Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук падчас цырымоніі ўзнагароджання адзначыў важнасць гэтай падзеі: «гэтае свята дапамагае нам, беларусам, не забываць, дзе наша сапраўднае месца на гэтым свеце. Разам з вамі мы будзем шанаваць тых, хто, на думку кампетэнтных людзей, напісаў лепшыя творы ў бягучым годзе. Чытайце іх. Задавальнення вам ад чытання».
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч назваў Дзень беларускага пісьменства «мостам, які паказвае ўвагу дзяржавы да друкаванага слова». «Хацелася, каб усе, хто мае дачыненне да стварэння мастацкіх твораў, сённяшнія Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, тыя, хто нас глядзяць і ведаюць, што ў нашай краіне ёсць такое свята, разумелі, што на літаратарах ляжыць адказнасць за стварэнне партрэта нашай дзяржавы. Гэты партрэт, традыцыі і пераемнасць — і ў сённяшнім дні», — падкрэсліў ён.

Пераможцам у намінацыі «Лепшы твор, зборнік твораў паэзіі» стала Вольга Русілка — аўтар кнігі «Котра». У намінацыі «Лепшы твор прозы» перамог Навум Гальпяровіч з творам «Чырвоны мост».
Уладальнікам прэміі ў намінацыі «Лепшы твор драматургіі» стаў Анатоль Зэкаў за «Двор пад буслінымі крыламі». Лепшым публіцыстычным творам стала «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР» аўтарства Ігара Марзалюка.
У намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» перамог Дзмітрый Радзівончык з кнігай «Масты і берагі. Я зразумеў, як гэта працуе...». Кнігу «Як Вадзянік з людзьмі жартаваць спрабаваў» Генадзя Аўласенкі прызналі лепшым творам для дзяцей і падлеткаў.

Перамогу ў намінацыі «Лепшы дэбют» атрымала Паліна Корнева за твор «Запіскі юнай хірургі». «Наша культура захоўваецца на паперы з самых даўніх часоў. Ад імя ўсёй творчай моладзі я хачу паабяцаць, што буду працягам гэтай спадчыны, зраблю ўсё, каб гісторыя маёй краіны прасочвалася ў маіх творах, каб яе ведалі ў Беларусі і за яе межамі», — падзялілася Маладая пісьменніца.