Карэспандэнт «Звязды» папрысутнічала на прыёме грамадзян, які правёў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Звароты, з якімі прыйшлі мінчане да мэра сталіцы, датычыліся павелічэння пенсій, працаўладкавання, прадастаўлення незанятага дадатковага зямельнага ўчастка, паляпшэння жыллёвых умоў для шматдзетных сем’яў і не толькі.
Так, сям’я з трыма дзяцьмі з Мінска звярнулася да старшыні Мінгарвыканкама ў сувязі з адмовай адміністрацыі Фрунзенскага раёна паставіць на ўлік сям’ю як шматдзетную, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сувязі з іх пагаршэннем — у кватэры прапісалася маці мужа. Сям’я, у складзе шасці чалавек пражывае ў кватэры плошчай каля 58 квадратных метраў.
Заяўнікі звярнуліся з жаданнем абскардзіць гэтую адмову. «Мы шматдзетная сям’я. Дзеці ў сям’і разнаполыя», — расказала жанчына. Аднак гэта, па словах начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алены Лукашэвіч, не з’яўляецца падставай для пастаноўкі на ўлік. «Тое, што датычыцца разнаполых дзяцей, не з’яўляецца падставай для пастаноўкі на ўлік, бо кватэра двухпакаёвая», — адзначыла яна.
Ёсць яшчэ адзін нюанс. «Патрэба ўзнікла ў сувязі з прапіскай маці гаспадара, якая працаздольная. Згодна з заканадаўствам, гэта з’яўляецца тым відам пагаршэння жыллёвых умоў, які цягне за сабой пяцігадовую забарону на пастаноўку на ўлік. Гэта прадугледжвае артыкул 37 Жыллёвага кодэкса. Рэалізаваць права на прыняцце на ўлік у такім выпадку можна па заканчэнні пяці гадоў з даты пагаршэння жыллёвых умоў», — адзначыў Уладзімір Кухараў.
Міхаіл Міхайлавіч звярнуўся з просьбай растлумачыць пытанне прызначэння і выплаты пенсіі. «Я зарэгістраваны ў Івацэвіцкім раёне. Пенсіённая справа знаходзіцца там. Жыву тут, у Мінску. Дваццаць гадоў працую ў Мінску. У мяне вялікі стаж, але каэфіцыент мне нават да адзінкі не паднялі», — кажа заяўнік.
«Вам неабходна звярнуцца туды, дзе вам налічваюць пенсію. Cёння рэгуляваць памер выплат у сувязі з тым, што вы не знаходзіцеся на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, мы не можам», — патлумачыў кіраўнік горада.
Мінчанка звярнулася да Уладзіміра Кухарава з пытаннем арэнднага жылля. Паводле яе слоў, адміністрацыя Фрунзенскага раёна скасавала з ёй дагавор найму арэнднага жылля з-за таго, што яна спыніла працоўныя адносіны з арганізацыяй, якая хадайнічала аб яго прадастаўленні.
«Арэнднае жыллё вам было прадастаўлена на перыяд працоўных адносін з папярэднім працадаўцам. Згодна з артыкулам 114 Жыллёвага кодэкса, дагавор найму жылля, заключаны на перыяд працоўных адносін, спыняецца ў выпадку іх скасавання з арганізацыяй, якая прадаставіла такое жыллё альбо хадайнічала аб гэтым, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Вы маеце права прэтэндаваць на арэнднае жыллё па хадайніцтве ўстановы, у якой вы працуеце», — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.