Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову Савета Міністраў, якой дапоўнены пералік айчынных тавараў, для набыцця якіх грамадзянам прадастаўляюцца крэдыты, а таксама павялічана колькасць беларускіх вытворцаў — удзельнікаў крэдытавання.
У пералік крэдытуемых тавараў уключаны ноўтбукі, персанальныя міні-камп'ютары, міні-ПК, маніторы, монаблокі, серверы, сістэмныя блокі, сістэмы захоўвання даных, шпалеры, люстэркі, портландцэмент, тавары лёгкай прамысловасці вядомых беларускіх брэндаў (паліто, паўпаліто, касцюмы, чамаданы, сумкі і партфелі дзелавыя з натуральнай скуры, сервізы), сокавыціскалкі, электрапліткі, самакаты, электрасамакаты, адаптары да мотаблокаў і мотакультыватараў, ворна-ездавыя модулі для мотаблокаў, электрычныя прыборы ацяплення, электрычныя канвектары, радыятары і іншыя тавары.
Пашыраны пералік удзельнікаў крэдытавання - вытворцаў бытавых прыбораў ацяплення, мотавелатавараў, драўляных вокнаў і дзвярэй, камплектаў бялізны пасцельнай, камплектаў драўляных вырабаў для будаўніцтва драўляных дамоў, мэблі, металічных дзвярэй, мікрахвалевых печаў, сродкаў малой механізацыі, адзення з натуральнага футра, санітарна-тэхнічнага абсталявання, тэлевізараў.
Крэдыты ў рамках гэтай праграмы прадастаўляюцца ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" на льготных умовах з выплатай 4% гадавых.
Пры гэтым пастановай зменены ўмовы крэдытавання - устаноўлены дыферэнцыраваныя тэрміны (год, два і тры гады) пагашэння крэдытаў у залежнасці ад катэгорый крэдытуемых тавараў.
Трохгадовы перыяд пагашэння крэдыту захоўваецца для дарагіх тавараў, напрыклад, драўляных домакамплектаў, катлоў ацяпляльных, сродкаў малой механізацыі, матацыклаў, мапедаў.