Top.Mail.Ru

Універсальная мова рамёстваў

У Нацыянальным мастацкім музеі пад куратарствам Багданы Тупчыенкі, малодшага навуковага супрацоўніка аддзела замежнага мастацтва, адкрылася выстаўка «Партрэт народа. Рамяство і мастацтва Кітая», якая будзе працаваць да 1 чэрвеня. У яе рамках плануюць правесці шэраг лекцый і майстар-класаў. 


Мэта выстаўкі — адлюстраваць бытавыя аспекты жыцця традыцыйнага Кітая. Яго разнастайнасць і сутнасць стваральнікі імкнуліся паказаць з дапамогай раздзялення экспазіцыі на два тэматычныя блокі. Першы прысвечаны творам, звязаным з жыццём саслоўя Шы (чыноўнікі): дэманструюцца ўзоры каліграфіі, настольныя ўпрыгажэнні, табакеркі і касцюмы. Другая частка выстаўкі расказвае пра побыт простага кітайца праз такія прадметы, як шырмы, вазы, скрынкі, сумкі, шахматныя фігуры ды іншыя. Відавочна, да стварэння многіх рэчаў майстры падыходзілі як да твораў мастацтва. 

16_16_C.jpg

— Супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай мае ў нашай рэспубліцы глыбокія карані, і выстаўкі мастацтва гэтай краіны сталі традыцыйнымі на пляцоўцы музея. Новы праект паказвае, як праз прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раскрываецца партрэт народа, яго побыт, сутнасць і светапогляд. Кітайцы сапраўды блізкія нам у многіх аспектах, бачым гэта і ў сферы мастацтва. Дарэчы, летась мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Кітайскім нацыянальным мастацкім музеем. Спадзяёмся на арганізацыю ў будучыні сумесных выставачных праектаў, — адзначыла падчас адкрыцця першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна.

Выстаўка «Партрэт народа. Рамяство і мастацтва Кітая» змяшчае больш за 80 твораў з калекцыі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Усходу Нацыянальнага мастацкага музея. Работы выкананы ў розных тэхніках: разьба па дрэве, традыцыйная вышыўка «туаньхуа», лакавы роспіс, фарфор... Часавы дыяпазон стварэння гэтых прадметаў ахоплівае перыяд XVII–XXI стст. Шэраг экспанатаў наведвальнікі ўбачаць упершыню, абяцаюць у музеі. Якраз сярод іх — новыя папаўненні ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага.

16_16_B.jpg

Урачыстасць у музеі наведала дырэктар Кітайска-еўрапейскага культурна-адукацыйнага цэнтра «Дуноў» Цуй Вэньцзэ: 

— Як грамадская арганізацыя, якая імкнецца садзейнічаць культурнаму абмену паміж Кітаем і іншымі краінамі, у 2023 годзе мы перадалі беларускаму музею шэсць твораў кітайскага мастацтва. Гэта быў не проста падарунак, які пераадолеў адлегласці і моры, але і выказванне нашай шчырай надзеі на развіццё кітайска-беларускага культурнага дыялогу. Сёння гэтая надзея стала рэальнасцю. Выстаўка «Партрэт народа. Рамяство і мастацтва Кітая» праз традыцыйныя кітайскія рамёствы расказвае кранальныя гісторыі пра жыццё простых кітайцаў. Кожны твор прасякнуты любоўю майстра да жыцця, вернасцю рамяству і адлюстроўвае сутнасць кітайскай культуры, гуманістычную ідэю: народ — у цэнтры ўсяго. Мы заўсёды верылі: жыццёвая сіла культуры заключаецца ў яе цыркуляцыі, а энергія цывілізацый — у дыялогу. Хоць мы з розных краін, але ўніверсальная мова мастацтва і рамёстваў ужо даўно пабудавала мост паразумення і сяброўства. 

16_16_A.jpg

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю