Top.Mail.Ru

Унікальны кляштар плануюць вярнуць да жыцця і ўключыць яго ў турыстычныя маршруты

Кожны раён Беларусі мае сваю адметную гісторыю, а таксама згадкі пра яе ў выглядзе помнікаў, сядзіб, архітэктурных аб’ектаў. Пра мінулыя пяць стагоддзяў нагадваюць рэшткі кляштара картэзіянцаў — фактычна адсюль калісьці пачыналася мястэчка Бяроза-Картузская, якое пасля перарасло ў горад. На яго сучасным гербе — выява брамы манастыра, якая пэўны час таму была адрэстаўрыравана за сродкі мясцовага бюджэту. 


Цяпер белая брама моцна вылучаецца на фоне іншых частак комплексу, пабудаванага калісьці архітэктарам Джавані Батыста Джыелені з дазволу Льва Сапегі. Яго сын Казімір апекаваўся адзіным на нашых землях прадстаўніцтвам ордэна картэзіянцаў, манахі якога былі адметныя маўклівасцю, вялі адасоблены і аскетычны лад жыцця, але не толькі гэтым быў знакаміты кляштар у Бярозе...

Ці змогуць ацаніць яго багатую гісторыю і ўнікальнасць людзі, якія вандруюць па Беларусі? Напрыканцы года падчас пасяджэння Бярозаўскага райвыканкама сярод іншых пытанняў абмяркоўваліся і планы па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці «Рэшткі былога кляштара картэзіянцаў». Да нашага часу засталіся і іншыя часткі комплексу — фрагменты сцен, двухпавярховага палаца Сапегаў, вартаўнічых веж, частка званіцы касцёла...

За савецкім часам на гэтай тэрыторыі месцілася вайсковая часць. Пазней тут перыядычна праводзіліся даследаванні, раскопкі. А ў 2026 годзе рэшкі барочнага комплексу ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Было рашэнне пра кансервацыю і далейшую рэстаўрацыю (гадоў дваццаць таму нават ішла гаворка пра падрыхтоўку праекта). А сёлета зрабілі крок ад абмеркаванняў да справы па вяртанні да жыцця помніка гісторыі і ўключэнні яго ў турыстычныя маршруты. Для гэтага патрэбны канкрэтны праект, які каштуе грошай. Паколькі гэта датычыцца ўсіх (як з пункту гледжання гісторыі, так і з пункту гледжання перспектывы развіцця рэгіёна), то ў раёне вырашылі зрушыць справу ўсёй грамадой: абвешчаны збор сродкаў на выпрацоўку праектнай дакументацыі з мэтай далейшай экспертызы.

— Гаворка пра значную суму, таму спадзяёмся, што далучацца грамадзяне. Важна запусціць працэс, даць штуршок. Ёсць спадзяванне, што гэта спрацуе, бо ўжо маем падобны досвед з інфекцыйным корпусам бальніцы. Два гады таму збіралі грошы на праект, а ў 2026 годзе ўжо павінна завяршыцца яго будаўніцтва. Гэта стала магчыма, таму што быў першы крок — у нас з’явіўся праект, пад які нам пасля выдаткавалі сродкі, — тлумачыць Аляксандр Крагель, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама. — У нас распрацавана канцэпцыя адраджэння кляштара картэзіянцаў, але гэта проста разважанне. Пакуль няма праектнай дакументацыі, у якой дакладна былі б адлюстраваны ўсе нашы пажаданні: музейна-гасцінічны комплекс з гістарычнай экспазіцыяй, з канферэнц-залай, рэстаранам з гістарычнай атмасферай і атэлем — на тэрыторыі былога палаца Сапегаў, сувенірнай крамай і майстэрнямі рамеснікаў. Зразумела, гэта немалыя выдаткі, нават аднавіць фрагмент сцяны-агароджы каштуе значных сродкаў...

А якія патрэбы і выдаткі, каб аднавіць увесь комплекс, — будзе адзначана ў перадпраектнай дакументацыі, якую мяркуюць зрабіць да канца 2026 года, і тады ўжо гаворка можа ісці пра аднаўленне. Гэта мае значэнне для развіцця турызму ў Бярозаўскім раёне — гэта зямля захоўвае памяць пра вельмі драматычныя падзеі.

— Цяпер у нас на добрым узроўні развіты экалагічны турызм — прыцягвае наведвальнікаў заказнік «Спораўскі». Але ёсць вялікі патэнцыял для развіцця гістарычнага турызму, які найперш быў бы звязаны з адметным архітэктурным комплексам ордэна картэзіянцаў, адзіным на тэрыторыі Беларусі (ён унікальны і для Еўропы), — удакладняе Аляксандр Крагель. — У турыстычныя маршруты можна ўключыць і сядзібу Пуслоўскіх у вёсцы Старыя Пескі. А разам з Чырвонымі казармамі і музеем канцлагера «Бяроза-Картузская» ўсё можа стаць агульным маршрутам, які на прыкладзе аднаго раёна раскрываў бы розныя этапы гісторыі Беларусі. Для гэтага трэба зрабіць першы крок...

Ларыса ЦІМОШЫК.

Чытайце таксама: Тэст: Наколькі добра вы ведаеце гісторыю Беларусі?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю