Top.Mail.Ru

Упэўнены малады педагог, які будзе працаваць на сваёй малой радзіме

Ужо зусім хутка першы званок новага навучальнага года пакліча дзяцей і настаўнікаў на ўрокі. Гэта заўсёды вялікая і чаканая падзея — і не толькі для першакласнікаў ці выпускнікоў. Не менш трапятання адчуваюць маладыя спецыялісты, якія сёлета пачнуць свой кар’ерны шлях. Карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў Ліду, каб пагутарыць з педагогам, які з нецярпеннем чакае пачатку навучальнага года.


У 2025 годзе 67 маладых настаўнікаў прыйдуць на працу ва ўстановы адукацыі раёна. Іх з нецярпеннем чакаюць і ствараюць ім усе неабходныя ўмовы для жыцця і працы. Сярод іх і Яна Вайтовіч, якая з дзяцінства марыла быць настаўнікам. І вось 1 верасня яна пачне работу ў СШ № 8 г. Ліды імя В. Ф. Казакова на пасадзе педагога-псіхолага. Дарэчы, дырэктар тут — Марыя Мельячэнка, якая выкладала ў дзяўчыны, калі яна была школьніцай у СШ № 11 г. Ліды.

Знайсці ключ

Яна скончыла педагагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы. Сваю прафесію выбрала дзякуючы школьным настаўнікам, якія натхнілі дарыць веды і любоў дзецям.

— Я з вялікай цікавасцю назірала за педагогамі, за тым, як яны ўмеюць запаліць агонь у вачах дзяцей, — прызнаецца маладая настаўніца. — Напрыклад, Марыя Аляксандраўна выкладала ў мяне англійскую, была трэнерам па чырлідынгу, заўсёды трымалася з намі на адной хвалі, але пры гэтым заставалася старэйшым таварышам і настаўнікам. У цэлым у школе быў выдатны педагагічны склад. І мне вельмі хацелася стаць часткай цудоўнай справы: дапамагаць дзецям спазнаваць гэты свет.

Ніхто не адмаўляе, што праца педагога мае свае цяжкасці, але Яну яны не палохаюць:

— Ужо з першага курса я працавала ў дзіцячых аздараўленчых лагерах важатай. Спачатку было складана. Усе дзеці вельмі розныя, да кожнага патрэбны свой падыход, заўсёды імкнуся знайсці ключык, які дапаможа раскрыць дзіця.

Час ляціць хутка

Яна вучылася па мэтавым накіраванні. Кажа, вырашыла перастрахавацца, хоць бал атэстата ў яе быў 9,3, а вучоба давалася лёгка.

— Люблю Ліду, гэта выдатны горад, у якім адпачываю душой, і ў цэлым раён добры. Мама тут, мае настаўнікі. Ды і магчымасцяў для развіцця і самарэалізацыі хапае. Мяне чакае цікавы шлях! — упэўнена дзяўчына.

Мая суразмоўца атрымала мэтавае накіраванне не ад канкрэтнай установы адукацыі, а ад раёна, таму не ведала дакладна, дзе будзе працаваць. Але, калі надышоў час размеркавання, яе пажаданні ўлічылі і накіравалі ў СШ № 8 г. Ліды імя В. Ф. Казакова, як яна і хацела.

Дзяўчына кажа, што пяцігадовая адпрацоўка яе не смучае. Бо яна пайшла ў прафесію па закліку сэрца, а не таму, што так сказалі бацькі, ці проста па абставінах, якія склаліся. Калі займаешся любімай справай, усё роўна, дзе ты знаходзішся.

— Да таго ж толькі здаецца, што пяць гадоў — вялікі тэрмін. Не паспееш міргнуць, як ты ўжо высокакваліфікаваны педагог, а не малады спецыяліст, — разважае Яна.

Дапамога і падтрымка

Ва ўпраўленні адукацыі Лідскага райвыканкама расказалі, як падтрымліваюць маладых спецыялістаў. Месцы жыхарства абследуюцца: пад кантролем санітарна-гігіенічныя ўмовы, наяўнасць патрэбнай бытавой тэхнікі, а таксама мэблі — пры неабходнасці ўстановамі адукацыі аказваецца дапамога ў яе рамонце і зборцы. Акрамя таго, усе новаспечаныя педагогі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу на добраўпарадкаванне.

— Мне адразу расказалі аб дапамозе з жыллём. Частку платы за інтэрнат ці арэнду будуць вяртаць. Гэта істотная падтрымка, але мне яна не спатрэбілася, бо я лідчанка. Ёсць пэўныя надбаўкі, добра развіта сістэма настаўніцтва, — пералічвае Яна Вайтовіч.

Дзяўчына поўная энтузіязму і гатова працаваць. Спачатку трэба будзе пазнаёміцца з дзецьмі, паказаць, што яны могуць знайсці ў ёй апору. Хоча ўзяць класнае кіраўніцтва і актыўна ўдзельнічаць у развіцці акаўнтаў сацсетак школы.

— Магчымасці залежаць не ад месца, а ад чалавека. Калі ў цябе ёсць імкненне, жаданне, ты можаш рэалізавацца ў любым населеным пункце, нават самым маленькім. А Ліда — горад немалы. У нас шмат што будуецца, развітая інфраструктура. Ведаю мноства прыкладаў, калі педагогі пачыналі ў звычайных школах і паспяхова прасоўваліся па кар’ернай лесвіцы. У нас для маладых спецыялістаў адкрыты ўсе дарогі, бяры і рабі. Калі чалавек толькі адбывае час на працы, то поспех яго не чакае нідзе, — упэўнена педагог-псіхолаг.

Другая адукацыя ў дапамогу першай

У Яны заўсёды была смага да ведаў, таму яна вырашыла паралельна з першай вышэйшай адукацыяй атрымліваць другую. Паступіла на юрыдычны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.

— Разумела, што, прыйшоўшы на працу, павінна буду не толькі дапамагаць дзецям, але і абараняць іх правы. Таму вырашыла, што адукацыя юрыста не будзе лішняй. Было складана, але паставіла сабе мэту і ішла да яе. У мяне была матывацыя зрабіць гэта як для сябе, так і для таго, каб маці мной ганарылася. Я ў прынцыпе мэтанакіраваны чалавек. Падчас вучобы працавала, быў перыяд, калі ў мяне было дзве работы. Пры гэтым хапала часу на сям’ю, сяброў, асабістае жыццё. Вядома, даводзілася расстаўляць прыярытэты і дакладна размяркоўваць час, але ўсё гэта дало свой плён, — падзялілася гераіня.

Яна вырашыла стаць менавіта педагогам-псіхолагам, бо ў першую чаргу ёй заўсёды былі цікавыя людзі, іх матывы. Дзяўчына лёгка ішла на кантакт, вельмі часта ёй давяралі сакрэты і перажыванні, прыходзілі па параду.

— Мне падабалася, што мяне чуюць і я магу быць карыснай людзям. Заўсёды гатова разматаць той заблытаны клубок у галаве чалавека, — тлумачыць Яна.

«Вельмі любім нашу моладзь»

Для маладых спецыялістаў прадугледжана надбаўка ў памеры 30 % ад акладу. Таксама ёсць магчымасць зарабіць дадатковыя сродкі праз прэміяльныя фонды за ўдзел у розных мерапрыемствах. Усе настаўнікі забяспечаны стаўкай, нават вышэйшай за стандартную. Маладыя спецыялісты могуць аказваць платныя адукацыйныя паслугі, калі жадаюць, расказала дырэктар СШ № 8 г. Ліды імя В. Ф. Казакова.

— У гэтым годзе да нас прыйдуць шэсць маладых спецыялістаў. Мы вельмі любім нашу моладзь. Трэба ствараць максімальна камфортныя ўмовы для яе, — падкрэсліла Марыя Мельячэнка. — Мы вітаем абнаўленне калектыву і гатовы дапамагаць развівацца ў прафесіі. Заахвочваем тых, хто імкнецца рабіць унёсак у жыццё школы.

За кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнік, які дапамагае яму ў педагагічнай дзейнасці. Старэйшыя калегі складаюць штомесячны план работы з маладымі педагогамі. Гэта дазваляе новым супрацоўнікам атрымліваць неабходную падтрымку і дапамогу ў адаптацыі. Усё гэта адносіцца не толькі да Ліды ці Гродзенскай вобласці, такая палітыка праводзіцца ў цэлым па краіне. Мэта — замацаваць кадры.

Вераніка Казлоўская, г. Ліда.

Фото аўтара і з архіва Яны Вайтовіч.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю