Top.Mail.Ru

Уладзімір Гасцюхін стаў беларускім артыстам задоўга да таго, як пераехаў сюды жыць

Віншаванні народны артыст Беларусі будзе прымаць 10 сакавіка ў сувязі з 80-годдзем. У яго гонар у кінатэатры «Масква» 12 сакавіка адбудзецца святочны юбілейны вечар, дзе акрамя віншавальных урачыстасцяў можна будзе пабачыць выстаўку касцюмаў, у якіх Уладзімір Гасцюхін выходзіў на сцэну ў пастаноўках Тэатра-студыі кінаакцёра. Але большасць людзей усё ж звязваюць яго імя з кіно, таму часткай праграмы стане паказ фільма 2025 года «Мой дзед», знятага расійскімі кінематаграфістамі. Фільм быў прадстаўлены ў праграме кінафестывалю «Лістапад-2025», айчынная публіка яго цёпла вітала не ў малой ступені дзякуючы ўдзелу народнага артыста Беларусі Уладзіміра Гасцюхіна, — гэта найноўшая праца ў яго фільмаграфіі.


Так атрымалася, што гэта яшчэ адзін чалавек родам з Урала (таксама Мулявін), які здолеў увасобіць беларусаў так, што яго лёгка прынялі за свайго. Але першай прыкметнай роляй, у якой малады Гасцюхін увасобіў складаны і супярэчлівы характар, стаў Мікалай Рыбак у фільме «Узыходжанне» паводле аповесці «Сотнікаў». Рэжысёр Ларыса Шэпіцька шукала не вельмі вядомага артыста — і знайшла яго на здымачнай пляцоўцы «Масфільма», дзе ішла работа над тэлевізійным фільмам «Хаджэнне па пакутах». Ён да гэтага атрымаў акцёрскую адукацыю, нават меў досвед працы ў тэатры... у якасці мэбельшчыка-рэквізітара. Уладзімір Гасцюхін шчыра расказваў пра гэта, без сораму, а наадварот, падкрэсліваючы: шлях да ўвасаблення мары прайшоў з самых нізоў. Фільм «Узыходжанне» атрымаў нечаканае сусветнае прызнанне і галоўны прыз Берлінскага кінафестывалю. Акцёр, які выканаў ролю беларускага партызана-здрадніка Мікалая Рыбака, з таго часу стаў адным з «топавых» у савецкім кіно: нават нягледзячы на адмоўнае стаўленне да героя гледачы адчулі драму чалавека, які вельмі хоча выжыць на вайне. Яе здолеў перадаць Гасцюхін. Нездарма пасля такой ролі акцёра вельмі ахвотна будуць запрашаць здымацца на «Беларусьфільме», дзе патрэбна ўвасобіць людзей з няпростым лёсам, па якім прайшлася вайна. Напрыклад, у шматсерыйным фільме «Час выбраў нас», стужках «Вазьму твой боль», «Знак бяды» (Міхаіла Пташука) ці «Чужая бацькаўшчына» (зняты рэжысёрам Валерыем Рыбаравым), які выйшаў на экраны ў 1982 годзе. Менавіта гэты год стаў пераломным у лёсе Уладзіміра Гасцюхіна: з артыста, што здымаецца ў беларускім кіно, ён стаў чалавекам, які жыве ў Беларусі. Гэта была любоў. І гэта было каханне: тут ён сустрэў актрысу Алу Проліч, якая стала яго жонкай. Гэта быў самы пік яго агульнасаюзнай папулярнасці і запатрабаванасці, а ён пераехаў жыць у Мінск.

Уладзімір Гасцюхін стаў ключавой фігурай айчыннай культуры, у 1996-м ён атрымаў званне народнага артыста Беларусі. Аднак працягваў здымацца на розных студыях у Расіі, стварыўшы яркія вобразы ў мастацкіх фільмах і тэлесерыялах. Але менавіта ў Мінску на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра ён здолеў раскрыцца не толькі як акцёр, але і як рэжысёр, паставіўшы спектаклі «Міленькі ты мой» і «Ганна Снегіна», «Механічны чалавек».

Творчы шлях Уладзіміра Гасцюхіна — гэта галерэя яркіх, глыбокіх характараў. Усяго ў кіно ў яго больш за 100 творчых прац. Яго персанажы — людзі з народа, якія выклікаюць давер і суперажыванне. Нягледзячы на салідны ўзрост, артыст прыцягвае ўвагу рэжысёраў. Калі трэба паказаць чалавека з магутным мужчынскім характарам і харызмай — гэта да Гасцюхіна. Таму разлік стваральнікаў фільма «Мой дзед» апраўдаўся: хто б яшчэ так пераканаўча справіўся з роляй чалавека, які жыве ў сібірскай тайзе і дапамагае хлопчыку пераадолець сябе. 

Стужка была адзначана Прызам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы «За ўклад у захаванне духоўна-маральных і культурна-гістарычных каштоўнасцяў» на кінафестывалі «Лістапад-2025». Айчынныя гледачы віталі з’яўленне Уладзіміра Гасцюхіна і ў ролі дзядулі-лесніка, і на фестывальнай сцэне, дзе ён сказаў словы ўдзячнасці ў адрас беларускай публікі з думкай: а ці будуць яшчэ сустрэчы?.. Зала вітала яго стоячы і авацыямі. Пасля такога прыёму было зразумела: трэба сустракацца, трэба адзначаць поспехі і юбілеі разам.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю