Top.Mail.Ru

Унікальны Цэнтр кампетэнцый па ветэрынарыі адкрылі ў Смілавічах

Гэта ўнікальная для краіны адукацыйна-практычная пляцоўка на базе Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа акумулюе перадавыя тэхналогіі для навучання будучых фельчараў ветэрынарнай медыцыны і тэхнікаў-тэхнолагаў.

Цэнтр кампетэнцый, урачыста адкрыты напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, дазволіць асвоіць новую прыступку ў падрыхтоўцы спецыялістаў, што вельмі важна для галіны, ад якой напрамую залежыць здароўе жывёл, якасць прадукцыі і ў цэлым харчовая бяспека нашай краіны.



Адказваючы на пытанне журналістаў, у чым практычная значнасць гэтага цэнтра кампетэнцый у Смілавічах, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў:

— Дзякуючы агульным намаганням Міністэрства адукацыі, дзе распрацаваны праект, Беларусбанка, які выдзеліў грошы на сучаснае абсталяванне, Мінскага аблвыканкама, які пакрыў з бюджэту капітальны рамонт будынкаў, мы стварылі ў Смілавічах унікальны цэнтр па ветэрынарнай медыцыне, аналагаў якому ў Беларусі няма, — адзначыў кіраўнік вобласці. — Для нас вялікі гонар, што менавіта ў Мінскай вобласці з’явілася такая пляцоўка. І гэта лагічна, паколькі ў краіне ў нас самае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. І для нас вельмі актуальная і важная тэма захавання жывёл. Яна актуальная і для іншых рэгіёнаў, таму я ўпэўнены, што гэты цэнтр будзе запатрабаваны для патрэб усёй краіны. Толькі ў гэтым навучальным годзе мы плануем прапусціць праз яго 1240 навучэнцаў. Створаныя тут умовы, сучасная матэрыяльна-тэхнічная база будзе спрыяць уцягванню дзяцей у гэту прафесію і ў канчатковым выніку станоўча адаб’ецца на выніках работы ў жывёлагадоўлі.



Міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што менавіта дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў нашай краіне выбудаваная аптымальная сетка цэнтраў кампетэнцый.

— Усяго функцыянуе 53, — прывёў лічбы Андрэй Іванец. — На іх базе адбываецца падрыхтоўка спецыялістаў узроўню як прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Безумоўна, гэта магчыма толькі толькі дзякуючы таму, што штогод мы не толькі адкрываем новыя лабараторыі, але і праводзім дааснашчэнне такіх цэнтраў. Толькі ў гэтым годзе шэсць з іх былі мадэрнізаваны, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца навучэнцамі каледжаў з усёй краіны.


У дадзеным выпадку вельмі важна тое, што навучэнцы ўсіх дзевяці каледжаў, якія рыхтуюць будучых ветэрынараў, у рамках сеткавай падрыхтоўкі будуць праходзіць навучанне з выкарыстаннем гэтай сучаснай базы Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, падкрэсліў міністр адукацыі.



— Хацеў бы адзначыць тое, што ў цэлым каледжам аграрнага профілю мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, і дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў гэтым годзе пастаўлена больш за семдзесят адзінак трактароў у навучальныя ўстановы, якія неабходны і для навучання, і для выкарыстання ў сельскагаспадарчых работах, якія штогод выкарыстоўваюцца падчас праходжання практык нашымі навучэнцамі, — дадаў Андрэй Іванец.



Яскравым пацвярджэннем таго, што прэстыж прафесій у сферы АПК узрастае, з’яўляецца той факт, што ў 2026-м усе ВНУ краіны аграрнага профілю ў поўным аб’ёме набралі студэнтаў, лічыць міністр.



— Аб’ём падрыхтоўкі сёлета быў павялічаны больш чым на 300 першакурснікаў, — заўважыў ён. — Гэта сведчыць пра тое, што моладзь бачыць, якія ўмовы дзяржава стварае не толькі для навучання, але і для наступнай работы.



— Што датычыцца аграрных каледжаў, вядома, яны самым цесным чынам звязаны з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, таму што ўжо пачынаючы з першага курса, моладзь выходзіць спачатку на вучэбную практыку, а пасля — на вытворчую. Большая частка навучэнцаў на заключных курсах ужо працуе ў гаспадарках. Такая ступеньчатая работа, пачынаючы ад каледжаў, ВНУ ў звязцы з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, дазваляе шмат у чым выбудоўваць кадравую палітыку ў нашай краіне ў галіне АПК, — рэзюмаваў ён.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю