Top.Mail.Ru

«Універсітэцкая класная гадзіна» прайшла ў ГрДУ для вучняў профільных класаў

Сустрэча атрымала назву «Універсітэцкая класная гадзіна» і стала першай такой у Беларусі. Як расказаў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, ВНУ заўсёды імкнецца быць побач з абітурыентамі, дапамагчы ім з выбарам будучай прафесіі. Ідэя правесці «Універсітэцкую класную гадзіну» для вучняў дзясятых і адзінаццатых профільных класаў інжынернай накіраванасці з’явілася пасля таго, як паспяхова прайшоў бацькоўскі сход для мам і тат студэнтаў.


— Асабліва актуальная такая класная гадзіна ў сувязі з тым, што сёлета ўпершыню выпускаюцца са школ дзеці, якія вучыліся ў класах інжынернай накіраванасці. І мы хацелі расказаць ім аб траекторыях паступлення, адказаць на пытанні, каб усё было максімальна зразумела і празрыста, — растлумачыў Аляксандр Карэўскі.

Перад школьнікамі, якія навучаюцца ў інжынерных класах, адчыняюцца вялікія магчымасці. Яны могуць выбраць з 70 спецыяльнасцяў, якія запатрабаваны рынкам працы. Адказны сакратар прыёмнай камісіі Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Карлюкова адзначыла, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы ёсць 7 спецыяльнасцяў інжынернай накіраванасці.

— Навучэнцы інжынерных класаў маюць перавагі падобныя на тыя, што ёсць у выпускнікоў педагагічных і спартыўна-педагагічных класаў. Калі ў школьніка ў атэстаце ацэнкі па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8, а па ўсіх астатніх не ніжэйшыя за 7, ён мае права паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову без уступных іспытаў, а па выніках сумоўя, — расказала Ірына Карлюкова.

Дакументы падаюцца ў першыя тры дні прыёму, з 12 па 14 ліпеня. Пытанні да сумоўя складзены на аснове той праграмы, якую школьнікі вывучаюць у рамках заняткаў. А таксама будучы інжынер павінен напісаць матывацыйнае эсэ і расказаць, чаму ён абраў інжынерную прафесію і чаго ён хоча дасягнуць у гэтай сферы.

Чаму робіцца такі ўпор на інжынерныя спецыяльнасці? Спецыялісты ў гэтай галіне запатрабаваны ў самых розных сферах: ад будаўніцтва да харчовай прамысловасці. 

У выбары тэхнічнай спецыяльнасці зацікаўлена не толькі дзяржава і эканоміка, але і самі школьнікі, якія гавораць аб перспектыўнасці гэтага напрамку. Навучэнка 10 класа гімназіі № 9 імя Ф. П. Кірычэнкі Лізавета Вятошкіна выбрала інжынерную сферу па прыкладзе свайго бацькі і з задавальненнем падзялілася планамі на будучыню:

— Мой тата працуе ў інжынернай сферы, і менавіта ён натхніў мяне зрабіць такі выбар. Ён часта расказвае пра сваю працу, што робіць, якія задачы вырашае. І я захацела працягнуць дынастыю. Жадаю развівацца ў сферы праграміравання. Мой тата ў гэтым добра разбіраецца і падтрымлівае мяне, падказвае, і я таксама яму ў нечым дапамагаю. Да таго ж гэтая сфера імкліва развіваецца, штучны інтэлект усё больш укараняецца ў наша жыццё.

Не менш захаплення і зацікаўленасці выказаў яшчэ адзін навучэнец 10 класа гімназіі № 9 імя Ф. П. Кірычэнкі Ягор Кісель. Хлопец адзначыў, што прыйшоў на «Універсітэцкую класную гадзіну», каб даведацца як мага больш пра інжынерныя спецыяльнасці ў Купалаўскім універсітэце, а таксама пра працэдуру паступлення, патрабаванні да сумоўя.

— Калі быў на Дне адчыненых дзвярэй ва ўніверсітэце, даведаўся аб працы геадэзіста, і гэтая сфера мяне зацікавіла. Прыйшоў па дадатковую інфармацыю. Бацькі падтрымалі мяне ў маім выбары, бо важна займацца тым, што табе падабаецца. Без любві да сваёй прафесіі немагчыма развівацца і расці, — падзяліўся Ягор Кісель.

На класнай гадзіне былі разгледжаны актуальныя пытанні, якія датычацца магчымасцей і асаблівасцей паступлення выпускнікоў інжынерных класаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2025 годзе. Старшакласнікі даведаліся аб розных інжынерных спецыяльнасцях, перспектывах кар’ернага росту.

Таксама перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі выступілі прадстаўнікі спецыяльнасцяў інжынернай накіраванасці, такіх як «Фізіка», «Робататэхнічныя сістэмы», «Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты», «Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў», «Інфармацыйна-вымяральныя прыборы і сістэмы», «Узвядзенне будынкаў і збудаванняў».

Аліса ВОЎК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю