Для таленавітай моладзі, якая вызначае свой шлях у свет прыгожага пісьменства, гэта незвычайная і даволі важкая падзея. Форум, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі краіны і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, з’яўляецца своеасаблівай паверкай талентаў, зваротам да ўсіх маладых людзей, якія займаюцца літаратурай. Наша размова са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесем Карлюкевічам — пра працу з творчай моладдзю.
— Алесь Мікалаевіч, што падаецца Вам галоўным клопатам у рабоце з маладымі літаратарамі?
— Ужо сама ідэя Форуму, жаданне сабраць самых цікавых, самых прыкметных сёння творчых маладых людзей — каштоўная ініцыятыва. Вялікая ўдзячнасць Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, што дапамаглі ў рэалізацыі гэтага праекта.
Для старэйшага пакалення літаратараў, якія маюць пэўны жыццёвы і творчы вопыт, вельмі важна, што шэрагі ўлюбёных у мастацкае слова, захопленых літаратурнай працай юнакоў і дзяўчат поўняцца, што на старонкі літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў трапляюць творы, напісаныя не толькі студэнтамі, а і старшакласнікамі. Моладзь імкнецца расказаць пра свой час, выкласці сваё ўласнае бачанне рэчаіснасці. І пры гэтым юныя паэты, празаікі, пачаткоўцы набываюць прафесійны вопыт, канчаткова вызначаюцца з тым, чаму, якой прафесіі аддаць перавагу. Гэта не проста публікацыі вершаў ці апавяданняў, гэта — шлях па дарозе да трывалых перакананняў. І вось тут шмат значыць, як дасланыя творы будуць успрыняты ў той ці іншай рэдакцыі.
— На Ваш погляд, як многа значыць работа з маладымі аўтарамі ў рэдакцыях літаратурных выданняў?
— Мне бачыцца, калі меркаваць па часопісных старонках, надзвычай добрым прыкладам работы з літаратурнай моладдзю — часопіс «Маладосць». Штат рэдакцыі сёння зусім невялікі. І тым больш адметна, што «маладосцеўцы» захоўваюць традыцыі ранейшых дзесяцігоддзяў і нават пашыраюць іх. Кожны нумар адкрывае новыя імёны. Само выданне — адказ многім скептыкам, якія сцвярджаюць, што моладзь не ідзе ў літаратуру. Можна толькі падзякаваць і галоўнаму рэдактару «Маладосці» Вользе Рацэвіч, і дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якім выходзіць часопіс, Алесю Бадаку за штодзённую ўвагу да творчасці маладых аўтараў.
І другі прыклад — творчыя ініцыятывы рэдактара аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнеда Малахоўскага і галоўнага рэдактара штотыднёвіка Аляксея Чароты. Яны смела прадастаўляюць старонкі выдання маладым аўтарам. І са студэнцкага асяроддзя, і нават школьнікам, навучэнцам ліцэяў ці каледжаў. Можна толькі здагадвацца, што значаць дэбютныя публікацыі для пачаткоўцаў.
— Раней творчы актыў папаўняўся, калі гаварыць пра маштабы ўсёй Беларусі, тымі зоркамі і зорачкамі, якія праяўлялі сябе ў асобна ўзятых раёнах. Пры рэдакцыях «раёнак» працавалі літаратурныя аб’яднанні... Як сёння складваецца сітуацыя?
— Сапраўды, у памяці — пэўныя асяродкі, што пеставалі таленты ў райцэнтрах дзякуючы ініцыятыўным творчым супрацоўнікам рэдакцый раённых газет... Возьмем, напрыклад, Брэстчыну. Хто цікавіцца гісторыяй літаратуры другой паловы XX стагоддзя, той, пэўна, згадае такія адрасы, як Ганцавічы, Жабінка, Бяроза, Пінск, Пружаны, Драгічын, адкуль у вялікі мастацкі свет выходзілі паэты і празаікі, чые творы і сёння ў хрэстаматыях, падручніках. Дарэчы, што цікава, самы прадстаўнічы склад удзельнікаў Форуму маладых літаратараў — якраз з Брэсцкай вобласці. За гэта варта толькі падзякаваць кіраўніку Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяне Дземідовіч. Можна нават і так сказаць, што ў Брэсцкай вобласці адзначаецца сістэмная ўвага да маладых літаратараў. Правай рукою ў гэтай справе ў Таццяны Дземідовіч — паэтэса і празаік Настасся Нарэйка, якая сама працуе ў рэдакцыі камянецкай раённай газеты.
— А як складваюцца справы ў астатніх рэгіёнах?
— Даволі ўражальным падаецца вопыт Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое ўзначальвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гаўрыловіч. У Гомелі, на Гомельшчыне пошук талентаў звязаны з тымі рэгіянальнымі і міжнароднымі імпрэзамі, фестывалямі, якія ўжо займелі шырокі розгалас. Праз рэспубліканскія і міжнародныя літаратурныя конкурсы, заснаваныя гамяльчанамі, да літаратурнай работы далучаюцца студэнты і школьнікі. Што адметна, свае сілы ў літаратуры спрабуюць не толькі будучыя філолагі, але і навучэнцы тых ВНУ, выпускнікі якіх заўтра пойдуць працаваць на чыгунку, у медыцыну, у гандаль і іншыя сферы, галіны народнай гаспадаркі...
Прыкметныя здзяйсненні і ў гродзенскіх калег. І кіраўнік абласнога аддзялення Людміла Кебіч, і яе намеснік Дзмітрый Радзівончык акцэнт робяць на жывую, індывідуальную працу. І гэта прыносіць свой плён. Дарэчы, вельмі канкрэтна і ўнікліва наладжана работа з моладдзю ў Мінскай вобласці. Можа, таму і папаўненне з ліку маладых аўтараў прыходзіць у Саюз пісьменнікаў найперш менавіта з гэтай арганізацыі, за што нельга не падзякаваць кіраўніку аддзялення Леаніду Крываносу.
— Гучнай, даволі яркай была работа з літаратурнай моладдзю ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта...
— І ў маёй бібліятэцы, хаця я не вучыўся ў БДУ, асобна ляжаць кніжачкі, складзеныя з твораў членаў літаб’яднання «Узлёт»: «Узлёт», «Вёсны», «Вусны», «Маладыя галасы»... Перагортваючы іх старонкі, рупліва адрэдагаваныя светлай памяці прафесарам Алегам Лойкам, адкрываю для сябе юнацкія вершы Алеся Пісьмянкова, Вольгі Русілкі, Уладзіміра Мазго, Вольгі Савасцюк, Алеся Бадака... Звароты да згаданых кніг падштурхоўваюць мяне да пошуку адказу на пытанне: «Наколькі сёння актыўная філалагічная моладзь у сваіх памкненнях да заняткаў мастацкай літаратурай?»
— І які адказ?
— Разумею, што больш цеснымі павінны быць стасункі і Саюза пісьменнікаў з нашымі галоўнымі ўніверсітэтамі. Мне, дарэчы, імпануе, што рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, публіцыст, празаік.
— І чаго ўсё ж такі не стае ў рабоце з літаратурнай моладдзю, на што варта звярнуць увагу?
— Ёсць усе ўмовы, каб талент праявіў сябе. Пад патраніраваннем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ладзіцца Рэспубліканскі конкурс на лепшы твор у галіне паэзіі і прозы. Выдаецца па яго выніках альманах «Маладзік». Вось цяпер мы падрыхтавалі супольна з рэдакцыяй часопіса «Маладосць» зборнік апавяданняў маладых празаікаў. Сярод аўтараў — і ўдзельнікі Форуму маладых літаратараў. Спадзяюся, што выданне кнігі будзе прыкметнай мастацкай з’явай...
Не хапае, зразумела, зваротнай сувязі, дыялогу, якія магчымы пры актыўнай увазе да зробленага маладымі з боку літаратурна-мастацкай крытыкі. Прывяду такі факт. У 1966 годзе выйшла першая кніга апавяданняў 24-гадовага празаіка Барыса Сачанкі — «Дарога ішла праз лес» (а першае яго апавяданне — «Плынь» — было надрукавана ў «Маладосці» яшчэ раней, у 1956-м). І адразу зборнік прозы маладога літаратара стаў прадметам разгляду цэлага шэрага рэцэнзентаў. Водгукі на першую кнігу напісалі пісьменнікі, літаратуразнаўцы, якія ўжо мелі вагу ў беларускай літаратуры: у часопісе «Беларусь» выступіў з рэцэнзіяй Янка Казека, у маскоўскім усесаюзным часопісе «Дружба народов» — Юлія Канэ, у рэспубліканскай партыйнай газеце «Звязда» — Анатоль Клышка, у часопісе «Полымя» — Тарас Хадкевіч, у «Маладосці» — Алесь Яскевіч... А якія назвы ў рэцэнзій — «У літаратуру прыходзіць пісьменнік», «На сваёй сцежцы», «Назіральны празаік», «Знаёмства з добрымі людзьмі»...
— Якога плёну чакаеце ад Форуму?
— Працягу. Гэта самае важнае. Працягу такой жа сустрэчы з маладымі пісьменнікамі. І яшчэ — і веру, што гэта будзе зроблена — варта выдаць кнігу з творамі ўдзельнікаў Форуму маладых літаратараў 2026 года.
Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ