Адно з асноўных мерапрыемстваў падрыхтоўкі цепласетак да ацяпляльнага сезона — правядзенне гідраўлічных выпрабаванняў. Такія выпрабаванні маюць на ўвазе падачу павышанага ціску і вытрымку пэўнага часу. Але спачатку неабходна астудзіць цеплавую сетку. Толькі потым уключаюцца помпы для стварэння павышанага ціску. Гэта дазваляе выявіць пашкоджанні. Далей праводзяцца рамонтныя работы, пасля якіх неабходна правесці паўторныя выпрабаванні, каб упэўніцца ў гатоўнасці сеткі да наступнага ацяпляльнага перыяду, расказаў дырэктар філіяла «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга» Генадзь Купраш.
Паказчык замены цеплавых сетак у абласным цэнтры — 4 % ад працягласці ў год — самы высокі ў краіне. У Гродне энергетыкі першымі ў Беларусі пачалі выкарыстоўваць ПІ-трубы пры мадэрнізацыі. Ва ўласнасці «Гродзенскіх цеплавых сетак» знаходзіцца 621 кіламетр трубаправодаў, з якіх 72 % — з папярэднеізаляваным пакрыццём. Гэта найвышэйшы паказчык сярод абласных цэнтраў краіны.
«Гроднаэнерга» выкарыстоўвае тэхналогіі, якія дапамагаюць аператыўна выяўляць пашкоджанні ў цеплавых сетках і скарачаць тэрміны рамонту.
- Адна з ключавых прылад — адзіны праграмны комплекс кіравання цеплавымі сеткамі, які аб’ядноўвае 13 праграмных прадуктаў. Ён дазваляе ў рэжыме рэальнага часу адсочваць усе параметры: ціск, тэмпературу, выдаткі і іншыя тэхнічныя характарыстыкі.
Уся гэтая інфармацыя адлюстроўваецца на вялікім экране, што дае магчымасць аператыўна рэагаваць на істотныя адхіленні. На цэнтральных цеплавых пунктах устаноўлены прыборы ўліку, якія дапамагаюць адсочваць стан сістэмы. Адключыць пашкоджаны ўчастак можна, не закранаючы іншых спажыўцоў.
— Каля 450 кіламетраў цеплавых сетак абсталяваны сістэмай інавацыйнага кантролю, якая перадае даныя ў дыспетчарскую. Таксама кантралююцца сеткі іншых спажыўцоў, — распавёў Генадзь Купраш.
Распрацоўкі гродзенцаў не маюць аналагаў у краіне. Для кантролю стану сеткі створана ўласная дыягнастычная служба з неабходным абсталяваннем. Спецыялісты могуць дыстанцыйна ацаніць стан трубаправодаў без неабходнасці іх раскопкі.
— За апошнія 10 гадоў у горадзе замянілі каля 200 кіламетраў цеплавых сетак. Дзякуючы гэтаму пашкоджальнасць знізілася ў восем разоў, цеплавыя страты — удвая. Традыцыйныя метады, такія як візуальны агляд, не заўсёды эфектыўныя, асабліва ў начны час ці пры аддаленых пашкоджаннях. Для вырашэння гэтай праблемы і распрацавана спецыяльная праграма, якая дазваляе кантраляваць стан трубаправодаў дыстанцыйна. І мы не супраць падзяліцца вопытам з калегамі, — адзначыў Генадзь Купраш.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота РУП «Гроднаэнерга»