Top.Mail.Ru
68

Унесены змяненні ва ўмовы льготнага крэдытавання ў рамках праграмы «На родныя тавары»

Толькі па сертыфікаце

Адпаведная пастанова нядаўна была прынята ўрадам. Цяпер вытворцам, зацікаўленым у рэалізацыі тавараў у рамках ільготнай крэдытнай лініі, неабходна будзе мець сертыфікат прадукцыі ўласнай вытворчасці, які выдаецца Беларускай гандлёва-прамысловай палатай (БелГПП).

Раней у нарматыўнай базе быў замацаваны канкрэтны пералік вытворчых арганізацый, чыя прадукцыя падлягала крэдытаванню, адзначыла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч. Цяпер гэты пералік скасаваны: «У дадзеным крэдытаванні на беларускія тавары змогуць удзельнічаць усе айчынныя вытворцы, якія маюць сертыфікат адпаведнасці на тавар, што выраблены ў нашай краіне. Адпаведна, гэта спрашчае парадак удзелу ў крэдытаванні».

Пацвердзіць права на ільготу вытворца зможа, калі прадаставіць гандлёваму аб’екту завераную копію дакумента. У сваю чаргу, прадавец абавязаны ўказваць нумар гэтага пасведчання ў разліковай дакументацыі або перадаваць копію дакумента пакупніку.

  • «Крытэрыі па ацэнцы нашых вытворцаў на адпаведнасць для выдачы сертыфіката ўласнай вытворчасці былі распрацаваны яшчэ ў 2001 годзе. Тады былі ўведзены правілы і крытэрыі, якім павінен адпавядаць вытворца для атрымання адпаведнага сертыфіката, — адзначыў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Генадзь Клыга. — Таму мы чакаем толькі пашырэння пераліку кампаній, якія будуць гатовыя ўдзельнічаць у ільготным крэдытаванні беларускіх тавараў. Чакаем іх у сябе ў аддзяленнях і гатовы аказваць садзейнічанне ў атрыманні сертыфікатаў».

Паводле слоў намесніка старшыні БелГПП, сёння амаль 3000 беларускіх вытворцаў ужо маюць сертыфікаты ўласнай вытворчасці. Толькі летась было выдадзена больш за 5000 такіх дакументаў на тавары айчынных вытворцаў.

Дарэчы, асартымент тавараў, даступных да пакупкі ў крэдыт на ільготных умовах, застаецца нязменным. У пераліку 35 таварных груп — ад буйной бытавой тэхнікі і прадметаў мэблі да адзення.

Карэкціроўкі закранулі і сферу санаторна-курортнага лячэння. Былі пашыраны магчымасці для аздараўлення: праграма «На родныя тавары» будзе распаўсюджвацца на ўсе санаторыі, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі. Па словах Святланы Караткевіч, крэдытаваць спажыўцоў будзе Беларусбанк.

Усе змены ўступаюць у сілу ўжо 7 красавіка.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю