Top.Mail.Ru

Улетку павялічваецца колькасць няшчасных выпадкаў і трагедый з дзецьмі

Каб канікулы не сталі апошнімі

За кожнай з іх — хвіліна няўважлівасці, памылка бестурботнасці. Дзіцячы траўматызм і гібель непаўналетніх ад знешніх прычын застаюцца адной з самых надзённых праблем летняга перыяду. Як жа зберагчы сваё дзіця ад небяспекі?

Вада памылак не даруе

Па словах начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Пракуратуры Мінскай вобласці Вольгі КЛЕШЧАНКА, звычайна гібель дзіцяці на вадзе нельга спісаць на простую выпадковасць. Заўсёды прысутнічае чалавечы фактар: халатнасць бацькоў або адсутнасць у дзяцей неабходных ведаў і навыкаў бяспечных паводзін.

Трагедыя, якая адбылася вясной гэтага года ў Барысаўскім раёне, — страшнае пацверджанне сказанаму. У сакавіку ў аграгарадку Навасёлкі Мінскай вобласці шасцігадовы хлопчык, які прыехаў з бацькамі ў госці, на некалькі хвілін застаўся без нагляду ў двары. Гэтага хапіла, каб дзіця выйшла да ракі, упала і захлынулася. «Бацькі павінны памятаць: калі малалетняе дзіця знаходзіцца ля вады, для іх павінна існаваць адзінае правіла — прынцып выцягнутай рукі. Вы павінны знаходзіцца ад дзіцяці на такой адлегласці, каб паспець зрабіць бяспечным яго знаходжанне ў вадзе», — падкрэсліла Вольга Клешчанка.

Нагадваем: купанне ў неабсталяваных для гэтага месцах — кар’ерах, каналах, у гідратэхнічных збудаваннях — строга забаронена. Асаблівую небяспеку падобныя аб’екты ўяўляюць у першую чаргу таму, што ў іх няма пастоў АСВОД. Да таго ж дно не даследавана, існуе рызыка схаваных плыняў і рэзкіх перападаў глыбінь. Яркі прыклад — трагедыя ў Мінскім раёне. Група падлеткаў без дарослых прыйшла да штучнага вадаёма. Двое вырашылі пераплысці на другі бераг, адзін без адпачынку паплыў назад і патануў. Сябры нават заўважылі гэта не адразу — трое з іх былі п’яныя.

Свавольства не ў радасць

Але нават на афіцыйных, здавалася б, дазволеных пляжах здараюцца няшчасныя выпадкі. У асноўным — з-за свавольстваў дзяцей і няўважлівасці адказных за іх дарослых, расказала Вольга Клешчанка: «Культуру бяспекі ў нас замяняюць забаронамі. Мы паўтараем дзецям „не лезь у ваду“, „не заплывай далёка“. Але для дзіцяці вада — гэта крыніца радасці, весялосці і адрэналіну, а жорсткае „не“ выклікае крыўду і жаданне абысці гэтую забарону. Культура бяспекі не фарміруецца ў вакууме, і яе падмурак — гэта асабісты прыклад дарослых».

Але небяспека падсцерагае дзяцей не толькі каля вады — летам традыцыйна павялічваецца колькасць падзенняў з вокнаў, а з прычыны дзіцячага свавольства з агнём за сем месяцаў 2026 года адбылося 48 пажараў, у якіх пацярпелі 32 дзіцяці. «Гэта не проста лічбы, гэта дарослыя жыцці, якія абарваліся, і дзясяткі дзяцей, для якіх агонь будзе асацыіравацца не з цяплом і ўтульнасцю, а з бясконцым лячэннем, псіхалагічнымі траўмамі і апёкамі», — падкрэсліла старшы метадыст Інстытута тэорыі і практыкі бяспекі жыццядзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алена БУГАЁВА.

Няшчасныя выпадкі, паводле слоў спецыяліста, могуць здарыцца ў любы момант. Развіваюцца яны нечакана, але ў аснове заўсёды ляжыць недагляд з боку дарослых, адсутнасць тлумачэння, даступнасць крыніц агню, неасцярожнасць ці жаданне падлеткаў паэксперыментаваць. Напрыклад, 

10 чэрвеня ў Глускім раёне 12-гадовы хлопчык быў дастаўлены ў бальніцу з апёкамі пасля таго, як спрабаваў распаліць смецце ў бочцы з дапамогай бензіну — у выніку адбылася ўспышка, адзенне дзіцяці загарэлася.

Не першы год праваахоўнікі папярэджваюць і аб трывожным трэндзе сярод юных аматараў экстрыму — зачэпінгу. Праязджаючы на дахах, пераходных пляцоўках і тарцовых частках цягнікоў, моладзь у пошуках адрэналіну і ўвагі аўдыторыі ў сацсетках не задумваецца пра наступствы такога хобі: падзенні, удары аб слупы і сустрэчныя саставы, электратраўмы ад напружання вышэй за 25 тысяч вольт. Пры вільготным надвор’і разрад нават можа ўзнікнуць на адлегласці, без дотыку да проваду.

СПМ дзецям не цацка

Па статыстыцы МУС, з 13 загінулых з пачатку года ў ДТЗ дзяцей 9 атрымалі смяротныя траўмы, будучы пасажырамі. Пры гэтым кожны другі перавозіўся з парушэннем правіл бяспекі. У МУС нагадваюць: для паездак з малышамі абавязкова неабходна выкарыстоўваць аўтакрэслы, для дзяцей, старэйшых за 12 гадоў (ці ростам вышэй за 150 см), — рамень бяспекі.

Правілаў бяспекі проста неабходна прытрымлівацца і пры выкарыстанні сродкаў персанальнай мабільнасці. «У ПДР прадугледжана забарона на выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці дзецьмі да 14 гадоў без суправаджэння дарослага. Самастойна катацца дазваляецца толькі ў жылых зонах», — нагадаў Раман БАРДЗЕЕЎ, старшы інспектар па асобых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў.

Дарэчы, падлетак можа кіраваць мапедам толькі пасля здачы тэарэтычнага экзамену па ПДР у ДАІ і атрымання пасведчання катэгорыі АМ. 

А вось для катэгорыі А1 патрабуецца і практычны экзамен. Упраўленне мотатэхнікай патрабуе бездакорных навыкаў ваджэння, канцэнтрацыі ўвагі, дакладнай ацэнкі дарожнай сітуацыі, асцярожнасці і дысцыплінаванасці. «Бацькі, кантралюйце вольны час падлеткаў, выключайце доступ непаўналетніх да аўтамабіляў, матацыклаў і мапедаў без пэўных ведаў і навыкаў ваджэння», — нагадвае прадстаўнік МУС.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю