Урад унёс змены ў 18 пастаноў у рамках Закона аб занятасці насельніцтва. Асноўныя новаўвядзенні датычацца падыходаў да працаўладкавання людзей з інваліднасцю, парадку ўстанаўлення броні прыёму на работу, працаўладкавання бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, кампенсацыі затрат на аплату працы грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Пра гэта расказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Працаўладкаванне людзей з інваліднасцю
Удасканальваюцца падыходы арганізацыі і фінансавання мерапрыемстваў па працаўладкаванні людзей з інваліднасцю. Устаноўлены гранічны памер фінансавання мерапрыемстваў па стварэнні і захаванні працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў за адно працоўнае месца — да 1500 базавых велічынь (63 тысячы рублёў).
Дадатковымі ўмовамі для арганізацый і наймальнікаў, якія жадаюць атрымаць такую падтрымку, з’яўляюцца адсутнасць запазычанасці па выплаце падаткаў і збораў (пошлін), незнаходжанне ў працэсе ліквідацыі або банкруцтва, а таксама захаванне працоўнага месца за інвалідамі не менш як тры гады з дня іх працаўладкавання.
Устаноўлены і гранічны памер бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на набыццё абсталявання, матэрыялаў, сродкаў індывідуальнай абароны пры фінансаванні мерапрыемстваў па адаптацыі да працоўнай дзейнасці інвалідаў. Ён складае да 200 базавых велічынь (8400 рублёў) за адно працоўнае месца.
Як і раней, адаптацыя да працоўнай дзейнасці інвалідаў можа ажыццяўляцца ў арганізацыях любых арганізацыйна-прававых форм і ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Акрамя таго, дакументам устаноўлена ўдакладняльная норма аб тым, што праходжанне адаптацыі да працоўнай дзейнасці магчыма не больш як адзін раз, за выключэннем выпадкаў, калі інвалід па стане здароўя не можа прадаўжаць працоўную дзейнасць па прафесіі, па якой прайшоў адаптацыю, або ў выпадках ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці філіяла.
Удакладнены парадак устанаўлення броні прыёму на работу. Для выключэння дадатковай нагрузкі ўстаноўлена, што наймальнікам, якім вызначана квота для прыёму на работу інвалідаў, бронь прыёму на работу такіх беспрацоўных не ўстанаўліваецца.
Работа для абавязаных асоб
У новай рэдакцыі выкладзена Палажэнне аб працаўладкаванні бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
У прыватнасці, урэгуляваны парадак праходжання абавязанымі асобамі медыцынскага агляду пры прыёме на работу. Адносна грамадзян, якім вынесена судовая пастанова аб працаўладкаванні, прыём на работу ажыццяўляецца арганізацыяй у дзень яўкі на падставе накіравання на работу, выдадзенага органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры неабходнасці праходжання папярэдняга абавязковага медыцынскага агляду абавязаная асоба ў дзень прыёму на работу накіроўваецца наймальнікам у арганізацыю аховы здароўя на медыцынскі агляд.
Пашыраны магчымасці па частковай кампенсацыі затрат на аплату працы грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і зарэгістраваных беспрацоўнымі. За кошт сродкаў бюджэту будзе ажыццяўляцца частковае кампенсаванне затрат наймальнікаў па аплаце працы такіх грамадзян, якія прыняты на работу па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і зарэгістраваліся ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне як беспрацоўныя на працягу шасці месяцаў з даты вызвалення.