Top.Mail.Ru

Упаўнаважаныя, памочнікі Прэзідэнта па даручэнні кіраўніка дзяржавы інспектуюць сельгаспрадпрыемствы

«Ваша задача, гавару па-вайсковаму, — страсяніце краіну праз вертыкаль улады. У гэтым выпадку — зімоўка ў жывёлагадоўлі і падрыхтоўка да вясновай сяўбы. Мы ганарымся тым, што мы на больш чым 8 мільярдаў долараў прадалі сельгаспрадукцыі. Гэта цудоўна, але мы можам гэта страціць. Як звычайна бывае: супакоіліся, усё добра — страцілі. Таму трэба, каб, страсянуўшыся, мы мелі сёлета мінімум 9 мільярдаў, а то і 10 ад продажу прадуктаў харчавання. Харчаванне будзе пастаянна даражэць».

Аляксандр Лукашэнка 21 лютага 2025 года падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Шыпяны-АСК» у Смалявіцкім раёне


Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, якое Аляксандр Лукашэнка даў у мінулую пятніцу падчас наведвання сельгаспрадпрыемства «Шыпяны-АСК», упаўнаважанымі, памочнікамі Прэзідэнта ва ўсіх абласцях краіны праводзіцца работа па кантролі за гатоўнасцю сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама за зімоўкай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў наведаў сельгаспрадпрыемствы Веткаўскага раёна. Адным з пунктаў рабочага маршруту стаў філіял «Аграфірма імя Лебедзева» РУП «Гомельэнерга».

У мінулым годзе на базе філіяла правялі рэгіянальны семінар па гатоўнасці тэхнікі да сельскагаспадарчых работ. Гаспадарка падзялілася з усёй вобласцю, як трэба выбудоўваць гэту лінейку. Тут створаны і адпаведныя ўмовы працы для механізатараў. «Наведваючы сёння трактарны парк, мы ўбачылі: сапраўды, ёсць лінейка гатоўнасці, на ёй сканцэнтраваны асноўныя агрэгаты, якія будуць удзельнічаць у ранняй пасяўной кампаніі», — адзначыў Юрый Горлаў, звярнуўшы пры гэтым увагу на пытанне якаснага вядзення дакументацыі пры падрыхтоўцы тэхнікі.

У аграфірме імя Лебедзева ёсць шэсць энерганасычаных трактароў. Пяць з іх гатовыя да важнай сельскагаспадарчай кампаніі. Адзін трактар днямі адрамантуюць. «Імпануе тое, што рухавікі рамантуюць самі, — заўважыў Юрый Горлаў. — Вядома, без капітальнага рамонту, але ўсе неабходныя работы, якія патрэбныя для пераборкі рухавіка, у гаспадарцы выконваюць самі. Робяць у майстэрні, дзе створаны неабходныя ўмовы працы. Самае галоўнае і важнае, пра што мы гаворым, каб усе механічныя майстэрні ацяпляліся, каб людзі маглі незалежна ад часу і надвор’я праводзіць рамонт тэхнікі. І ў замаразкі, і ў пагодлівыя дні з плюсавымі тэмпературамі».

Наступным аб’ектам стаў малочнатаварны комплекс аграфірмы імя Лебедзева. 

І першая тэма прадметнай размовы тут — якасць кармоў для жывёлы, забор кармоў з сіласнай траншэі.

«Убачылі парушэнне нарыхтоўкі кукурузнага сіласу мінулага года — практычна больш як палавіна зерня не раздроблена. Арганалептычна корм успрымаецца як якасны, але самая каштоўнасць кукурузнага сіласу — у раздробненым зерні», — нагадаў памочнік Прэзідэнта. Ён таксама звярнуў увагу і на нарыхтоўку люцэрны, і на важнасць правільнага размеркавання кармоў, яго балансіроўкі ў залежнасці ад таго, якія жывёлы маюць патрэбу ў тых ці іншых элементах.

Яшчэ адна праблема — падкідванне кармоў, падштурхоўванне іх да кармавога стала. Юрый Горлаў прывёў прыклад: на падкідванні кармоў на малочнатаварным комплексе гэтай гаспадаркі імя Лебедзева заняты 12 работнікаў. Калі ўкараніць адпаведныя механізмы для падкідвання, дастаткова было б трох чалавек. «Астатніх можна было б заняць на іншых відах работ. Працы хапае, яе дастаткова кожнаму сёння. Таму трэба кропкава ўсё гэта аптымізаваць», — дадаў памочнік Прэзідэнта.

«І ўсюды павінен быць элементарны парадак, тэхналагічны парадак, выконвацца той тэхналагічны рэгламент, які прадпісаны», — падсумаваў Юрый Горлаў.

У полі зроку дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, упаўнаважанага кіраўніка дзяржавы па Гродзенскай вобласці Аляксандра Вальфовіча — найбольш аддаленыя ад абласнога цэнтра Смаргонскі, 

Ашмянскі і Астравецкі раёны. Асаблівая ўвага — арганізацыі працы, гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўной, забяспечанасці механізатарскімі кадрамі, іншымі спецыялістамі, а таксама вывучэнне стану малочнатаварных ферм, якія з’яўляюцца і сучаснымі фабрыкамі па вытворчасці малака, праверка наяўнасці травяністых кармоў і зернефуражу.

Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што ў выніку ад гэтага залежыць будучы ўраджай. «Пасяўная кампанія — гэта экзамен не толькі для працаўнікоў вёскі, але і для кіраўніцтва раёнаў на месцах. Ад зладжанасці гэтай работы ў многім залежыць гарантаванне харчовай бяспекі краіны», — падкрэсліў ён.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч працаваў з праверкай у Бешанковіцкім раёне. Ён праінспектаваў жывёлагадоўчыя аб’екты і машынныя двары ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», ДП «ПалітаддзелецАгра», ТАА «Сушчава-Агра». У цэнтры ўвагі — тэхналогія кармлення жывёлы, выкананне ветэрынарна-санітарных правілаў утрымання і вырошчвання БРЖ, наяўнасць запчастак і ход рамонту тэхнікі.

Зыходзячы з убачанага, Сяргей Ляўковіч адзначыў, што крытычных праблем у абазначаных кірунках дзейнасці няма. «Так, ёсць гаспадаркі, да якіх патрэбна павышаная ўвага, тут павінны ўмяшацца мясцовыя органы ўлады, каб узмацніць кантроль і арганізаваць у вытворчасці малака найперш тэхналагічную дысцыпліну, — падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. — Што датычыцца падрыхтоўкі тэхнікі да вясны, шмат пытанняў вырашана, выдзелены пэўныя бюджэтныя рэсурсы, большасць гаспадарак забяспечана запчасткамі. Што патрабуецца ад аграрыяў, так гэта актывізаваць работу».

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў разам з прадстаўніком Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці, які курыруе сферу сельскай гаспадаркі, наведаў гаспадаркі «Пархімаўцы» Бераставіцкага раёна, «Акр-Агра» Свіслацкага раёна і «Гнезна» Ваўкавыскага раёна.

«Спецыяліст дзяржкантролю даволі высока ацэньвае стан і жывёл, і абыходжання з імі, і асабліва тэхнікі на мехдварах. Вядома ж, ёсць і недахопы, і заўвагі. У асноўным гэта не замацаваныя рабочыя часткі перадпасяўных і пасяўных агрэгатаў. Але гэта справа не патрабуе грошай, трэба толькі закруціць гайкі, падцягнуць балты — і ў прынцыпе гатова», — адзначыў Юрый Караеў.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці таксама адзначыў, што ў час наведвання гаспадарак для разумення сітуацыі былі прагледжаны відэа з малочнатаварных комплексаў у начны час. «Паглядзелі па відэа, што робіцца на кармавых сталах, напрыклад, уначы, калі няма кіраўнікоў, калі там знаходзіцца адзін жывёлавод, — ці не пуста на кармавым стале? На ўсіх фермах у камп’ютарных пакоях ёсць магчымасць у любы дзень паглядзець па архіўных запісах, што робіцца ў дзве гадзіны ночы, апоўначы — пуста ці не пуста; як паводзяць сябе жывёлы: актыўна яны ядуць або сытыя і задаволеныя адпачываюць. На ўсіх трох аб’ектах такога, каб быў пусты кармавы стол, няма», — сказаў Юрый Караеў. Ён таксама дадаў, што былі пракантраляваны наяўнасць і стан мінеральных угнаенняў: «Ёсць моманты, дзе не адгароджаныя адно ад аднаго калійныя і азотныя ўгнаенні — гэта недапушчальна, яны змешваюцца, рэагуюць паміж сабой, і на гэта ўказана».

«Сістэма працуе такая: паказалі кіраўніку (ці самому старшыні райвыканкама або першаму намесніку старшыні райвыканкама), і яны вельмі імкнуцца ўстараніць гэтыя недахопы. І па ўстоянай нашай практыцы я праз дзень-два атрымаю ад іх фатаграфіі, што ўсе недахопы выпраўлены», — адзначыў Юрый Караеў.

Ён падкрэсліў, што такая практыка наведвання гаспадарак будзе прадоўжана. «Мы і да даручэння кіраўніка дзяржавы гэтым, зразумела, займаліся. Але анонс у пятніцу на семінары па сельскай гаспадарцы, я ўпэўнены, падштурхнуў усіх, як і ў мінулую вясну, калі была зроблена заўвага па камянях на адным полі, а ўсе паглядзелі — і па ўсёй краіне сабраныя камяні былі, — адзначыў памочнік Прэзідэнта. — Закруціліся ўсе і зрабілі ўсё. Анонс таго, што будзе паглыбленая і шчыльная праверка, напэўна, прымусіў усіх падысці грунтоўна. Вялікіх заўваг, нейкага беспарадку мы зафіксаваць не можам, але яшчэ, вядома, ёсць над чым працаваць. І патрабаваць будзем строга, нават з драбнюткімі недахопамі мірыцца не будзем».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю