Эпідэмічная сітуацыя ў нашай краіне па захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі адпавядае бягучаму перыяду года. На сёння яна на 20 % ніжэйшая за эпідэмічны ўзровень уздыму захворвання. Пры гэтым у краіне працягваюць цыркуляваць як вірусы грыпу, так і негрыпозныя ўзбуджальнікі ВРВІ, у тым ліку каранавірусы, якія нярэдка становяцца прычынай пнеўманій.
Штогадовы пад’ём
Як адзначыў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў, паводле даных дазорнага эпідэмічнага назірання, на мінулым тыдні (з 17 да 23 лютага) захваральнасць на ВРІ была больш як на 6 % ніжэйшая, чым за такі ж перыяд 2024 года. Цяпер на тэрыторыі Беларусі цыркулююць як вірусы грыпу A(H1N1) і A(H3N2) і грыпу В, так і негрыпозныя вірусы.
— Такая сітуацыя з’яўляецца прагназаванай і назіраецца ў нас кожны год, калі ў перыяд з канца студзеня — пачатку лютага адбываецца штогадовы пад’ём захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі, — адзначыў Кірыл Ігнатаў.
Каляндар вакцынацыі
Нядаўна ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак былі ўнесены змяненні. Новаўвядзенні звязаны з уключэннем вакцынацыі супраць пнеўмакокавай інфекцыі ўсіх дзяцей у 2, 4 і 12 месяцаў, з’явілася дадатковая прышчэпка супраць коклюшу ў 6 гадоў, а таксама прышчэпка супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ), якая лічыцца адным з самых надзейных спосабаў прафілактыкі раку шыйкі маткі. Апошняя прышчэпка будзе рабіцца дзяўчынкам ва ўзросце 11 гадоў.
Як паведаміў Кірыл Ігнатаў, у найбліжэйшы час ва ўстановы аховы здароўя паступіць вакцына супраць пнеўмакока, у наступным месяцы — вакцына для прафілактыкі коклюшу, дыфтэрыі і слупняку для дзяцей 6 гадоў. Вакцына супраць ВПЧ з’явіцца ў маі.
— Усе дзеці, якія сёлета па ўзросце трапляюць пад правядзенне вакцынацыі ў адпаведнасці з абноўленым нацыянальным календаром, будуць прышчэплены прэпаратамі, закупленымі за кошт рэспубліканскага бюджэту, — адзначыў урач.
Пры гэтым, як падкрэсліў Кірыл Ігнатаў, пры жаданні тыя, хто не падпадае пад вакцынацыю, згодна з Нацыянальным календаром, могуць зрабіць прышчэпку за ўласныя сродкі. У прыватнасці, прафілактыка ВПЧ актуальная для жанчын у любым узросце. Вакцына ўключае кампаненты супраць найбольш распаўсюджаных у нашай краіне анкагенных штамаў — 16-га і 18-га.
Зараз у Нацыянальным календары — прышчэпкі супраць 13 інфекцыйных хвароб. Іх пачынаюць рабіць ужо ў дзень нараджэння немаўляці — першая прышчэпка ад гепатыту В робіцца ў першыя суткі. На 3-4-я суткі дзіцяці ставяць прышчэпку ад туберкулёзу. Далей малога прышчапляюць у 2, 3 і 4 месяцы яшчэ ад шасці інфекцый: дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, гемафільнай інфекцыі, гепатыту і поліяміэліту. У год дзіця атрымлівае прышчэпку ад адру, краснухі і эпідэмічнага паратыту. Прышчэпкі робяцца і дарослым на працягу ўсяго жыцця — як правіла, у 26, 36, 46 гадоў. Каб не прапусціць належны тэрмін, важна своечасова праходзіць дыспансерызацыю.
Ці варта яшчэ прышчапляцца ад COVІD-19?
Актуальная дагэтуль і прышчэпка супраць каранавіруса, які працягвае цыркуляваць у тым ліку і на тэрыторыі нашай краіны і нярэдка з’яўляецца крыніцай пнеўманій. Як растлумачыла галоўны ўрач 6-й дзіцячай паліклінікі Мінска Ганна Котава, вірус часта муціруе, аднак вакцына, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі цяпер (яна расійскай вытворчасці), мае часціцы віруса, якія не муціруюць. А значыць, яна стварае імунітэт супраць любога штама COVІD-19.
Пры гэтым важна памятаць, што імунітэт супраць каранавіруса і грыпу няўстойлівы, таму прышчапляцца неабходна штогод. Гэта датычыцца і людзей з хранічнымі захворваннямі. Яны якраз уваходзяць у групу рызыкі і маюць асаблівую патрэбу ва ўмацаванні імунітэту супраць гэтых інфекцый. Праўда, прышчэпка, як вядома, не засцерагае ад заражэння, затое гарантуе больш лёгкі ход хваробы і адсутнасць цяжкіх ускладненняў.