Унікальная выстава «Цана вайны» адкрыецца 21 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БелТА.
Па словах намесніка галоўнага захавальніка фонду музея Святланы Прыбыш, экспазіцыя ўнікальная тым, што галоўнымі яе героямі стануць дзве калекцыі: баністыкі і нумізматыкі. Калекцыя пачала фарміравацца вельмі даўно: баністыкі — у 1948 годзе, нумізматыкі — у 1952-м. Сумарна ў гэтых калекцыях знаходзяцца 1,6 тыс. адзінак. Яны будуць упершыню шырока прадстаўлены на выставе. «Менавіта цяпер, упершыню за 81 год існавання музея, яны стануць галоўнымі ў экспазіцыі, і праз прызму гэтых прадметаў паглядзім на Вялікую Айчынную вайну. Раней падобнага не было ніколі», — расказала намеснік галоўнага захавальніка фонду.
Экспазіцыя ўключыць у сябе самыя розныя прадметы: грашовыя знакі, аблігацыі, манеты краін антыгітлераўскай кааліцыі і іх саюзнікаў — Савецкага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, з другога боку — Германіі, Японіі, Італіі, краін, якія былі акупіраваны імі.
З адкрыццём экспазіцыі калекцыя нумізматыкі папоўніцца новымі прадметамі. Сярод іх — чатыры новыя манеты, якія былі выпушчаны ў 1995 годзе і прысвечаны 50-годдзю Перамогі. Святлана Прыбыш адзначыла, што прадставяць прадметы і з іншых калекцый. «Напрыклад, адзенне, зброя, ваенную амуніцыю, якія дапамогуць уявіць, як былі адзеты, узброены вайскоўцы варожых краін — менавіта іх забяспечвала ваенная эканоміка, каб тыя бралі актыўны ўдзел у баях», — дадала яна.
Паводле слоў спецыяліста, ідэю выставы падказалі самі музейныя прадметы. «Мы пастаянна робім нейкія часовыя экспазіцыі. Вядома, усе 29 нашых калекцый звязаны з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Але нейкія з іх задзейнічаны шырока, а некаторыя адыходзяць на задні план. Трэба паказаць гэтыя найцікавыя калекцыі публіцы — яны даюць магчымасць паглядзець на вайну з розных бакоў», — патлумачыла Святлана Прыбыш.
Экспазіцыя будзе працаваць да 22 снежня 2025 года.