Top.Mail.Ru

Уначы тэмпература апусціцца да 5 °C

Першыя хвалі холаду

Як толькі верасень перасягнуў «экватар», надвор’е адразу пачало змяняцца — пахаладала. Аб гэтым паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Праўда, у аўторак будзе яшчэ адносна цёпла. Надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць франтальныя раздзелы, якія ссоўваюцца з боку Заходняй Еўропы. Воблачна з праясненнямі. Ноччу пераважна па заходняй палове, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. 

У начныя і ранішнія гадзіны ў некаторых раёнах слабы туман. Вецер паўднёвы, паўднёва-заходні парывісты, удзень у асобных раёнах — моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 8–14 °C, а днём — 16-21 °C, па ўсходзе краіны — да 24 °C. Атмасферны ціск будзе падаць.

Надвор’е пачне канчаткова псавацца ўжо ў сераду: захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, а з паўночнага захаду Еўропы паступяць халодныя няўстойлівыя паветраныя масы. Воблачна з праясненнямі. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, месцамі па паўднёвым усходзе рэгіёна чакаюцца моцныя дажджы; днём у многіх раёнах кароткачасовыя ападкі. Месцамі прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай у некаторых раёнах слабы туман. Вецер паўднёва-заходні, заходні ўмераны, у асобных раёнах парывісты. Тэмпература паветра ўначы 7–14 °С, а днём — 14–19 °С.

У чацвер месцамі па краіне чакаюцца невялікія кароткачасовыя дажджы, у дзённыя гадзіны магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень — месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы апусціцца да 5-12 °C, а днём — да 14-21 °C.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю