Top.Mail.Ru

Урадам забаронены аптовы і рознічны гандаль піратэхнічнымі вырабамі

Рашэнне, якое ўступіла ў сілу 4 студзеня, абумоўлена ўзрослай колькасцю няшчасных выпадкаў, якія адбыліся ў выніку парушэння правілаў выкарыстання піратэхнікі. Пастанова ўрада прынята з мэтай абароны жыцця і здароўя грамадзян.


Пагражае інваліднасцю

Практычна кожны дзень, а то і некалькі разоў за суткі ратавальнікі атрымліваюць паведамленні аб пацярпелых ад піратэхнікі. Пачынаючы з 14 снежня 2024 года ад салютаў і петард пацярпела 46 чалавек, у тым ліку 25 дзяцей.

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, сярод траўмаў, якія грамадзяне атрымліваюць у выніку няўдалага запуску піратэхнічных вырабаў, — рваныя раны пальцаў і кісцяў, апёкі твару, верхніх канечнасцяў, грудзі, шматлікія пашкоджанні вачэй, траўматычныя ампутацыі фалангаў пальцаў.Такія пашкоджанні могуць прывесці да інваліднасці.

Сярод пацярпелых нямала непаўналетніх. Прычым дзеці атрымліваюць траўмы як падчас бескантрольнага выкарыстання піратэхнічных вырабаў, так і ў прысутнасці дарослых. У прыватнасці, пазаўчора ў Шчучынскую цэнтральную раённую бальніцу з тэрмічнымі апёкамі паступіў 12-гадовы школьнік. Па словах падлетка, знаходзячыся на вуліцы, ён знайшоў піратэхнічны выраб і вырашыў падарваць яго. Калі хлапчук падпаліў петарду, у яго руках адбылася яркая ўспышка і пляск. Бацькі неадкладна адвезлі сына ў бальніцу. 6 студзеня ў адну з устаноў аховы здароўя Брэста шпіталізавалі падлетка з апёкамі вачэй, рукі і твару. Прычынай такіх наступстваў стаў няўдалы «эксперымент» з піратэхнікай. І падобных прыкладаў нямала.

Церпяць ад піратэхнікі і дарослыя. Днямі жыхарка Магілёва ў сваёй кватэры замест свечкі памылкова запаліла петарду, якая ўзарвалася ў руцэ жанчыны. Пацярпелая атрымала траўмы рук.

Згодна з інструкцыяй

Ратавальнікі нагадваюць: набываць піратэхніку варта толькі ў заводскай упакоўцы, з інструкцыяй на рускай ці беларускай мове. Абавязкова правярайце тэрмін прыдатнасці і сертыфікат адпаведнасці! «Захоўвайце феерверкі толькі ва ўпакоўцы, удалечыні ад крыніц цяпла і так, каб іх не маглі ўзяць дзеці, — акцэнтуе ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Не насіце піратэхнічныя вырабы ў кішэні і пад адзеннем, не кідайце проста так. 

Нельга выкарыстоўваць піратэхніку з відавочнымі дэфектамі (памятую, мокрую або пашкоджаную ў корпусе або кноце), а таксама разбіраць або мадыфікаваць яе. Перад выкарыстаннем абавязкова прачытайце інструкцыю, прытрымлівайцеся яе».

Калі піратэхнічны сродак не спрацаваў, не падыходзьце да яго адразу, пачакайце хвілін 10–15 на бяспечнай адлегласці. Калі праз гэты час нічога не адбылося, то можна падысці да феерверка. Агледзьце яго і пераканайцеся ў адсутнасці частак, якія тлеюць. Калі тлення не відаць, то можна прыступаць да далейшых дзеянняў. У выпадку, калі такія часткі ёсць, неабходна неадкладна адысці ад салюту на бяспечную адлегласць — такі выраб усё яшчэ ўяўляе пагрозу і можа нанесці вашаму здароўю значную шкоду. Ні ў якім разе не нахіляйцеся над феерверкам, які не спрацаваў. Салют, які не спрацаваў, неабходна пакласці ў ваду на некалькі гадзін, пасля выкіньце яго разам з бытавым ці будаўнічым смеццем. З харчовымі адходамі неспрацаваны выраб утылізаваць нельга. 

Не кідайце піратэхнічныя вырабы ў вогнішча. Наступствы могуць быць непрадказальнымі! І, самае галоўнае, перш чым запускаць піратэхнічны выраб, падумайце, ці варта гэта самага дарагога — жыцця і здароўя?

Фота з адкрытых крыніц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю