Top.Mail.Ru

Унікальныя татарскія рукапісы перададзены ў Нацыянальную бібліятэку

У рамках тыдня беларускай мовы ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла прэзентацыя дакументаў, знойдзеных вучонымі падчас экспедыцый. Гэта татарскія рукапісы, якія належалі Аляксандру (Алі) Адамовічу — імаму Мядзела (гады жыцця — 1858-1945).


Асаблівую ўвагу на татарскія рукапісы даследчыкі звярнулі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Пры стварэнні гэтых тэкстаў, хаця яны і напісаны арабскай вяззю, мясцовыя татары карысталіся той мовай, на якой гаварыла насельніцтва (беларускай, польскай, рускай). Таму такія крыніцы цікавыя найперш як дадатковая крыніца па вывучэнні мовы. У той жа час яны паказваюць культуру беларускіх татар і нават гісторыю рэгіёнаў, дзе яны жылі. 

Матэрыялы Аляксандра Адамовіча ўяўляюць сабой комплекс арабскаграфічных дакументаў на славянскіх мовах. Унікальнасць архіва ў тым, што ў ім былі знойдзены тэксты, якія раней не фіксаваліся даследчыкамі рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ. Славянскамоўныя тэксты гэтага збору маюць спецыфічныя рэгіянальныя асаблівасці мовы і арфаграфіі. Апошняе асабліва цікава, бо паказвае больш позні этап у развіцці арабскаграфічнага пісьма. 

Знаёмства з архівам Аляксандра Адамовіча адразу паставіла перад даследчыкамі шмат пытанняў: матэрыялы былі вельмі непадобныя на тыя рукапісы ды рукапісныя кнігі, з якімі яны дагэтуль мелі справу. «Незвычайнасць збору прымусіла ацэньваць яго не так, як было прынята раней. Гэта не проста рукапісы, а комплекс, архіў чалавека, яго працоўная лабараторыя», — расказала старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства Інстытута мовазнаўства Ірына Сынкова. Знаёмства з такімі матэрыяламі, дазволіла ў тым ліку і больш даведацца пра іх былога гаспадара, убачыць, як ён адказна ставіўся да сваёй працы, якія пытанні перад сабой ставіў, як мяняў віды дзейнасці, збіраў матэрыялы, перакладаў, асэнсоўваў. У яго былі пераклады дакументаў ХVІІ, ХІХ, ХХ стагоддзяў. Некаторыя тэксты напісаны на бланках, відаць, аўтар іх выкарыстоўваў у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі паперы не хапала…

Каб зрабіць гэтыя матэрыялы больш даступнымі для розных даследчыкаў, у тым ліку рэлігіязнаўцаў, гісторыкаў мовы, дыялектолагаў, культуролагаў, гісторыкаў, вучоныя перадалі іх у аддзел рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю