—Для іх гэта вельмі займальна, — кажа дырэктар бібліятэкі Таццяна Стэльмах. — Кожны знаходзіць штосьці цікавае для сябе. Хтосьці бярэцца за тамагочы і не можа адарвацца, хтосьці з настальгіяй глядзіць на электронную гульню «Ну, пачакай!», якая была хітом 80-х гадоў і і ў народзе называлася «воўк ловіць яйкі».
А ідэя стварэння незвычайнага музея дакамп’ютарнай тэхнікі належыць былому дырэктару бібліятэкі Таццяне Валчкевіч. Многія экспанаты раней выкарыстоўваліся ў рабоце бібліятэкі, але з цягам часу замяняліся больш сучаснай тэхнікай. Выкідваць на металалом аджыўшую свой век апаратуру было шкада, таму было вырашана стварыць музей дакамп’ютарнай тэхнікі, каб паказаць этапы тэхнічнага прагрэсу. Пасля раскруткі музея сюды пачалі прыносіць экспанаты супрацоўнікі бібліятэкі і проста гараджане. Такім чынам музей папаўняўся.
Таццяна Стэльмах звяртае ўвагу на вялікі рататар — пратататып сучаснага ксеракса. Гэта самы цяжкі экспанат у музеі. У 70- ыя гады ён вельмі дорага каштаваў і стаяў у асобным пакоі на сігналізацыі. Такія меры перасцярогі прымаліся нездарма. Пры пэўнай тэхналогіі на ім можна было друкаваць грошы. Фотаздымак данага экспаната нават увайшоў у адну навуковую работу ў Расіі, аўтары якой шукалі якаснае фота рататара і звярнуліся з просьбай да мастоўскай бібліятэкі. Пазней сюды была даслана кніга з фотаздымкам музейнага экспаната.
Тут таксама можна ўбачыць вялікую вылічальную машыну, якая ў некалькі дзесяткаў разоў перавышае памеры сучаснага калькулятара. Выклікае цікавасць арыфмометр «Фелікс» 1956 года. Яго выкарыстанне было даволі складанай навукай, але падлікі вяліся вельмі дакладна з вялікім спектрам арыфметычных дзеянняў.
—Мы не толькі расказваем аб тэхніцы, але і знаёмім наведвальнікаў з гісторыяй іх стварэння. Напрыклад, адна з першых камп’ютарных гульняў была створана фізікам Уільямам Хігінботамам у 1958 годзе. Дарэчы, у свой час ён уваходзіў у склад групы па распрацоўцы атамнай бомбы, але затым выступаў за забарону ядзернай зброі. Навуковец вырашыў даказаць сябрам, што навука можа быць не толькі сур’ёзнай. Літаральна за два тыдні з’явілася такая камп’ютарная гульня пад назвай «Тэніс на дваіх». Але праз два тыдні яна была забаронена, таму што ўсе работнікі вельмі ёю захапіліся, — расказала аб гісторыі камп’ютарных гульняў дырэктар бібліятэкі.
Ёсць у экскурсійнай праграме і гісторыя стварэння тэлебачання. Гэта адбылося яшчэ ў 1925 годзе. І тэлевізар тады быў механічны, выява мянялася у выніку работы дыска, які пастаянна круціўся. Праз некалькі гадоў рускі навуковец Уладзімір Зварыкін прадставіў электронны кінескоп, які стаў асновай электроннага тэлебачання. Першыя тэлевізары, зазначае суразмоўніца, вельмі адрозніваюцца ад сучасных, з незвычайнымі экранамі, што нават складана зразумець, што гэта за апарат.
—Стараемся находзіць для кожных пакаленняў сваю асаблівасць. Напрыклад, летась, мы пачалі праводзіць для дзяцей майстар-класы па напісанні металічнымі пер’ямі. І далека не ў кожных гэта атрымліваецца. Тут трэба ўлічваць правільны нахіл, макаць чарніла, карыстацца прамакашкамі. Мы таксама прапануем маляваць пад капірку, яны у нас розных колераў, і многіх гэта цікавіць. Гэта таксама свайого роду творчасць,.- лічыць Таццяна Стэльмах.
Такім чынам, у юных наведвальнікаў мастоўскага музея ёсць магчымасць апынуцца ў незнаёмым свеце дыназаўраў тэхнічнага прагрэсу, а для людзей старэйшага пакалення — магчымасць успомніць сваю маладосць, дзе многія рэчы былі звычайнай з’явай.
Маргарыта Ушкевіч
фота аўтара