Top.Mail.Ru

Урок не пайшоў на карысць: падлеткі з Нясвіжскага раёна двойчы ўгналі адзін і той жа аўтамабіль

Двух непаўналетніх жыхароў Нясвіжскага раёна будуць судзіць за ўгон.


Прычым машыну яны ўгналі двойчы — і абодва разы адну і тую ж. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Марыя Нікіціна.

Па даных следства, у чэрвені 17-гадовы жыхар Нясвіжа ноччу гуляў па аграгарадку Сычава. На адной з вуліц ён заўважыў прыпаркаваны каля дома Opel Astra. Дзверы аказаліся не зачыненыя, а ключ тырчаў у замку запальвання. Падлетак сеў у салон, завёў рухавік і паехаў. Убачыўшы, што бензіну мала, ён вырашыў заправіцца за свае грошы, па дарозе прыхапіў знаёмых і адправіўся на запраўку.

Там машыну заўважылі супрацоўнікі ДАІ — кіроўца ехаў без блізкага святла. Высветлілася, што за рулём непаўналетні, у якога няма правоў. Спалохаўшыся, юнак заявіў, што ўзяў машыну ў сябра. Але неўзабаве міліцыя ўстанавіла: уладальнік аўтамабіля нічога не дазваляў і нават не ведаў пра паездку. Па гэтым факце ўзбудзілі крымінальную справу, а падлетка аддалі пад нагляд.

Здавалася б, урок засвоены. Але менш чым праз два тыдні гісторыя паўтарылася. Той жа 17-гадовы хлопец разам з 16-гадовым знаёмым зноў прыйшоў да знаёмага дома — там па-ранейшаму стаяў незачынены Opel. Ключ, як і раней, быў у замку запальвання. Думка «пракаціцца» ўзнікла адразу.

Каб не шумець і не прыцягваць увагі, падлеткі ўручную адкацілі машыну на некалькі метраў ад дома, потым завялі рухавік і паехалі катацца па палявых дарогах. Фінал аказаўся прадказальным: пад дажджом аўтамабіль увяз у гразі паміж вёскамі. Выцягнуць яго сваімі сіламі не атрымалася, і падлеткі пайшлі пешшу. Машыну пазней знайшлі супрацоўнікі міліцыі.

Дзеянні 17-гадовага кваліфікаваны па дзвюх частках артыкула 214 Крымінальнага кодэкса — угон, у тым ліку паўторны і групай асоб па папярэдняй змове. Яго 16-гадоваму прыяцелю інкрымінуюць другую частку таго ж артыкула — угон групай асоб па змове. Матэрыялы справы накіраваны ў суд.

У Следчым камітэце нагадваюць: словы «проста пракаціцца» ад адказнасці не ратуюць. Адчыненыя дзверы і пакінуты ключ — не дазвол уладальніка, а ўсяго толькі яго неасцярожнасць. За такія паездкі адказваюць па ўсёй строгасці закону, незалежна ад таго, што машыну потым вярнулі на месца.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю