Апошнім часам аўтапарк ААТ «Даламіт», што пад Віцебскам, абнавіўся амаль напалову — ён папоўніўся дзевяццю БЕЛАЗамі: двума грузападымальнасцю 30 тон, пяццю 45-тоннымі і двума 55-тоннымі. І гэта толькі частка комплекснай мадэрнізацыі, якую перажывае прадпрыемства. Дарэчы, яно разам з РУПП «Граніт» — адно з двух прадпрыемстваў у Беларусі, дзе выкарыстоўваюць падобную тэхніку. Кампанія мае намер і надалей замяняць старыя машыны, аддаючы перавагу кар’ерным самазвалам найбольшай грузападымальнасці. А паколькі два новыя 55-тоннікі тут набыты ўпершыню, гэты месяц яны працуюць у тэставым рэжыме — праходзяць абкатку. Карэспандэнт «Звязды» праехала на адным з іх па кар’еры «Гралёва».
Беларускім волатам усё па плячах
Зблізку машына выглядае неверагодна вялізнай — у кабіну кіроўцы трэба ўзбірацца па лесвіцы на вышыню каля трох метраў! Зверху відаць усё: мноства самазвалаў, як мурашкі, бегаюць кожны сваім маршрутам па цэлай сістэме ўнутраных дарог. Рух сапраўды ажыўлены, і тут ёсць свае правілы. Напрыклад, калі сустракаюцца дзве машыны, парожняя саступае дарогу гружанай.
— За кожным БЕЛАЗам замацаваны чатыры вопытныя кіроўцы, — тлумачыць вадзіцель Юрый Небарака. — Працуем пазменна па адным, каб тэхніка выкарыстоўвалася на поўную магутнасць. На 30-тоннай машыне за 12-гадзінную змену трэба выконваць па 46 рэйсаў. Вядома ж, прадукцыйнасць працы на новых 55-тонных самазвалах, грузападымальнасць якіх амаль удвая большая, павялічыцца.

У вялізным кар’еры, плошча якога перавышае 450 гектараў, а глыбіня распрацоўкі карысных выкапняў складае 35–36 метраў, габарыты БЕЛАЗаў здаюцца куды меншымі, чым зблізку. Ды яшчэ ў параўнанні з горным экскаватарам, аб’ём каўша якога складае 10 кубаметраў. Некалькі яго «жмень» — і 30-тонны кузаў запоўнены. Дарэчы, як сцвярджаюць спецыялісты, разведаных запасаў карысных выкапняў, а іх больш за 686 млн тон, тут хопіць на 150–200 гадоў работы прадпрыемства.
Для аграрыяў, дарожнікаў і металургаў
Унікальнасць ААТ «Даламіт» заключаецца ў тым, што гэта адзінае ў Беларусі прадпрыемства па здабычы і перапрацоўцы даламітавай сыравіны, якая шырока запатрабавана ў сельскай гаспадарцы, дарожнабудаўнічай і металургічнай галінах. Уражвае не толькі 95-гадовая гісторыя прадпрыемства, але і маштабы вытворчасці, якая не толькі забяспечвае патрэбы нашай краіны, але і экспартуе прадукцыю. Тут вырабляюць пылавідную (вапняковую даламітавую муку, мінеральныя парашкі і інш.) і грубараздробленую (шчэбень розных фракцый) прадукцыю больш за 25 найменняў.

У 2023 годзе ў сувязі са спыненнем адгрузкі шчэбню ва Украіну ААТ «Даламіт» мела цяжкасці са збытам прадукцыі гэтага віду і было вымушана працаваць на склады. Але за адносна кароткі прамежак часу прадпрыемства здолела пераламіць сітуацыю, наладзіць выпуск запатрабаванай прадукцыі, змяніць лагістыку і ўпэўнена нарошчвае аб’ёмы вытворчасці. І калі ў 2023 годзе было выпушчана 1,049 млн тон пылавіднай прадукцыі, то ў 2025-м — больш за 1,5 млн тон. Статыстыка па грубараздробленай прадукцыі таксама станоўчая: 2023 год — 0,76 млн тон, 2025-ты — амаль 1,2 млн тон.
На ўнутраны рынак паступае 65 % грубараздробленай прадукцыі, 35 % шчэбню экспартуюць у Расію. Беларускі рынак спажывае 97 % пылавіднай прадукцыі, з якіх 76 % — даламітавая мука. Яна прымяняецца для нармалізацыі кіслотнасці глебы, забяспечвае спрыяльныя ўмовы для росту і развіцця сельскагаспадарчых раслін. Даламітавая мука перашкаджае ўзнікненню інфекцый у глебе, актывізуе дзейнасць карысных мікраарганізмаў, якія дапамагаюць аздаравіць палеткі і, як вынік, павысіць іх ураджайнасць. Нездарма ў краіне дзейнічае дзяржпраграма па вапнаванні кіслых глеб, якая ўключае фінансаванне паставак і ўнясення даламітавай мукі, асабліва на тэрыторыях, забруджаных наступствамі выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Бясшкодна і эфектыўна
Са снежня мінулага года ААТ «Даламіт» рэалізоўвае буйны інвестыцыйны праект па рэканструкцыі трэцяй тэхналагічнай лініі ў цэху № 7, якая прызначана для вытворчасці пылавіднай прадукцыі. Удасканальванне прадугледжвае замену фізічна і маральна састарэлага абсталявання на сучаснае, высокавытворчае, энергаэфектыўнае і адпаведнае экалагічным нормам.
Сэрцам абноўленай лініі будзе асноўны памольны агрэгат, ці млын, які сумяшчае стадыі сушкі, памолу і сепарацыі гатовага прадукту. На бягучы момант ідуць земляныя і бетонныя работы. Спецыялісты пры ўдзеле кітайскіх партнёраў — вытворцаў абсталявання — завяршаюць збіраць металаканструкцыі.

— Гэтая лінія замесціць дзве з тых, што эксплуатуюцца цяпер, і па прадукцыйнасці ў суме яна іх пераўзыдзе, — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей САГЛАЕЎ. — Вытворчасць даламітавай мукі павялічыцца ўдвая і складзе 120 тон за гадзіну, тонкадысперсійных мінеральных парашкоў — утрая і дасягне 75 т/г. Пусканаладачныя работы запланаваны на жнівень 2026 года.
Для жыхароў віцебскага мікрараёна Руба, дзе тэрытарыяльна знаходзіцца прадпрыемства, рэканструкцыя азначае вырашэнне адкрытага экалагічнага пытання. Наваколле аказваецца «прыпудраным» белаватым пылам: на абсталяванні, устаноўленым на заводзе ў 1980-х гадах мінулага стагоддзя, калі нават не існавала нормаў па забруджванні атмасфернага паветра, практычна няма ачышчальных сістэм. Сучасныя ж аспірацыйныя прылады дазволяць знізіць выкід недыферынцаваных па складзе пылу цвёрдых часціц да 20 міліграмаў на кубаметр пры існуючай норме 50 мг/кубаметр. Руба зможа дыхаць на поўныя грудзі без трывогі.
Клапоцячыся не толькі пра вытворчыя выгоды, але і пра якасць жыцця людзей, захаванне бяспечных умоў працы на прадпрыемстве, ААТ «Даламіт» вядзе рэканструкцыю трэцяй тэхналагічнай лініі пераважна за кошт уласных сродкаў. Да таго ж за свой кошт таварыства рэканструюе аспірацыйнае абсталяване некалькіх існуючых тэхналагічных ліній. На іх заменяць сістэмы фільтраў, што дазволіць знізіць выкіды забруджвальных рэчываў.
— Тэхнічная мадэрнізацыя неабходная, каб быць паспяховымі як на ўнутраным рынку, так і на знешнім перыметры, — перакананы Сяргей Саглаеў. — Укладанні, якія мы робім сёння, адлюструюцца на зніжэнні сабекошту нашай прадукцыі, павелічэнні яе аб’ёмаў і пашырэнні асартыменту, фінансавым дабрабыце як прадпрыемства, так і работнікаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара