма чаму, настрой злосны, закрыццё граніцы — «падарунак» ад Дзеда Мароза.
Як заявіў днямі МЗС Беларусі, літоўскія фуры, якія сабраліся на тэрыторыі Беларусі на пад’язных шляхах да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», у мэтах забеспячэння бяспекі і захаванасці перамесцяць у спецыяльна абсталяваныя месцы стаянкі.

Па словах Бахадыра Магумарава, яго гэтыя меры не закрануць.
— Для нас пакуль няма ніякіх навін. А ў калег толькі пакуты. Вядома, спадзяёмся на паляпшэнне. Па кішэні ўсё гэта б’е. У вялікую суму складваецца. Наконт прастою ніякіх у нас навін — аплаты 100 % не будзе. Нам адразу пра гэта сказалі, увогуле, вінаватых няма, — адзначыў кіроўца.
— Цяжкая вельмі сітуацыя. Літоўскія перавозчыкі вельмі шмат страцяць. Таму што вось наша фірма, яна вельмі буйная і мы «завязаны» на перавозцы кітайскіх грузаў. Гэта значыць, мы з Еўропы грузілі машыны на Беларусь, на Расію, на Узбекістан, на ўсе краіны СНД, — сказаў кіроўца літоўскай фірмы Міхаіл Гарошка. — І цалкам па ўсёй Еўропе (і на Англію) мы дастаўлялі кітайскія грузы — вопратку, «Аліэкспрэс», акумулятары для машын. Цяпер я не ведаю, як гэта будзе ісці.
Для бяспекі на дарогах і захаванасці транспартных сродкаў
Да аднаўлення літоўскім бокам нармальнага руху праз пункты пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» перамяшчэнне грузавікоў на літоўскай рэгістрацыі праз беларускую граніцу ажыццяўляцца не будзе. Тыя звыш 1100 грузавікоў, што засталіся на тэрыторыі Беларусі і так і не дачакаліся адкрыцця літоўскім бокам граніцы, будуць знаходзіцца на спецыяльна абсталяваных для гэтых мэт на стаянках паблізу беларускіх пунктаў пропуску «Каменны Лог», «Беняконі», «Бераставіца», «Катлоўка».
Рашэнне аб размяшчэнні ў спецыяльна абсталяваных месцах фур з Літвы прынята з мэтай выключэння небяспечных умоў на пад’язных аўтадарогах да закрытых літоўскім бокам пунктаў пропуску «Шальчынінкай» і «Мядзінінкай». Пра гэта сказаў журналістам начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Віктар Зубік.
Такое рашэнне беларускім бокам прынята ў мэтах забеспячэння бяспекі на пад’язных да граніцы дарогах і захаванасці дадзеных транспартных сродкаў.
Дарэчы, ужо на пляцоўках размешчана 800 літоўскіх грузавікоў: у «Бераставіцы» — 350, «Беняконях» — 160, «Катлоўцы» — 220, «Каменным Логу» — 70.
— Кіроўцы, якія выканалі афіцыйныя пісьмовыя патрабаванні мытных органаў па перамяшчэнні транспартных сродкаў у спецыяльна ўстаноўленыя месцы, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі, — падкрэслілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Тым часам
Аляксандр Лукашэнка з улікам звароту літоўскіх улад даручыў МЗС арганізаваць перагаворы па нармалізацыі сітуацыі на граніцы
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады старшыні Дзяржпагранкамітэта генерала Канстанціна Моластава, міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова і старшыні КДБ генерала Івана Тэртэля па пытаннях абстаноўкі на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай граніцы. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
— Як стала вядома, ад літоўскіх улад сёння паступілі прапановы аб урэгуляванні сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы. У сувязі з чым Прэзідэнт заслухаў даклады старшыні Дзяржпагранкамітэта генерала Канстанціна Моластава, міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова і старшыні КДБ генерала Тэртэля па пытаннях абстаноўкі на беларуска-літоўскай і беларуска-польскай граніцы, — паведамілі ў прэс-службе.
З улікам звароту літоўскага боку, Прэзідэнтам даручана міністру замежных спраў арганізаваць перагаворы па пытаннях нармалізацыі сітуацыі і аднаўлення паўнацэннага функцыянавання пунктаў пропуску на сумеснай граніцы — з удзелам літоўскіх упаўнаважаных асоб, адказных за гэты напрамак.
Міжведамасную каардынацыю і аказанне іншай дапамогі ў правядзенні перагавораў даручана арганізаваць дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу.