На сустрэчы з калектывам Гомельскага хімічнага завода спікер звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што аграпрамысловы сектар — не проста галіна эканомікі, а фундамент харчовай бяспекі.
Як падкрэсліў Ілья Ікан, у Беларусі свая мадэль забеспячэння харчовай бяспекі, пабудаваная на простым і ясным прынцыпе — забяспечваць сябе за кошт уласнай вытворчасці.
— Па шэрагу пазіцый аб’ёмы вытворчасці значна перавысілі ўнутраныя патрэбнасці, што дало магчымасць Беларусі ўвайсці ў лік вядучых экспарцёраў прадуктаў харчавання. Наша краіна ўваходзіць у сусветны топ-5 па пастаўках малочнай прадукцыі, у топ-15 па экспарце мяса, птушкі і шэрагу іншых прадуктаў харчавання, — звярнуў увагу спікер.

Ілья Ікан нагадаў аб значнай пазіцыі нашай краіны ва ўзаемным гандлі Еўразійскага эканамічнага саюза харчовымі таварамі і сыравінай. Так, пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ідуць больш як у 115 краін свету, пры гэтым каля 67 працэнтаў прыпадае на рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Найбуйнейшымі партнёрамі пасля РФ выступаюць краіны ЕАЭС, у прыватнасці Казахстан, дзе назіраецца ўстойлівы рост тавараабароту. Галоўным рынкам далёкай дугі застаецца Кітай.
Спікер у тым ліку звярнуў увагу на тое, што аграпрамысловы комплекс — гэта, безумоўна, здабытак і дабрабыт людзей і адна з найважнейшых сфер эканомікі нашай рэспублікі. Высокі ўзровень харчовай бяспекі ў нашай краіне поўнасцю адпавядае прынцыпам сацыяльна арыентаванай дзяржаўнай палітыкі.

— У цэлым сістэма забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі ў Беларусі выбудавана збалансавана і прадумана. Унутраны харчовы рынак краіны і ўласныя магутнасці знаходзяцца ў абсалютнай раўнавазе, — падкрэсліў спікер і зазначыў, што харчовая бяспека краіны не толькі гарантуе абсалютную незалежнасць ад знешніх кан’юнктур, але і забяспечвае даступнасць якасных прадуктаў і здаровага харчавання грамадзянам, а таксама ўстойлівае развіццё беларускіх рэгіёнаў.
У сваім выступленні Ілья Ікан адзначыў і значную ролю хімічнай прамысловасці ў забеспячэнні аграрнага сектара мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі аховы раслін.
Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота Гомельскага хімічнага завода