Летась выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вольга Бялова стварыла культурна-адукацыйны праект на ваенную тэматыку «Ажыўшыя лісты вайны», да якога далучыліся навучэнцы ўстановы і калегі па рабоце. У выніку атрымалася цікавая імпрэза, галоўныя героі якой — аўтары ваенных лістоў. Адметна тое, што ўсе яны жыхары Магілёўскай вобласці. У іх лістах акрамя суровай рэчаіснасці яшчэ і журба па малой радзіме — канкрэтных вулачках, куточках, шчаслівым мірным часе.
У каледжы Вольга Бялова выкладае рэжысуру і акцёрскае майстэрства. Але яе дзейнасць распаўсюджваецца далёка за межы асноўнай работы. Яна заўсёды нешта прыдумвае, прапануе, натхняе. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, яе ведаюць як аўтарку цікавых вершаў і п’ес для моладзі і не толькі. Нядаўна у выдавецтве «Звязда» выйшла яе першая дзіцячая кніжка. Таленавітая аўтарка і педагог вельмі актыўна супрацоўнічае са школамі, тэатрамі, музеямі, бібліятэкамі. Прызнаецца, што кожную хвіліну ў яе галаве нараджаецца мноства розных ідэй. Што датычыцца праекта «Ажыўшыя лісты вайны», які атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы маладзёжнай палітыкі, ён першапачаткова і задумваўся як маштабны.
— Патрыятычных праектаў існуе шмат, хацелася зрабіць нешта сваё, прывязанае да канкрэтнай тэрыторыі, каб у тых, хто тут жыве, узнікла адчуванне сувязі з чалавекам, які пісаў ліст, адбыўся своеасаблівы кантакт у часе, — кажа Вольга Бялова. — З вуснаў артыстаў гучаць назвы вуліц, па якіх мы ходзім, імёны людзей, якіх мы, магчыма, ведаем. Са сваёй калегай Надзеяй Валяевай-Дудкевіч мы гадзінамі сядзелі ў дзяржархіве Магілёўскай вобласці, фондах абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава і выбіралі лісты, якія маюць дачыненне менавіта да нашай вобласці. Без слёз тыя радкі чытаць немагчыма. Вось, напрыклад, салдат піша медсястры Лізавеце Мікалаеўне, якая выратавала яму жыццё. Ён быў настолькі цяжка паранены, што таварышы па зброі палічылі яго загінулым.
І толькі наступленне немцаў не дало ім магчымасці пахаваць баявога сябра. Цудам ён апынуўся ў шпіталі, дзе медсястра літаральна выхадзіла яго. Дарэчы, Лізавета Мікалаеўна была настаўніцай, працавала ў школе № 1 Магілёва. У школьным музеі захавалася шмат інфармацыі пра яе.
У творчай камандзе, якая працавала над праектам, задзейнічана вялікая колькасць аднадумцаў. Вольга Бялова і яе калега Надзея Валяева-Дудкевіч адказваюць за сцэнічнае ўвасабленне лістоў з фронту. А лісты чытаюць іх навучэнцы з тэатра «Атмасфера» і студыі «Драма.Арт». Педагог Ірына Вінакурава і яе выхаванцы з арт-студыі «ОКНО» стварылі маляўнічы рад ваенных гісторый, напісалі карціны да лістоў. А педагог Наталля Багатырова забяспечвае эстраднае напаўненне, яе навучэнцы з ансамбля «Воздушные» выконваюць песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі.
Старт праекта адбыўся летась 9 мая. Хлопцы і дзяўчаты выступалі ў кінатэатрах перад паказамі ваенна-патрыятычных фільмаў, і гледачы вельмі эмацыянальна рэагавалі. Здавалася, час прыпыніўся і мінулае ажыло.
Работа над праектам працягваецца. Вольга Бялова прапанавала далучыцца да агульнай справы не толькі музеям, але і бібліятэчным установам. Напрыклад, ёсць ужо дамоўленасць з бібліятэкамі Мінска, Быхава, Жлобіна, Слаўгарада, Салігорска. На сёння колькасць лістоў павялічылася да 43, думаем, што іх будзе 80. І да кожнага ствараецца асобная карціна. Чытачы таксама будуць мяняцца. У планах падключыць магілёўскіх артыстаў з абласных тэатра лялек і драмтэатра.
— Мы пабываем са сваёй культурна-адукацыйнай праграмай ва ўсіх месцах, адкуль прыйдуць лісты, — кажа Вольга Бялова. — Ужо запланавана паездка ў 20 гарадоў Беларусі. Акрамя гэтага, нас чакаюць Бранск і Пскоў. Летась я была ў Бранску як паэтка і расказвала аб праекце «Ажыўшыя лісты вайны». І там вельмі ім зацікавіліся.
Сёлета праект можна будзе ўбачыць і на асобным сайце. Вольга Бялова паведаміла, што цяпер ідзе яго напаўненне. На жаль, працэс вельмі карпатлівы і не такі хуткі. Але, як яна спадзяецца, сайт запрацуе ўжо 9 мая.
— Усе 80 лістоў будуць агучаныя, знятыя на відэа і апублікаваныя на сайце, — удакладняе суразмоўца. — Я ўпэўнена, што гэтыя матэрыялы спатрэбяцца пры стварэнні любога ваенна-патрыятычнага мерапрыемства. Імі можна будзе карыстацца без абмежавання.
Рэзананс таксама ўжо ёсць. Да стваральніцы праекта паступаюць прапановы ад вядомых дзеячаў культуры, настаўнікаў з просьбай даць ім магчымасць паўдзельнічаць у праекце, агучыць некаторыя лісты. І гэта таксама не застанецца без увагі. На сайце плануецца стварыць асобную ўкладку пад назвай «Натхнёныя праектам» і размясціць там ролікі з тымі, хто да яго далучыўся.
Праект добры яшчэ і тым, што гэта жывы матэрыял, які можна выкарыстоўваць з любой нагоды. У сакавіку Вольга Бялова і яе каманда запланавалі канцэртную праграму «Жаночае сэрца», прысвечаную Году беларускай жанчыны.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва гераіні