Top.Mail.Ru

Урач-педыятр пра міфы аб прышчэпках, вітаміны і пра тое, калі дзіцяці трэба выклікаць «хуткую»

У 4-й сталічнай дзіцячай паліклініцы Таццяна Савіч працуе з моманту яе адкрыцця, вось ужо 10 гадоў. У 2025 годзе яна стала пераможцам Мінскага гарадскога этапу конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Урач-педыятр».

Мы пагаварылі з доктарам Савіч шмат аб чым. Што самае цяжкае ў рабоце педыятра? Якія праблемы са здароўем часцей за ўсё сустракаюцца ў сучасных дзяцей? Ці ёсць сярод маладых бацькоў перакананыя праціўнікі прышчэпак? Ці дапушчальныя прагулкі на свежым паветры, калі ў дзіцяці невялікая тэмпература?

— Таццяна Іосіфаўна, вось ужо 10 гадоў вы назіраеце дзяцей з першых дзён жыцця і да паўналецця. Што вас як спецыяліста радуе, а што засмучае ў дзіцячым развіцці, стане здароўя юных пацыентаў?

— Заўсёды радуе, калі бачыш, як малыя робяць першыя крокі, пачынаюць размаўляць, здаравеюць пасля хваробы. Асаблівая радасць для педыятра — паўнавартаснае развіццё дзяцей, якія нарадзіліся неданошанымі. Напрыклад, ёсць на маім участку хлопчык, які з’явіўся на свет 700-грамовым. Сёння яму 15 гадоў, і ён ні ў фізічных, ні ў інтэлектуальных адносінах не саступае сваім аднагодкам, якія нарадзіліся ў належны тэрмін і мелі нармальную вагу. А што да засмучэнняў... На жаль, у многіх дзяцей цяпер назіраецца зніжэнне вастрыні зроку, парушэнне паставы, расце колькасць тых, хто пакутуе ад атлусцення з прычыны няправільнага харчавання і недахопу руху. Зразумела, як педыятра мяне засмучае зніжэнне нараджальнасці. Калі толькі пачынала працаваць, на ўчастку было каля 1200 дзяцей, зараз — каля 800. Кожны нованароджаны ўспрымаецца як сапраўдны дар.


— Якую катэгорыю дзяцей цяжэй за ўсё лячыць?

— Вядома, якія яшчэ не размаўляюць і не могуць растлумачыць, што і дзе ў іх баліць. Педыятр павінен умець «чытаць» сімптомы захворвання па паводзінах, вонкавым выглядзе, дэталях, здагадвацца аб скрытых паталогіях. З гадамі, з досведам прымнажаюцца веды, развіваецца інтуіцыя, якая вельмі дапамагае.

— Ці лёгка вам знаходзіць агульную мову з сучаснымі бацькамі?

— Не заўсёды. Хаця я лічу, што на маім участку самыя лепшыя дзеці і бацькі, але часам даводзіцца пераадольваць недавер, пераконваць, падрабязна тлумачыць прызначанае лячэнне. Імкнуся быць цярплівай, максімальна дапамагаць маладым бацькам, асабліва тым, у каго першынец і няма вопыту догляду малышоў. Для бацькоў сваіх пацыентаў я заўсёды даступная. Часам дастаткова іх проста маральна падтрымаць. Так і самой спакайней, калі трымаю сітуацыю пад кантролем.

— Ці даводзіцца вам мець справу з бацькамі, якія адмаўляюцца прышчэпліваць дзяцей?

— Не часта, але бывае. Аргументы на карысць такой пазіцыі прыводзяцца розныя. Часам нават чую: маўляў, вакцынацыя можа прывесці да аўтызму. Але гэта абсалютна не адпавядае навуковым даным. На шчасце, усё больш бацькоў не толькі строга прытрымліваюцца календара абавязковых прышчэпак, але і робяць дзецям прышчэпкі, якія пакуль уваходзяць у пералік дадатковых, — ад клешчавога энцэфаліту, ротавіруснай, менінгакокавай інфекцый.

— Ці рэкамендуеце вы дапаўняць харчаванне дзяцей і падлеткаў рознымі вітаміннымі комплексамі?

— Пры збалансаваным, паўнавартасным і рэгулярным харчаванні дзіця атрымлівае дастаткова вітамінаў і мікраэлементаў. Калі аналізы выяўляюць у кагосьці, напрыклад, дэфіцыт вітаміну Д (а большасць сучасных дзяцей мала бываюць на сонцы, ды і сонечных дзён у Беларусі недастаткова), я, зразумела, рэкамендую яго папоўніць, купіць у аптэцы.

— Розныя меркаванні сустракаеш наконт таго, ці можна дазволіць дзецям пры невялікай тэмпературы, насмарку, кашлі трохі пагуляць на свежым паветры восенню і зімой...

— Усё залежыць ад агульнага самаадчування. Калі дзіця млявае, у яго баліць галава, знік апетыт, то лепш, вядома, прытрымлівацца пасцельнага рэжыму. Калі тэмпература невялікая, дзіця паводзіць сябе як звычайна, то свежае халаднаватае паветра яму пойдзе толькі на карысць.

— А такі падыход сустракае разуменне ў бацькоў?

— У бацькоў — так, а вось у бабуль, як правіла, не. Сярод людзей старэйшага пакалення значна больш аматараў захутваць дзяцей, змагацца са скразнякамі. Яны лічаць: калі ёсць лёгкі насмарк, кашаль, невялікая тэмпература — значыць, трэба сядзець дома.


— Акрамя медыкаментаў, што вы раіце звычайна дзецям пры ВРВІ?

— Рэгулярна піць цёплае: ваду, морсы, нямоцны чай. Пітво і вільготнае прахалоднае паветра — гэта 80 %
лячэння пры ВРВІ.

— Пры якіх сімптомах трэба абавязкова выклікаць урача?

— Калі ў дзіцяці высокая тэмпература, якая дрэнна збіваецца, калі яно млявае, адмаўляецца піць, калі ў яго шматразовая рвота, часты вадкі стул, на целе з’яўляецца сып...

— Як, на ваш погляд, далучыць дзяцей да актыўнага ладу жыцця?

— Думаю, гэтага прасцей за ўсё дабіцца асабістым прыкладам. Калі бацькі самі робяць зарадку, вядуць здаровы і актыўны лад жыцця, то і дзеці ахвотна далучаюцца да гэтага. Дарослым абавязкова трэба кантраляваць знаходжанне дзіцяці ў інтэрнэце, выкарыстанне гаджэтаў.

— Хворае дзіця — гэта заўсёды турбота, трывога, нервы. Зразумела, што вы павінны быць у добрым настроі, каб падтрымліваць і выклікаць аптымізм у бацькоў і дзяцей. А ці бывае такое, каб вашы пацыенты падымалі вам настрой?

— Гэта здараецца ўвесь час. Дастаткова пачуць дзіцячае «дзякуй» ці падзяку бацькоў. Я жыву недалёка ад паліклінікі. Ідзём неяк з малодшай дачкой у нядзелю ў краму, і са мной на ўсім шляху вітаюцца дарослыя і дзеці. «Мама, ды ў цябе столькі фанатаў!» — дзівіцца мая Марына. Ну як пасля гэтага можна быць у дрэнным настроі? І такіх дзён у мяне шмат. Я ні разу не пашкадавала, што стала педыятрам. Дзеці — гэта сапраўдны цуд.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ, 
фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю