Ярка, маштабна, запамінальна — свята прайшло ў фармаце тэатралізаванага прадстаўлення — гістарычнага падарожжа праз прызму гісторыі і сучаснасці Лідчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Звязды».
«Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі»
На мерапрыемстве прысутнічала намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч. Віцэ-прэм’ер перадала прывітальны адрас удзельнікам і гасцям фестывалю ад кіраўніка дзяржавы.

«Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі, — выказала ўпэўненасць Наталля Пяткевіч. — Лепшыя прыклады беларускай літаратуры належаць не толькі нашаму народу, але і ўсяму свету. Таму наша дзяржава ўсяляк падтрымлівае беларускіх літаратараў і нашы выдавецтвы. Мы заўсёды памятаем пра важнасць гэтага духоўнага скарба — айчыннай літаратуры — і пра нашу адказнасць за яго захаванне. Сувязь пакаленняў з’яўляецца надзейным падмуркам беларускай дзяржаўнасці. Упэўнена, што Дзень беларускага пісьменства будзе і ў далейшым садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны».
«Народнае свята, свята беларускай мовы»
Міністр інфармацыі Марат Маркаў падзяліўся сваім бачаннем знакавай падзеі — Дня беларускага пісьменства: «Гэта сапраўды народнае свята, свята беларускай мовы, у першую чаргу, якое павінна прыходзіць да кожнага чалавека, незалежна ад таго, у якім населеным пункце ён жыве. На мой погляд, чым больш увагі мы будзем надаваць малой радзіме, малым населеным пунктам, тым больш будзем спрыяць іх развіццю, і тым лепш будзе для ўсёй Беларусі».

Кіраўнік Міністэрства інфармацыі адзначыў, што людзі прагнуць свята і актыўнага ўдзелу ў ім. У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў горадзе Касцюковічы. Марат Маркаў падкрэсліў, што геаграфічнае месца правядзення свята не з’яўляецца першарадным: «Галоўнае, што ён (Дзень беларускага пісьменства. — «Зв.») прыйдзе да людзей, — падагульніў ён.
«Лідская зямля грэе і аберагае, словам беларускім вітае»
Гасцей і жыхароў Ліды таксама сардэчна павітаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. Ён адзначыў, што правядзенне ўсенароднага свята ў Лідзе дапаўняе багатую палітру памятных падзей на Гродзеншчыне. Сёлета тут маштабна сустрэлі 80-годдзе Вялікай Перамогі. Адбылося мноства фестываляў. 6 верасня свой дзень нараджэння адзначыў абласны цэнтр — горад Гродна.

«Ліда — старажытны і вечна малады горад, — падкрэсліў Юрый Караеў. — Гэта фактычна музей пад адкрытым небам, прызнаны культурны і асветніцкі цэнтр Гродзеншчыны. Пяць гадоў таму горад атрымаў статус «Культурнай сталіцы Беларусі». Тут жыў і тварыў паэт і публіцыст, удзельнік барацьбы за ўз’яднанне Беларусі Валянцін Таўлай. Тут працягвае сеяць разумнае, добрае, вечнае другі ў гісторыі краіны Народны настаўнік Альфрэд Ладыка. Гасцей Дня беларускага пісьменства Ліда сустракае ярка і самабытна. Тут усё падкрэслівае інтэлектуальны і духоўны патэнцыял беларускага народа, яго адзінства і любоў да роднай зямлі, да роднага слова. Сімвалічна гучыць слоган свята, які быў выбраны народным галасаваннем: «Лідская зямля грэе і аберагае, словам беларускім вітае».
Сапраўды, літаратура і родная мова — аснова нашай культуры і неад’емная частка багатай гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый. У іх — злучная нітка пакаленняў, вытокі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Вобразна і дакладна, паводле слоў Юрыя Караева, выказаўся Прэзідэнт, адзначыўшы, што культура з’яўляецца нашым каштоўным складнікам, які дазваляе не згубіцца сярод мноства нацый і народнасцяў, адчуваць сябе адзінай самабытнай сям’ёй, шанаваць сваю свабоду і незалежнасць. «Сённяшні форум — праява шчырай павагі да айчыннай літаратуры і мастацтва», — рэзюмаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
«Дзень беларускага пісьменства мае глыбокія карані ў гісторыі»
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падчас урачыстай цырымоніі заявіў, што Дзень беларускага пісьменства мае глыбокія карані ў гісторыі. Ён адзначыў духоўныя подзвігі роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія і святой Еўфрасінні Полацкай: «Праз стагоддзі гэтыя святыя неслі і нясуць нам сёння святло слова і ведаў. Нядаўна мы адзначалі 900-годдзе Полацкага Свята-Еўфрасініеўскага манастыра. Ён і сення застаецца месцам вялікага паломніцтва для беларусаў і гасцей краіны. Сімвалічна, што падчас Дня беларускага пісьменства заўсёды праходзіць і навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», дэвізам якой сталі знакамітыя словы Сергія Раданежскага: «Адзінства і любоў выратаюць нас».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі правёў яркія гістарычныя паралелі і выказаў надзею, што гуманітарнае служэнне па-ранейшаму будзе сэнсаўтваральным для прадстаўнікоў беларускай духоўнай культуры.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД