Top.Mail.Ru

Прэм'­ер-мі­ністр Аляк­сандр Тур­чын на­ве­даў з ра­бо­чым ві­зі­там Та­тар­стан

Кі­рун­каў для раз­віц­ця ха­пае


Урадавая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі за адзін дзень наведала тры гарады: Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск і Елабугу. У рамках візіту прайшлі перагаворы Аляксандра Турчына з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым, а таксама адбылося наведванне вядучых прамысловых прадпрыемстваў. У прыватнасці, кіраўнік беларускага ўрада і лідар Татарстана наведалі ключавое прадпрыемства па выпуску трактароў і спецтэхнікі «МТЗ-Татарстан», дзе з 2010 года сабрана ўжо 24 238 адзінак тэхнікі.

На прадпрыемстве арганізавана вытворчасць трактароў і камунальных машын, аптовы гандаль сельгастэхнікай і запчасткамі, рамонт і сэрвіснае абслугоўванне.

Што датычыцца лакалізацыі вытворчасці, тут вырабляюць нізкапрофільныя кабіны, рукавы высокага ціску, шчыткі прыбораў.

Як расказалі Прэм’ер-міністру падчас візіту, «МТЗ-Татарстан» плануе арганізаваць вытворчасць трактароў «Беларус-1025.4», «Беларус-2022.4», «Беларус-1523.4», «Беларус-1220.4», «Беларус-952.4», якія адпавядаюць экалагічным стандартам не ніжэйшым за ўзровень STAGE-3А, а таксама вытворчасць кабіны, трансмісіі і іншых камплектуючых.

Мэта рэалізацыі інвестыцыйнага праекта — стварэнне новай вытворчасці трактароў для лакалізацыі на рынку Расіі.

Як заявіў журналістам намеснік міністра прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў падчас візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Татарстан, «МТЗ-Татарстан» плануе павялічыць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі тэхнікі.

— Сёння мы развіваем як продажы, так і сэрвіс, гарантыйнае абслугоўванне. Займаемся развіццём сумеснай зборачнай вытворчасці Беларусі і Татарстана. Над гэтай праграмай мы вельмі шчыльна працуем з Мінпрамгандлем Расіі. На сёння ў нас практычна на выхадзе дакументы, якія дазволяць прадукцыі мець статус вырабленай у Расійскай Федэрацыі і павялічыць аб’ём вытворчасці на дадзенай пляцоўцы. На гэтай пляцоўцы можна ў разы павялічваць вытворчасць і рэалізацыю нашай тэхнікі, — выказаў упэўненасць Андрэй Кузняцоў.

Аляксандр Турчын і Рустам Мініханаў наведалі таксама вытворчую пляцоўку КАМАЗ, дзе абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.Ключавыя партнёры з беларускага боку — холдынгі «Аўтакампаненты», «МАЗ», «БМК», «БелОМА», а таксама ААТ «МВАВТ» і Мінскі падшыпнікавы завод. У частцы імпартазамяшчэння прадпрыемствы «Аўтакампанентаў» ужо распрацавалі і запусцілі вытворчасць 17 новых вырабаў для КАМАЗ.

Што датычыцца сумесных распрацовак з МАЗам, то гэта стварэнне двухконтурнага рулявога механізму, сістэмы курсавой устойлівасці, дыскавых тармазных механізмаў і тармазных камер, сістэмы кіравання пнеўмападвескай і сучасныя рашэнні ў счапленні.

Такое партнёрства дазваляе ўмацоўваць тэхналагічную незалежнасць і адкрываць новыя магчымасці для абодвух вытворцаў. Дарэчы, падчас наведвання прадпрыемства Аляксандр Турчын пратэсціраваў КАМАЗ-5491 — грузавік самага апошняга пакалення К5.

На сустрэчы з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым Аляксандр Турчын назваў ключавыя кірункі супрацоўніцтва з гэтай рэспублікай, у ліку якіх машынабудаванне, нафтахімічны комплекс, грамадзянскае авіябудаванне.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў той факт, што даныя па ўзаемным гандлі сведчаць аб добрым узроўні ўзаемадзеяння. Ён адзначыў, што ўбачанае на прадпрыемствах гаворыць аб адносінах, якія дынамічна развіваюцца, але тым не менш бачныя новыя сферы ўзаемнага супрацоўніцтва:

— Асноўныя кірункі — машынабудаванне (вельмі шмат сумесных перспектыў), бачны патэнцыял у нафтахіміі і спадарожных сферах (я вельмі прыемна здзіўлены кампаніяй «Татнафта»), грамадзянскае авіябудаванне. Таму шмат кірункаў (ёсць. — Заўв. аўт.), куды нам рухацца.

Аляксандр Турчын запэўніў, што пры неабходнасці рашэнні, якія трэба будзе прымаць на ўзроўні ўрада, будуць прыняты.

Што датычыцца адукацыйнага трэка, ён адзначыў: бакам трэба больш інтэнсіўна папрацаваць, асабліва ў тых кірунках, дзе ёсць істотныя напрацоўкі.

Культурны складнік таксама развіваецца:

— Абаротаў дакладна нам змяншаць у гэтым кірунку не варта, — выказаў упэўненасць Аляксандр Турчын і падзякаваў кіраўніку Рэспублікі Татарстан за падрабязнае абмеркаванне парадку дня цяперашняга рабочага візіту. — У мяне ёсць упэўненасць, што ў нас яшчэ вельмі шмат кірункаў, якія мы можам развіваць, павялічваючы ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Турчын адзначыў, што лічбы ўзаемнага гандлю сведчаць аб збалансаванасці тавараабароту.

— Сума тавараў, якія мы пастаўляем у Татарстан і якія імпартуем з Татарстана, практычна аднолькавая, значыць мы вельмі нядрэнна дапаўняем адно аднаго, — зрабіў выснову Прэм’ер-міністр.

Трэба дадаць, што ў рамках візіту Беларусь і Татарстан дамовіліся аб новым фармаце двухбаковай работы.

Як падкрэсліў Аляксандр Турчын, цяпер штомесяц рабочыя групы пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ераў будуць сустракацца ў розных фарматах, а адзін раз у тры месяцы вынікі іх дзейнасці будуць аналізаваць на ўзроўні Прэм’ер-міністра Беларусі і Раіса Татарстана.

— Адпаведна, ці то заахвочваючы, ці то лаючы нашых кіраўнікоў, — з доляй гумару рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

У сваю чаргу кіраўнік Татарстана Рустам Мініханаў падкрэсліў, што разлічвае наведаць Беларусь па запрашэнні беларускага Прэм’ер-міністра праз тры месяцы.

— У нас вялікая гісторыя (супрацоўніцтва. — Заўв. аўт.), нашы прамыслоўцы добра адзін аднаго ведаюць. Нам трэба раскрыць новыя інтарэсы для нашых бакоў, — падкрэсліў Рустам Мініханаў. — Мы дзякуючы добрым асабістым кантактам нашых лідараў маем магчымасць вельмі прадукцыйна працаваць. Але гэты давер трэба яшчэ апраўдаць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю