Загадчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунiкацый БДУ, дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства Алена Атраховiч сваёй галоўнай справай лiчыць выкладанне. Але яна пiша не толькi навучальныя дапаможнiкi для студэнтаў. Алена Iгараўна — аўтар твораў пра членаў сваёй сям’i: знакамiтага дзеда, народнага пiсьменнiка БССР Кандрата Крапiву i дзядзьку Барыса, якi загiнуў на вайне.
Побач з класiкам
— Калi ў дзяцiнстве ў мяне пыталiся пра сям’ю, заўсёды з гонарам адказвала: «Мой дзед — пiсьменнiк!» — успамiнае Алена Iгараўна. — Назаўжды запомнiўся стол дзеда, на якiм стаяў чарнiльны прыбор, ляжала мармуровае прэс-пап’е — ён здаваўся мне вялiзным, незвычайным. У Кандрата Крапiвы быў свой кабiнет, выдатная бiблiятэка, якую ён збiраў на працягу жыцця i надзвычай шанаваў. Да кнiг ставiўся вельмi беражлiва i трапятлiва. Нядбайнасць, закладзеныя старонкi выклiкалi ў яго абурэнне. Калi дзядуля працаваў, нiхто не шумеў, не перашкаджаў яму. Дома ўвогуле было не прынята гучна размаўляць, павышаць голас, крычаць з пакоя ў пакой.
— Якiм Кандрат Крапiва запомнiўся вам у штодзённым жыццi?
— Цiкавым, глыбокiм, шматгранным. У коле сям’i, калi ўсе збiралiся за агульным сталом, дзед расслабляўся, жартаваў. У паўсядзённым жыццi яго адрознiвалi строгасць i дысцыплiнаванасць. Часта паўтараў мне: «Не адхiляйся ад галоўнага», — вучыў выдзяляць прыярытэты i засяроджвацца на iх. Дзед прытрымлiваўся рэжыму, вельмi шанаваў час, стараўся кожнай гадзiнай распарадзiцца прадуктыўна. Ранiцай iшоў у Акадэмiю навук. Вярнуўшыся дадому, крыху адпачываў i садзiўся за стол: пiсаў навуковыя артыкулы, п’есы, байкi, часам да глыбокай ночы. Казаў: калi горад зацiхае, сям’я спiць, яму вельмi плённа працуецца. Дзед лiчыў: «Натхнення чакаць не трэба, яно можа i не прыйсцi». Па маiх назiраннях, ён увесь час знаходзiўся ў засяроджаным разважаннi, спачатку абдумваючы свае творы, а потым ужо браўся за ручку.
— З кiм з пiсьменнiкаў Кандрат Крапiва асаблiва сябраваў?
— Вялiкiм i шчырым яго сябрам быў Мiхась Лынькоў. Пазнаёмiлiся яны яшчэ да вайны, але зблiзiлiся крыху пазней. Жонку Лынькова Ханну i яго сына Марыка ў вераснi 1941-га расстралялi немцы, гэта стала страшным ударам для яго. Пасля вайны Мiхась Цiханавiч не адразу знайшоў сабе спадарожнiцу жыцця. У нядзелю звычайна прыходзiў у госцi да дзеда, i мая клапатлiвая, гаспадарлiвая бабуля Алена частавала яго мачанкай з блiнамi. Мужчыны елi, размаўлялi пра жыццё i лiтаратуру. Сябраваў дзед i з Пятром Глебкам. Iх дачы ў Ждановiчах размяшчалiся па суседстве. Летам яны ўвесь час заходзiлi адзiн да аднаго ў госцi, абменьвалiся парадамi, як павысiць ураджайнасць на градках, гулялi ў шахматы, гутарылi.
Выпрабаванне вайной
— Што распавядаў Кандрат Крапiва аб войнах, у якiх яму прыйшлося браць удзел?
— Як многiя ўдзельнiкi войнаў, ён не любiў гаварыць на гэтыя тэмы. Лiчыў: вайна — найцяжэйшае, на гранi чалавечых магчымасцяў, выпрабаванне. Дзед са зброяй у руках прайшоў Першую сусветную вайну, фiнскую, удзельнiчаў у вызваленнi Заходняй Беларусi. У час Вялiкай Айчыннай быў ваенным карэспандэнтам i па спецыяльным пасведчаннi меў права наведваць усе франты. Распавядаў, што здаралiся небяспечныя сiтуацыi, даводзiлася прарывацца з акружэння. Запомнiлiся яго словы аб тым, што падчас баявых дзеянняў дзiўным чынам знiкае страх. Згадваў некалькi момантаў, калi мог загiнуць, але нейкiм цудам заставаўся жывым, i пасля гэтага з’яўлялася адчуванне, быццам ён — загавораны. Думаю, дзед не скiдваў з рахунку момант шанцавання, лёсу. Ён часта жадаў людзям «шчаслiвай долi».
— Што падахвоцiла вас напiсаць радыёп’есу «Пiсьмы, вернутыя з небыцця»?
— Калi працавала над успамiнамi для кнiгi «Кандрат Крапiва. Шлях да неўмiручасцi», вывучала ў НАН Беларусi архiвы, пазнаёмiлася з франтавымi лiстамi, дасланымi дзядулi яго сынам Барысам. На момант пачатку вайны Барыс Атраховiч служыў па прызыве ў войску, на савецка-польскай мяжы. Ён адразу апынуўся ў ваенным пекле. Пазней удзельнiчаў у кровапралiтных баях за Кiеў, Харкаў. Загiнуў у 1942-м у Сталiнградскай бiтве падчас аперацыi «Малы Сатурн». У пачатку Вялiкай Айчыннай дзед нiчога не ведаў пра лёс старэйшага сына. А калi яны знайшлi адзiн аднаго, завязалася перапiска. Дзед беражлiва захоўваў 44 лiсты Барыса. У канцы жыцця, калi перабiраў архiў, Крапiва вырашыў аддаць iх у Акадэмiю навук на захаванне. Простыя i вельмi кранальныя, яны мяне вельмi ўразiлi. На радыё ў рэдакцыi лiтаратурна-мастацкiх праграм мне параiлi напiсаць сцэнарый для радыёпастаноўкi. Цэлы год вывучала хронiку i спецыяльную лiтаратуру аб Вялiкай Айчыннай вайне. Па лiстах аднавiла баявы шлях Барыса Атраховiча i апошнiя днi яго жыцця. Так атрымалася п’еса «Пiсьмы, вернутыя з небыцця». Лёс майго дзядзькi Барыса адлюстроўвае лёс яго пакалення. З кожных 10 мужчын 1922 года нараджэння з вайны вярнуўся толькi адзiн. Перарваныя бiяграфii, нерэалiзаваныя планы, мары i жаданнi. Гэта трагедыя, пра якую нельга забывацца.
Жыць у добрай згодзе
— Кандрат Крапiва пражыў са сваёй жонкай Аленай Канстанцiнаўнай 45 гадоў, вашы бацькi Зоя Мiкалаеўна i Iгар Кандрацьевiч — 40 гадоў, столькi ж вы з мужам Анатолем. Можа, ёсць нейкi сакрэт такiх доўгiх трывалых сямейных саюзаў?
— Своеасаблiвы «рэкорд» належыць маiм бабулi i дзядулi па мамiнай лiнii — iх шлюб доўжыўся 68 гадоў! Жыць доўга i дружна, «у добрай згодзе», як казаў дзед, — гэта, безумоўна, не толькi пытанне шанцавання. Бацька Кандрата Крапiвы быў супраць таго, каб сын ажанiўся з Аленай Канстанцiнаўнай Махнач — з сям’i пагарэльцаў, беспасажнiцай. Але дзед настаяў на сваiм. Яго адрознiвала моцнае пачуццё сям’i. Ён лiчыў, што мужчына павiнен даваць жонцы, дзецям, унукам пачуццё абароненасцi. Усе яго паводзiны ўплывалi на атмасферу дома. Не прыгадаю, каб хоць раз дзед ужыў лаянку, а прайшоў жа праз столькi войнаў, i, зразумела, яму даводзiлася ў экстрэмальных умовах чуць не толькi лiтаратурную гаворку. Усе шлюбы ў нашай сям’i мацавала духоўная роднасць. Спадарожнiца Крапiвы, мая бабуля Алена, адрознiвалася дамавiтасцю, гаспадарлiвасцю, але займалася не толькi бытам. Яна дапамагала мужу перадрукоўваць яго рукапiсы. Мае маці i бацька пазнаёмiлiся яшчэ школьнiкамi — пасля вайны абодва жылi на Маладзечанскай вулiцы: разам раслi, сябравалi, а потым ажанiлiся. Я сустрэла будучага мужа, Анатоля Александровiча, у 17 гадоў, падчас уступных iспытаў у Беларускi дзяржаўны тэатральна-мастацкi iнстытут. Гэта было каханне з першага погляду. Рана ўступiўшы ў шлюб, мы фармiравалiся як асобы ва ўнiсон. Гэта вельмi зблiжала, мы адчувалi сябе роднымi па духу людзьмi.
Фота з сямейнага архiва Алены Атраховiч